Удвая памножанае шчасце

Ёсць на белым свеце вялізнае пачуццё, якое завецца мацярынскай любоўю. Яно не падобнае ні на якое іншае. З’яўляецца з першага моманту існавання дзіцяці і суправаджае яго да скону. Ніхто, як маці, не ўмее так любіць, аберагаць і дараваць. Гэтае пачуццё спаўна ўласцівае і гераіне гэтых радкоў Алесі Котавай, маладой маці, якая разам з мужам Віталем стварылі для сваіх дзяцей — двайнят Аліны і Міланы дружную і шчаслівую сям’ю.
Для любой сям’і нараджэнне першынца — вялікая радасць, у Котавых яна памножаная ўдвая. Праўда, клопаты і выдаткі таксама аказаліся падвоенымі, але ж маладыя бацькі з вялікай адказнасцю паставіліся да нараджэння, а зараз — і выхавання сваіх дачушак. Значную дапамогу сям’і аказалі родныя: і матэрыяльна падтрымалі, і ў доглядзе за малышкамі дапамаглі. Згодна дзеючага заканадаўства маладой маці з нагоды нараджэння двойні была выплачана дзяржаўная дапамога.
Самым надзейным памочнікам Алесі ў выхаванні дзяцей з’яўляецца яе каханы муж Віталь. А гледзячы на тое, як спрытна і ўмела малады мужчына пераапранаў для фотасесіі адну з малышак, пакуль мама рыхтавала другую, і карэспандэнты “раёнкі” на свае вочы пераканаліся: у гэтай сям’і пануюць лад і згода, пяшчота і павага адзін да аднаго і бязмежная любоў да дзетак.
Муж і жонка Котавы пазнаёміліся і пакахалі адзін аднаго падчас сумеснай вучобы ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова, дзе ўраджэнка Мсціслаўшчыны Алеся асвойвала біялогію, а баравіцкі юнак Віталь удасканальваў свае спартыўныя навыкі на факультэце фізічнага выхавання, і паралельна вучыўся на юрыдычным. А вось ажанілася маладая пара пазней, калі Алеся Васільеўна ўжо адпрацавала як малады спецыяліст, два гады ў адной са школ Мсціслаўскага раёна. Жыць вырашылі на ра-дзіме мужа. Алеся ўладкавалася на работу ў Паўлавіцкую СШ, дзе выкладала хімію і біялогію, потым перавялася ў СШ№1 райцэнтра, а Віталь — у РАУС, зараз ён — інспектар ДПС АДАІ.
Маладой сям’і выдзелілі пакой у інтэрнаце, у бліжэйшым будучым у сувязі з прыбаўленнем Котавы мяркуюць будаваць уласнае жыллё, а пакуль на перыяд міжсезоння пасяліліся ў бацькоў Віталя ў Баравіцы: тут і цёпла, і месца для дзесяцімесячных гарэз дастаткова. Майстравіты дзядуля Іван Віктаравіч зрабіў для кожнай з дзяўчынак па ўласнаму ложку, ёсць у абедзвюх свае “хадункі” , у якіх яны шпарка бегаюць па пакоях.
Аб тым, што ў сям’і, магчыма, будзе двойня, Алеся Васільеўна маральна была гатова: яе свёкар — з блізнят, жывуць браты Іван Віктаравіч і Віктар Віктаравіч Котавы ў Баравіцы непадалёк адзін ад аднаго. Дзяўчынкі хоць і не блізняты, але вельмі падобныя адна на адну. А вось характары, як адзначае маці, у іх розныя: Мілана — больш спакойная, уважлівая, а Аліна — рухавая, непаседлівая. Яшчэ ў роддоме, жартуе Алеся Васільеўна, медыкі заўважылі, што Аліначка — дзяўчынка з характарам! Але гэтая акалічнаць для маці зусім няважная. Для матулі яе дзеці — любімыя крывіначкі, і ім яна шчодра дорыць усю сябе. Шчасця табе, Маці!
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.