На ўсіх дзяцей — адна вялікая любоў

Аб чым бы ні пачынала гаварыць жыхарка Любоніч Жанна Мікалаеўна Міхалап, адказваючы на нашы пытанні, зноў і зноў пераключалася на сваіх дзетак: аб іх былі самыя шчырыя і цёплыя словы, у іх адрас гучалі самыя добразычлівыя пажаданні.
А дзяцей у Жанны Мікалаеўны пяцёра, і яна ўзнагароджана ордэнам Маці. Усе яны ўжо дарослыя, але душа маці за кожнага непакоіцца, як і ў іх дзяцінстве. Аляксандра, Ганна, Таццяна, Яўген і Сяргей — вось яе крывіначкі, падтрымка, надзея і апора. Асабліва ў апошнія гады, калі не стала на гэтым свеце мужа.
Давялося маці-гераіне на сваім крыху больш чым паўвекавым жыццёвым шляху зведаць і пакуты, і боль страт, але ўсё гэта пераносілася лягчэй дзякуючы ні з чым не параўнальнаму шчасцю мацярынства.
Сама яна мясцовая, любоніцкая, тут нарадзілася і расла ў вялікай сям’і, дзе было васьмёра дзяцей: старэйшы і малодшы — хлопчыкі і шасцёра дзяўчынак. Іх маці ў гады вайны зведала фашысцкую няволю, была вязнем канцлагера, што адмоўна паўплывала на яе здароўе. Але ў жыцці заўсёды сагравалі яе душу і падтрымлівалі ў цяжкія хвіліны дзеці. Бацькі з маленства прывучалі іх быць працавітымі, шчырамі да людзей, ладзіць паміж сабой.
Жанна пасля школы паступіла ў Бабруйскае вучылішча будаўнікоў. Калі потым стала працаваць, вывучылася на вадзіцеля. Але цяжка захварэў бацька, матулі патрэбна была дапамога па догляду за ім, і дзяўчына, не задумваючыся, звольнілася з работы і прыехала ў Любонічы. І пайшла працаваць у мясцовы калгас …вадзіцелем. Тут сустрэла сваю другую палавінку, выйшла замуж. Маладой сям’і прапаноўвалі кватэру, але ім хацелася мець свой дом, бо Жанна, як і маці, любіла завіхацца па хатняй гаспадарцы, прывыкла, каб на падвор’і была жыўнасць. Ды і падмога гэта добрая ў сялянскім жыцці, асабліва пры вялікай колькасці ртоў! І сёння ў гаспадарцы Жанны Мікалаеўны карова, конь, свінні. Зразумела, дзеці, якія побач, дапамагаюць упраўляцца.
Больш васемнаццаці гадоў працуе жанчына паштальёнам у мясцовым аддзяленні паштовай сувязі і ніколі не чула ніякіх нараканняў ад аднавяскоўцаў — толькі добрыя словы. А ўзначальвае зараз гэтае аддзяленне сувязі яе дачка Ганна і завочна вучыцца ў Белдзяржуніверсітэце.
У Любонічах жыве і 23-гадовы сын Яўген, ён — электразваршчык у райаграпрамтэхзабеспячэнні.
Яшчэ адна дачка Таццяна ў свой час закончыла Бабруйскі сельскагаспадарчы тэхнікум, зараз працуе бармэнам-касірам ў кафэ “Кіраўчанка”.
А старэйшая дачка Аляксандра — шэф-повар прыватнага рэстарана ў Мінску, і пражывае ў беларускай сталіцы разам з мужам.
Самы малодшы з дзяцей — Сяргей, яму нядаўна споўнілася 20. Юбілей спраўлялі разам з днём нараджэння матулі, у яе ён 31 жніўня, у яго — 1 верасня. Працуе Сярожа мулярам на камбінаце панэльнага домабудавання ў Бабруйску.
Вельмі грэе сэрца маці тое, што яе дзеці ўсюды характарызуюцца з самага лепшага боку. Працавітыя, ветлівыя, добразычлівыя.
“Прыемна, што аднавяскоўцы добра адгукаюцца аб маіх дзецях, — адзначыла Жанна Мікалаеўна, — пытаюцца, як іх справы, хваляць. Маўляў, вось твой сын сёння сумку мне дапамог паднесці… Па суседству ў нас адны жанчыны сталыя жывуць, мужчын зусім няма. Звяртаюцца за дапамогай то агарод узараць, то дровы пасекчы. І хлопцы мае ніколі не адмаўляюць, спяшаюцца дагадзіць ім.”
Мець столькі дзяцей жанчына, як прызналася, не планавала, так атрымалася, і добра, вельмі гэтаму рада. “Праз два гады на трэці нараджала, — працягвае нашу гаворку маці-гераіня. — Канешне, нялёгка было, асабліва раней: муж — на працы, уся сям’я, гаспадарка — на мне, дом купілі — трэба было абжывацца. У калгас на працу хадзіла нават падчас дэкрэтнага адпачынку: старшыня бяжыць, просіць — выйдзі, папрацуй. Балазе, побач адзінокая суседка жыла, добрая жанчына, часта дапамагала з дзецьмі. А потым я яе даглядала. Адным словам, спраўляліся, нягледзячы на цяжкасці.
Кожнага з дзяцей я пасвойму люблю, паважаю, шкадую, а на ўсіх маіх хлопцаў і дзяўчат у мяне адна вялікая любоў. Не заўсёды хапае часу яе праявіць у поўнай меры, адкрыцца. Але яна заўжды ў сэрцы: я ж — маці, а яны — мае дзеці. Адрэж на руцэ палец, другі — як жыць? Так і тут.
Маці шчаслівая, калі ў яе добрыя дзеці, значыць, я шчаслівая. Хай бы і ім болей шчасця ў жыцці было, а асабліва здароўя. Хочацца, каб у маіх дзетак усё атрымлівалася, каб дабіваліся таго, чаго хацелі. Каб і далей паважалі людзей, і тыя гэтак жа да іх ставіліся”.
Тут жа, у Любонічах, жыве маці Жанны Мікалаеўны, а бацька пакінуў гэты свет. Любіць вялікая, дружная сям’я збірацца ў яе хаце за святочным сталом, у тым ліку і ў асабліва дарагую для ўсіх іх дату — Дзень маці. Тут жа заўжды і ўнучкі Жанны Мікалаеўны з вельмі прыгожымі імёнамі — Сафія і Віялета.
Сёння Ж.М.Міхалап прымае ўдзел ва ўрачыстым прыёме, прысвечаным Дню маці, які, па традыцыі, наладжваецца ў Магілёве кіраўніцтвам вобласці. Напярэдадні паездкі хвалявалася жанчына, як і тады, калі ёй у 1997 годзе ўручалі ордэн Маці. Назаўжды запом-ніўся той дзень і пачуццё гонару ад высокай узнагароды за самую шаноўную місію на зямлі — быць мнагадзетнай маці.
Наталля САКОЛЬСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.