Падарожжа ў сталіцу «Дажынак-2012»

Сусветны Дзень турызму — 27 верасня — члены раённай арганізацыі ветэранаў адзначылі, як і належыць, падарожжам. У якасці турыстычнага аб’екту былі абраны Горкі — сталіца сёлетніх “Дажынак”. Пра маштабныя архітэктурна-дызайнерскія пераўтварэнні і абнаўленне горада шмат было сказана з экранаў тэлебачання, напісана ў газетах і часопісах. Вось і вырашылі актывісты ветэранскага руху сваімі вачыма ўбачыць горацкую прыгажосць. Акрамя таго, дзяржсельгасакадэмія — альмаматар многіх прадстаўнікоў АПК, для яе былых выпускнікоў гэтае падарожжа стала сустрэчай са сваёй студэнцкай маладосцю.
Падарожжа стала магчымым, дзякуючы спонсарскай дапамозе, аказанай раённымі арганізацыямі грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі Фонд міру”. Транспартныя паслугі ў выгля-дзе камфартабельнага аўтобусу і яго ветлівага і ўважлівага да пажылых людзей вадзіцеля Міхаіла Сапегі аказаў аддзел адукацыі райвыканкама. Па традыцыі, ветэраны запрасілі ў падарожжа і “раёнку”.
Час дарогі да Горак праляцеў, нібы імгненне. Падарожнікі — бадзёрыя, вясёлыя, гаваркія, актыўна дзяліліся ўражаннямі, жартавалі, успаміналі мінулае.
Па прыбыцці да пункту назначэння кіраўскіх турыстаў сустрэў старшыня Горацкай раённай арганізацыі ветэранаў С.І.Шынялёў, які выканаў ролю экскурсавода. Першым аб’ектам наведвання стала візітная картка любога горада — вакзал. Рэканструяваны чыгуначны вакзал станцыі Пагодзіна павялічыўся амаль у два разы. Са скразным праходам, утульнай залай чакання, арыгінальна добраўпарадкаваным прывакзальным скверам ён уразіў кіраўчан. Ля бюста чалавека ў ваеннай форме, смела пазіраючага наперад, з надпісам на мармуровай дошцы “Погодин Степан Демьянович. 1890 — 1918 г.г. Активный участник установления Советской власти, организатор красногвардейского отряда. Первый военный комиссар Горецкого уезда. Погиб в борьбе с контрреволюцией” быў зроблены памятны агульны фотаздымак.
Абноўленая чыгуначная станцыя Пагодзіна — не адзіны падарунак жыхарам і гасцям Горак.
— У новым абліччы ў нас — каля 250 аб’ектаў, — распавядаў па дарозе да наступнага пункту Сяргей Іванавіч. — Шмат пабудавана новых: інтэрнат акадэміі на 860 месцаў, трохзоркавая гасцініца, сучасны стадыён, Лядовая арэна…
…Дарэчы, Лядовая арэна і стала другой кропкай падарожжа.
На першым паверсе гэтага шыкоўнага спартыўнага комплексу — прасторны хол, стэнды з фотаздымкамі Горак, абноўленых да “Дажынак”. Ветлівыя супрацоўнікі правялі падарожнікаў па фітнэс- і трэнажорных залах, у ззяючую глянцам спартыўную залу, разлічаную на 370 гледачоў, ну, і вядома ж, дыхаючую самым сапраўдным лядовым паветрам арэну, умяшчальнасць якой — больш за 560 балельшчыкаў. Кіраўчане мелі магчымасць пахадзіць па лядовым палатне, паназіраць, як працуе агрэгат па яго ачыстцы, на хвіліну ўявіць сябе балельшчыкамі самага гарачага хакейнага матчу.
Пасля турыстычны аўтобус праехаўся па вуліцах Горак, спыніўся на галоўнай плошчы, пешаходная зона якой, як рушнік, выкладзена беларускім арнаментам. У студэнцкія часіны падарожнікаў гэтая плошча насіла імя правадыра сусветнага пралетарыяту — У.І.Леніна, зараз жа яна перайменавана ў Цэнтральную.
Крок за крокам кіраўчане наблізіліся да жамчужыны горада — ўнікальнага амфітэатра на 2,5 тысячы месцаў, які ветразем разгарнуўся на беразе р.Проня ў акадэмічным гарадку. Кажуць, што такога архітэктурнага збудавання ў Беларусі болей няма, падобнае ўпрыгожвае італьянскую Венецыю. Збудаванне ў выглядзе вялізнага паўшар’я, увагнутага ў воднае палатно возера, заварожвае сваёй веліччу і грацыёзнасцю. Цікава, што платформа амфітэатра трымаецца на 2200-х 13-мятровых палях. Амаль з вышыні птушынага палёту (амфітэатр размешчаны ў нізіне) кіраўскія падарожнікі захапляліся архітэктурнай жамчужынай, панарамай возера і процілеглага берагу з бярозавым гаем. Варта адзначыць, што ў дзень падарожжа вельмі пашанцавала з надвор’ем, любаваліся прыгажосцю Горак пад цёплым восеньскім сонейкам.
Едучы па гарадскіх вуліцах, некаторыя з настальгіяй пазіралі на вокны інтэрнатаўскіх пакояў, у якіх некалі жылі, сцяжынкі скверыкаў, дзе адпачывалі з сябрамі-аднакурснікамі. Па дарозе дадому пацвердзілі, што Горкі сапраўды аказаліся на вышыні. Цэлы шэраг ідэй увасоблены ў жыццё праектыроўшчыкамі, будаўнікамі. Створаны ўтульныя, еўрапейскія ўмовы для жыцця, працы, вучобы і адпачынку.
Спадарожнікамі кіраўчан акрамя прыемных уражанняў былі песні і вершы — гучныя, заўзятыя, напаўняючыя душу аптымізмам. Хоць мяжу Кіраўшчыны турыстычны аўтобус перасёк глыбокім вечарам, стомленасці ў вачах падарожнікаў не запрыкмеціла, толькі радасць ад падзеі, ад сустрэчы, ад жыцця. Так трымаць, спадары ветэраны!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.