Калектыў райбальніцы вітаў гасцей

“Ахова здароўя XXI стагоддзя належыць медыцыне папераджальнай” — гэтыя радкі знакамітага ўрача М.І.Пірагова сталі дэвізам калектыву райбальніцы. Медработнікі ўпэўнены, што на першым месцы павінна быць прафілактыка хваробы. Шмат намаганняў прыкладаецца да таго, каб растлумачыць і ўпэўніць грамадзян у неабходнасці часцей наведваць медустановы, аднак не дзеля таго, каб урач саставіў схему лячэння, а ўпэўніў: дзякуючы таму, што вы клапоціцеся аб сваім здароўі, рэгулярна праходзіце неабходныя медыцынскія агляды і абследаванні, для хваробы ваш арганізм — забароненая тэма.
У рабоце з насельніцтвам калектыў райбальніцы вырашыў паспрабаваць новую форму — правесці ў медустанове дзень адкрытых дзвярэй.
Галоўны ўрач Алена Круцько і яе намеснік па амбулаторна-паліклінічным абслугоўванні насельніцтва Ігар Палякоў правялі своеасаблівую экскрусію, расказалі аб гісторыі і сучасным дні медустановы.
Сваіх першых пацыентаў бальніца прыняла ў 1933-м. Яе тагачасныя памеры і аснашчэнне, вядома ж, у многім уступалі сучасным. Зараз медыцынскую дапамогу кіраўчанам аказвае цэнтральная бальніца на 139 ложкаў у саставе хірургічнага, тэрапеўтычнага, гінекалагічнага, педыятрычнага і рэанімацыйнага аддзяленняў. Яны аснашчаны сучаснай апаратурай, якая дазваляе праводзіць высокадакладную дыягностыку.
Павышаная ўвага надаецца правядзенню дыферэнцаванай дыспансерызацыі і прафілактычных аглядаў, прафілактыцы сардэчна-сасудзістых, анкалагічных захворванняў, рабоце па фарміраванні здаровага ладу жыцця.
На варце аховы здароўя насельніцтва Кіраўшчыны стаяць 436 чалавек, у тым ліку 46 урачоў, 202 сярэдніх медыцынскіх работнікі, 188 чалавек малодшага і абслугоўваючага персаналу.
— Дзякуючы згуртаванай мэтанакіраванай дзейнасці нашага калектыву, выконваюцца паказчыкі тэрытарыяльнай Праграмы дзяржаўных гарантый і сацыяльных рэзультатаў па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна, — адзначыў падчас экскурсіі Ігар Палякоў. — Гэта знаходзіць сваё адлюстраванне ў штогадовых спаборніцтвах сярод арганізацый аховы здароўя вобласці: па дасягнутых рэзультатах наша медустанова на працягу шэрагу гадоў уваходзіць у тройку абласных лідараў. У раённым спаборніцтве па добраўпарадкаванні тэрыторый — непераўзыдзены лідар.
Вылучаюцца кіраўскія медыкі і сваімі творчымі здольнасцямі. Напрыканцы экскурсіі гасцям медустановы была прадстаўлена выстава творчых работ: вышываныя карціны, аўтарамі якіх з’яўляюцца медсястра Наталля Зотава, санітарка Зоя Бокая, участковая медсястра педыятрычнага аддзялення Алеся Нікіфарава, намеснік галоўнага бухгалтара Валянціна Тарашкевіч; вырабы з бісеру ў выкананні санітарак Алены Дзмітрыевай, Святланы Свірко і Зоі Бокай; вязаную вопратку і аксэсуары, выкананыя рукамі медсястры Таццяны Чэкулаевай. Кулінарнае майстэрства ў выглядзе арыгінальна аформленых салодкасцей прадэманстравалі медсястра Зоя Лабковіч, лабаранты Вольга Іваніцкая і Алена Шчэрбіч, санітарка Святлана Ганчарова і Тамара Акуленка.
Завяршыўся дзень адкрытых дзвярэй шыкоўнай канцэртнай праграмай, паказанай медработнікамі на сцэне раённага Дома культуры. Прысвячалася яна жанчынам-маці. Адкрылася святочная сустрэча прыгожым вальсам, а пасля нязменныя вядучыя Ігар Палякоў, Алена Шалянгоўская і Алег Дворкін прадаставілі слова для віншавання і вітання гасцей сустрэчы Алене Круцько:
— Кожная маці імкнецца сагрэць душой і сэрцам свайго дзіцяці. Для мяне рукі матулі асацыіруюцца з цёплым духмяным хлебам. Думаю, нездарма Дзень маці супаў са святам Пакрова і перыядам завяршэння палявых работ па збору ўраджаю. Бо не была б, відаць, маці шчаслівая, калі б не магла сытна і смачна накарміць сваіх дзетак.
Яскравым момантам канцэртнай праграмы стала ўшанаванне маладых спецыялістаў. Пад гучныя апладысменты залы на сцэну выйшлі маладыя ўрач-тэрапеўт Дзмітрый Варацілкін, урач-хірург Антон Алястратаў, педыятр Ірына Жвіціашвілі, сям’я стаматолагаў Дзмітрыя і Надзеі Карзо, медсястра Любоніцкай амбулаторыі Вера Рэўтава, праграміст Дзмітрый Сычэўскі і юрысконсульт Дзяніс Каранкевіч. Кіраўніцтва райбальніца пажадала маладым спецыялістам шчаслівага шляху ў абранай прафесіі, з годнасцю несці сваё званне і шчыра служыць на карысць людзей.
Канцэртная праграма была прасякнута цеплынёй і пяшчотай. На “ўра” гледачы ўспрымалі гумарыстычныя нумары ў выкананні Алены Шалянгоўскай, Алены Дзмітрыевай і Ігара Палякова. Гучна апладзіравалі знакамітаму танцавальнаму дуэту Сяргея Шпакоўскага і Святланы Нявінскай. Музычныя падарункі паднеслі Таццяна Максіменка, Ірына Каранкевіч і Алеся Дзмітрыева; харэаграфічныя — Галіна Аўдзеенка, Надзея Іваніцкая, Кацярына Багданава, Ганна Ляонава, Наталля Бойка, Вікторыя Літвінка, Яніна Канцавая.
Заключным аптымістычным акордам стала фінальная песня, якую маці выконвалі разам са сваімі дзецьмі, моцна трымаючы адзін аднаго за руку.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.