Усе ўзросты падуладныя прыгажосці

Сям’я кіраўчан Рыгора і Алены Каганаў вядомая ў раёне: Рыгор Захаравіч за шматгадовую працу многае зрабіў для развіцця АПК Кіраўшчыны, Алена Мікалаеўна таксама пакінула свой след у галінах прафесійнай дзейнасці — агранамічнай і культурнай. Выхавалі і вывелі ў свет пяцёра дзяцей, якія падарылі бацькам дзевяцярых унукаў і двух праўнукаў. Мяркую, многія задумваюцца: у чым жа сакрэт сямейнага дабрабыту? Адказ просты — у прыгажосці. Не той, якой блішчаць сучасныя паказы мод і старонкі глянцавых часопісаў, — у прыгажосці жыцця.
Учора Алена Каган адзначыла 80-годдзе. Падчас нашай сустрэчы, седзячы ў сваёй сталовай за шырокім круглым сталом, юбілярка нібы перагарнула адна за адной старонкі жыцця. Перад вачамі прамільгнулі радасці і нягоды яе вялікай сям’і, пераплеценыя і цяжкасцямі быту, і складанасцямі выхавання, і бязмежным шчасцем. З асаблівай цеплынёй Алена Мікалаеўна расказвала аб сваіх дзецях, нібы кожны з іх — кавалачак яе сэрца, вялікага і любячага, працяг прыгажосці яе жыцця…

Дзіцячая
прыгажосць

— На жаль, ваша дзяцінства было абапалена вайной… Аднак, магчыма, засталіся ў душы ўспаміны, якія і зараз саграваюць душу?
Пасля невялікай паўзы Алена Мікалаеўна вярнулася да дзіцячых успамінаў. У сям’і Мікалая і Надзеі Дзяга, жыхароў мястэчка Бобр Крупскага раёна расло трое дзяцей. Лена — старэйшая. Праз пэўны час Дзягі пераехалі ў Полацк. Бацька працаваў начальнікам пашпартнага стала, відаць, гэтая акалічнасць і стала вызначальнай падчас вайны. Мікалаю Усцінавічу было даручана займацца эвакуіраваннем насельніцтва, у тым ліку і сваёй сям’і. Шлях ляжаў у Мардоўскую ССР, г.Інсар.
У эвакуацыі, на чужой, знясіленай голадам зямлі, давялося зведаць шмат пакут. Найбольш цяжка перажылі смерць бацькі: ён загінуў у першым жа ў сваім жыцці баі, пад Смаленскам, у 1942-м. Алена з братам і сястрой жылі на базе мясцовага дзіцячага дома, маці бачылі рэдка, днямі і начамі яна працавала на сушыльным заводзе: сушылі сухары для франтавікоў.
Пазней сям’ю накіравалі ў Саратаўскую вобласць. Голад прымусіў маці хадзіць па хатах, прасіць ежу. Калі яна захварэла, гэта, як старэйшая, рабіла Лена.
— Ведаеце, трагічныя падзеі вайны пераважаюць, таму грэючых душу ўспамінаў таго часу не так многа. Але ж ёсць. Успамінаю, з якім захапленнем мы, дзеці вайны, гулялі ў звычайныя класікі, намаляваныя на асфальце, альбо проста на пяску.
У той жа час нарадзілася ў душы і пачуццё прыгажосці — з песняй. Падчас школьных канцэртаў Лена была першай салісткай.
Прыгажосць
юнацкая

Пасля вайны сям’я Алены вярнулася на радзіму, на Міншчыну, да дзядулі. У газеце прачытала аб адкрыцці Жыліцкага сельгастэхнікума. Разам з сяброўкамі накіравалася паступаць. Першага іспыту сяброўкі не вытрымалі, у адрозненні ад Алены, якая паказала моцныя веды. Аднак праходзіць выпрабаванне далей адмовілася, маўляў, паеду разам з дзяўчатамі дадому.
Дзякуючы ўгаворам завуча тэхнікума, а на мой погляд, лёсу, Алена засталася, паспяхова здала экзамены і стала навучэнкай. У Жылічах пачаўся яе прафесійны і сямейны шлях.
Нягледзячы на беднасць, тагачасная моладзь імкнулася акружаць сябе прыгажосцю. Алена была старастай пакою, разам з сяброўкамі падтрымлівалі чысціню, парадак, жылі дружна. На 6 дзяўчат была ўсяго пара модных туфлікаў. Іх на-дзявала тая, якая бегла на спатканне, каб выгляд мела больш прывабны і прыгожы. Балазе, памеры ног не надта адрозніваліся.
Гардэроб тагачаснай прыгажуні не патрабаваў шырокіх шафаў і камодаў, як зараз: адна-дзве сукенкі, спадніца ў складку, шоўкавая кофтачка — вось і ўсё ўбранне.
Агульнымі сіламі навучэнцы навялі спачатку чысціню, а потым і прыгажосць у мясцовай павеці, дзе па выхадных і святах наладжвалі вечарыны, на якіх спявала і танцавала, а пасля яшчэ і на гітары іграла Алена Дзяга. Тут яе і запрыкмеціў спачатку кавалер, а потым і будучы муж, бацька дзяцей і спадарожнік жыцця — старшакурснік Рыгор Каган.
— А якія ў нашу маладосць былі спатканні! Здаралася, да світання сядзелі на прызбачцы, размаўлялі, нават дакрануцца адзін да аднаго баяліся. Прыгожыя былі пачуцці, і думкі прыгожыя…
Прыгажосць
мацярынства

Пасля замужжа Алена Каган працавала аграномам, побач з мужам — старшынёй калгаса імя Ільіча. Неўзабаве ў сям’ю прыляцела шчаслівая навіна: цяжарнасць. Першай на свет з’явілася Наталля. Потым адзін за адным — Сяргей, Таццяна, Юрый, Аляксандр.
Клопаты аб дзецях засланілі астатняе. Прыгадала цікавы выпадак. Паспрэчыла з мужам наконт паступлення ў Горацкую сельгасакадэмію. Паехала, здала экзамены, паступіла. Спрэчку выйграла. Аднак калі прыйшоў вызаў ехаць на першую сесію, а на руках быў малы сынок, не разважаючы, адмовілася, не захацела нават на некалькі тыдняў пакідаць дзяцей без мацярынскай пяшчоты і цеплыні.
— Калі запытваюцца, чаго дасягнула ў жыцці, адказваю як гераіня Наталлі Гундаравай у кінастужцы “Аднойчы, дваццаць год пасля”: я — Маці! Гэта маё галоўнае дасягненне!
Самаадданая мацярынская праца знайшла адлюстраванне ў высокай дзяржаўнай узнагародзе — медалі мацярынства.
Самаахвяраванне дзеля дзяцей праявілася і ў час, калі Алена Мікалаеўна стала бабуляй: знаходзячыся на пенсіі, працягвала працаваць, але без разважанняў пакінула работу, каб даглядаць цяжка захварэўшага ўнука.
— Некаторыя сучасныя маладыя жанчыны, аддаючы перавагу знешняму выгляду, паспяховай кар’еры, адмаўляюцца нараджаць не тое, што пяцёра, а нават аднаго дзіцяці… У мяне ніколі не было такіх думак, — прызнаецца шчаслівая мнагадзетная маці і бабуля, — пасля народзінаў я не страчвала ні сваёй фігуры, ні душэўных сіл, наадварот, адчувала ўсё большую і большую моц, моц мацярынства. Нават немагчыма выказаць словамі, што значаць для мяне мае дзеці.
Кожны з сыноў і дочак Каганаў знайшоў свой шлях у жыцці: Наталля з дзяцінства марыла быць урачом, Таццяна — педагогам — мары абедзвюх споўніліся. Сяргей, здаецца, нарадзіўся журналістам, зараз бацькі не могуць нават уявіць яго ў іншай прафесіі. Юрыю далі імя ў гонар першага касманаўта, бо нарадзіўся ён праз 6 дзён пасля пакарэння прастораў космасу, касманаўтам не стаў, аднак інжынер — выдатны. Алена Мікалаеўна марыла, каб хтосьці з яе сыноў быў афіцэрам, мабыць, нездарма назвала малодшага Аляксандрам, што значыць абаронца, ён і абраў для сябе шлях ваеннаслужачага.
Прыгажосць душы
Абедзве свае прафесіі — агранома і культработніка юбілярка лічыць прыгожымі. Першая заснавана на прыродзе, другая — на мастацтве.
— Працаваць з прыродай — захапленне радасцю жыцця, свята і адначасова тайна, агранамічнай справе я прысвяціла 16 год. Другой прафесіі — культработніка — 20, была шчаслівая, што працую з прыгажосцю мастацтва, музыкі, спеваў.
Размаўляючы з гэтай жанчынай, якая і ў сваім ўзросце свеціцца прыгажосцю, разумееш, што яна жыве ў яе душы, пачуццях, здольнасці без астатку аддаваць сябе дзецям, мужу, адлюстроўваць у сабе іх жыццё з усімі складанасцямі, пакутамі і радасцямі, стратамі і здабыткамі. Пацверджаннем маіх думак сталі словы мужа Алены Мікалаеўны:
— Сярод навучэнак сельгастэхнікума Алена была самай прыгожай, і зараз атрымліваю асалоду ад прыгажосці сваёй жонкі — маці маіх дзяцей — майго гонару.
Ці ні гэта галоўная ўзнагарода за жыццё, падаранае сям’і.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.