І зноў — у першы клас!

Настаўнік пачатковых класаў — катэгорыя сярод работнікаў адукацыі асаблівая. Менавіта з асобы першага настаўніка складаецца і першае ўражанне маленькіх вучняў аб школе, іх любоў да вучобы, прага да ведаў, фарміруецца іх асабістае “я”. Вучням Святланы Міхайлаўны Сафронавай, настаўніцы пачатковых класаў гімназіі г.Кіраўска, у гэтым плане па-шчасціла: яна менавіта такі педагог, той самы першы настаўнік, добры ўспамін аб якім застаецца ў сэрцы на ўсё жыццё, на якога раўняешся ва ўчынках, падобным на якога марыш быць. Нездарма і жыццёвае крэда ў настаўніцы такое: “Памылкі не бойцеся — яна папраўная, толькі абыякавасць недапушчальная!”.
Сёлета ў настаўніцы гімназіі г.Кіраўска С.М.Сафронавай зноў першакласнікі. А гэта значыць, што ў чарговы раз яна адправіцца са сваімі маленькімі вучнямі ў першае для іх чароўнае падарожжа па Краіне ведаў. І яно будзе непаўторным, прызначаным толькі для іх. Аб гэтым паклапоціцца іх настаўніца для якой, як прызнаецца сама, любімая педтэхналогія —“Творчыя майстэрні” .
Агульны педагагічны стаж настаўніцы — 21 год. Сваю працоўную дзейнасць пасля заканчэння Магілёўскага педінстытута імя А.А.Куляшова пачынала ў адной са школ абласнога цэнтра, а з 1994 года Святлана Міхайлаўна выкладае ў цяперашняй гімназіі г.Кіраўска. Сёння яна ўжо вучыць дзяцей сваіх першых вучняў і беражліва захоўвае ў сэрцы ўдзячнаць сваёй першай настаўніцы — Г.І.Літвінка, якую лічыць “хроснай маці” ў прафесіі: менавіта з любові да гэтай настаўніцы з’явілася жаданне самой стаць педагогам.
Святлана Міхайлаўна актыўна ўкараняе ў практыку эфектыўныя метады і прыёмы навучання і развіцця вучняў з мэтай актывізацыі іх творчага патэнцыялу, развіцця крэатыўнага мыслення. З мінулага навучальнага года займаецца навукова-даследчай дзейнасцю. Яе вучаніца Ксенія Русецкая з работай “Велічыні ў казках” заняла 1-е месца ў раённым конкурсе навукова-даследчых работ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.