Лепшыя словы ўдзячнасці і любові — Маці!

Яркім акордам Тыдня маці, які праходзіў у раёне напярэдадні самага светлага і цудоўнага свята — Дня маці, стаў святочны канцэрт-віншаванне “Любімым, дарагім!”. Ён адбыўся нядзельным вечарам у раённым Доме культуры і сабраў як вялікую колькасць гледачоў, так і самадзейных артыстаў: выканаўцаў, творчых калектываў, выхаванцаў дзіцячых садкоў і вучняў школ, якія прысвяцілі самыя лепшыя і шчырыя словы, музычныя і харэаграфічныя падарункі самым дарагім для ўсіх на свеце людзям — Маці. І ўручылі віноўніцам урачыстасці кветкі, ад якіх у святочна ўпрыгожанай зале стала яшчэ больш ярка і маляўніча.
З Днем маці прысутных жанчын сардэчна павіншаваў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў. У сваёй прамове ён зрабіў акцэнт на тым, што расціць будучае пакаленне, якому далей будаваць і ўмацоўваць нашу дзяржаву — Рэспубліку Беларусь — самы важны ўклад кожнай жанчыны ў развіццё краіны. Нездарма гавораць: “Рука, калыхаючая калыску, упраўляе светам”, заўважыў кіраўнік раёна. І далей падкрэсліў, што стваральная роля маці, пазітыўныя жыццёвыя арыенціры дзяцей — гэта тыя асновы, без якіх немагчыма ўмацаванне прэстыжу сям’і, духоўнае адраджэнне грамадства, фарміраванне грамадзянскіх інстытутаў, паўнацэннае развіццё дзяржавы.
Старшыня райвыканкама нагадаў аб тым, якія меры прымаюцца ў Рэспубліцы Беларусь па рэфармаванні заканадаўства ў інтарэсах жанчыны-маці. Так, у працоўным заканадаўстве прадугледжаны гарантыі для жанчын, маючых дзяцей, звязаныя з іх працаўладкаваннем і звальненнем, паляпшэннем умоў працы. Прыняты спецыяльныя заканадаўчыя меры ў сферы занятасці, накіраваныя на стварэнне ўмоў, дазваляючых спалучаць прафесійную дзейнасць з выкананнем сямейных абавязкаў. Аказваецца дзяржаўная падтрымка ў будаўніцтве жылля пры нараджэнні двух і больш дзяцей.
Пытанні аховы мацярынства і дзяцінства, усебаковай падтрымкі маладых і мнагадзетных сем’яў з’яўляюцца прыярытэтнымі ў дзейнасці выканаўчай улады Кіраўшчыны.
Шмат чаго робіцца, каб жанчыны маглі ўвасобіць сваё прызначэнне — выгадаваць і выхаваць здаровых і шчаслівых дзяцей.
Выкананне добрасумленнага матчынага абавязку не застаецца без клопату і ўвагі: высокай узнагароды — ордэна Маці ў раёне ўдастоены 28 маці, нарадзіўшыя і выхаваўшыя пецярых і больш дзяцей. Мнагадзетным маці надаецца асаблівая ўвага, ім прадастаўляюцца дадатковыя сацыяльныя льготы. У раёне пражывае 162 мнагадзетныя сям’і, у якіх выхоўваецца 516 дзяцей.
Уладзімір Піскіжаў выказаў у адрас жанчын-маці шчырыя пажаданні. Для іх на сцэну былі вынесены кветкі ад старшыні райвыканкама.
А віноўніцы ўрачыстасці ні на імгненне не заставаліся без увагі. Вядучыя Сяргей Лаўрыненка і На-дзея Лыч запрашалі на сцэну мнагадзетных маці, і яны адказвалі на пытанні аб сакрэтах сямейнага выхавання, ім дарылі сувеніры і кветкі, а зала ўшаноўвала іх шчодрымі апладысментамі.
Першымі на сцэне сустракалі Марыю Кушавараву, маці 12-ці дзяцей, Наталлю Хвясько і Вольгу Петрусёву, у якіх па пяцёра дзяцей.
Цеплыя словы гучалі ў адрас усіх прысутных жанчын, узнагароджаных ордэнам Маці.
Сумную нотку ў святочны настрой унёс момант святочнай праграмы, калі ўвага была нададзена маці загінуўшых воінаў. Страціць сына — гэта самае страшнае і трагічнае гора для матулі, напэўна, таму маці ўсяго свету ненавідзяць войны. Пачуццям многіх з іх былі сугучны вершаваныя радкі “Я сына родила не для войны…” і песня “Малітва” ў выкананні Ірыны Каранкевіч.
Шмат гора і пакут выпала на долю жанчын, якія перанеслі ваеннае ліхалецце, змагаліся з ворагам: В.І.Дамарацкай, Г.В.Каранкевіч, а таксама былых блакадніц Ленінграда Н.І.Зеленкавец, Г.М.Бураковай: і тут дарэчы было нагадаць выраз: “У вайны не жаночы твар…”.
“Дзеткі — наша радасць і шчасце!” — так можна абагульніць словы запрошаных на сцэну маладых мнагадзетных мам: Настассі Янчанка, Анжэлы Івановай, Ніны Кірылавай, Ірыны Крутавай.
Цёплыя, пяшчотныя словы і пажаданні прагучалі са сцэны і ў адрас усіх бабуль.
Святочную эстафету працягвалі прадстаўніцы розных прафесій, адначасова добрая мамы і бабулі, ад імя якіх спецыяліст раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Валянціна Русецкая адказала на пытанне вядучых, як удаецца сумяшчаць работу, выхаванне дзяцей і хатнія клопаты: маўляў, калі ўсё рабіць з добрым настроем, і на працы будуць справы ладзіцца, і ў доме будзе ўтульна.
Самым масавым было шэсце на сцэну маці адораных дзяцей і іх сыноў і дочак, пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў, спаборніцтваў. Безумоўна, у тым, што рабяты дасягнулі такіх адметных поспехаў, немалаважная заслуга іх мам.
Дар’я Рыжова, якая захапляецца спортам, выказала вельмі пранікнёныя словы аб маме, а ад імя маці гэтак жа душэўна гаварыла Таццяна Бяляўская.
Віншаванні гучалі і ў адрас маладых жанчын, якія чакаюць з’яўлення на свет цуда з цудаў — свайго дзіцяці.
У гэты восеньскі вечар цёплая шчырая атмасфера панавала ў зале РДК. А ўдзельнікі канцэртнай праграмы проста былі на вышыні. Песні і харэаграфічныя кампазіцыі ад Мышкавіцкай, Кіраўскай, Жыліцкай школ мастацтваў, выхавальнікаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў, школ, работнікаў культуры, вядомых у раёне выканаўцаў — усіх артыстаў, якія выступілі з душой і шчырасцю, акрыленыя Днём маці, пералічыць немагчыма: думаецца, галоўнай узнагародай для іх была шчырая ўдзячнасць і гарачыя незмаўкаючыя апладысменты залы.
Трэба адзначыць, што з гэткай жа шчырасцю сувеніры для віноўніц урачыстасці падрыхтавалі раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і «Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа».
А завяршыўся канцэрт песняй “Мы жадаем шчасця вам!..”
Святочная атмасфера панавала і ў фае РДК. Перад пачаткам канцэртнай праграмы іграў духавы аркестр “Фанфары Кіраўска”, усе, хто прыйшоў на канцэрт, з задавальненнем знаёміліся з выставай дзіцячых работ і фотавыставай.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.