І салодкі прадукт, і спажыўны корм

Цукровыя буракі — важнейшая тэхнічная культура, якая дазваляе на прамысловай аснове выпускаць важнейшы айчынны харчовы прадукт — цукар. Ідуць яны і на корм жывёле: у 100 кг сакавітых каранёў утрымліваецца 25 кармавых адзінак і 1,2 кг пераварваемага пратэіну. Акрамя таго, на корм выкарыстоўваюцца жамерыны і патака, якія атрымліваюцца пры перапрацоўцы цукровых буракоў.
У структуры пасяўных плошчаў ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” цукровыя буракі не першы год займаюць 400 гектараў.
Днямі карэспандэнты “раёнкі” пабывалі на полі паблізу в.Курганы, дзе сёлета размешчаны асноўны масіў цукровых буракоў РАПТЗ, каб пацікавіцца ходам уборкі. Аб тым, што справы ладзяцца, можна было ўжо здалёк меркаваць па тым, як упэўнена, нібы вялізны карабель, “плыў” па зялёным полі-акіяне магутны цукраўборачны камбайн “Холмер”. Працуе на ім трактарыст-машыніст Пётр Дрозд. Гэта не першы ягоны ўборачны сезон, і свой камбайн, усе тонкасці механізаванай уборкі буракоў Пётр Пятровіч вывучыў дасканала. Комплекс прыстасаванняў “Холмера”, як расказаў нам механізатар, дазваляе адначасова папярэдне зразаць батоўе, замяраць вышыню бурака і даразаць яго зялёную верхавінку, падкопваць радок, падхопліваць караняплоды і праз сістэму вальцоў і транспарцёраў, абтрасаючы па ходу руху глебу, загружаць у бункер. А ён дастаткова ёмісты — умяшчае 16 тон. Выгрузка на аўтатранспарт таксама механізаваная.
Як адзначыў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Сімукоў, на сёлетніх работах па ўборцы цукровых буракоў задзейнічаны адзін камбайн, на якім у адну змену працуе адзін механізатар: між тым, па стане на 19 кастрычніка было ўбрана больш паловы пасеянага — 222 гектары. З кожнага гектара ў сярэднім атрымліваюць па 316 цэнтнераў буракоў. Выкапаныя салодкія карані аўтатранспартам (усяго задзейнічана 9 МАЗаў) дастаўляюцца на Асіповіцкі прыёмны пункт, адкуль яны чыгункай следуюць на Слуцкі цукроварафінадны камбінат.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.