Ёсць пазітыўныя зрухі. Работа працягваецца…

Паколькі ў пачатку гэтага года ў раёне не ўдалося замацаваць станоўчыя леташнія дасягненні па барацьбе са злачыннасцю, рабоце па павышэнні эфектыўнасці прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў надавалася і надаецца самая пільная ўвага. Шэраг дзейсных мер быў выпрацаваны на красавіцкім пасяджэнні каардынацыйнага Савета па пытаннях барацьбы са злачыннасцю, які дзейнічае пры райвыканкаме на чале са старшынёй Уладзімірам Піскіжавым. Размова тады была нераўнадушная, канструктыўная, з удзелам усіх зацікаўленых ведамстваў і службаў, а прынятае на пасяджэнні рашэнне ўключала 52 пункты.
На чарговым пасяджэнні Савета, які адбыўся ў канцы верасня першым чынам было дэталёва прааналізавана, як за мінулы час рэалізавана намечанае, а таксама вызначаны далейшыя шляхі стабілізацыі сітуацыі.

Як праінфармавала на пасяджэнні намеснік старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова, мэтанакіраваная работа па рэалізацыі вызначаных мер прывяла да паляпшэння крымінагеннага становішча на тэрыторыі раёна. За 8 месяцаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 10,2% адбылося зніжэнне колькасці ўчыненых злачынстваў, зарэгістраваных па ўсіх лініях службаў РАУС. Менш было ўчынена злачынстваў асобамі, маючымі судзімасць, непаўналетнімі. Аднак адбыўся рост злачынстваў у стане алкагольнага ап’янення — з 33 да 44, у саставе груп — з 14 да 16. Раскрывальнасць паранейшаму засталася ніжэйшай за адпаведны ўзровень мінулага года.
Начальнік РАУС Аляксандр Шункевіч далажыў, якія меры былі прадпрыняты асабовым саставам аддзела ў мэтах стабілізацыі крымінагеннага становішча. Першым чынам, пад самы строгі кантроль узялі такую катэгорыю жыхароў раёна, як раней судзімыя. Дапамагае ў рабоце з імі раённая праграма “Альтэрнатыва.”
Надалі значную ўвагу прафілактыцы крадзяжоў жывёлы. Як вынік — на аб’ектах аграпрамысловага комплексу яны не былі адзначаны. 4 крадзяжы хатняй птушкі і 1 каровы з асабістага падвор’я раскрыты, і асобы, іх учыніўшыя, панеслі пакаранні.
Бічом для раёна сталі крадзяжы лому каляровых і чорных металаў. Праведзена работа ў адносінах асоб, якія займаюцца нарыхтоўкай лому, вырашаецца пытанне аб узбуджанні першай у раёне крымінальнай справы па факце занятку незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Той, хто яе ажыццяўляў, здаў на нарыхтоўчыя аб’екты лому чорнага металу на суму 107 млн. рублёў. Праводзіцца праверка шэрагу асоб, якія здалі металу на суму больш 50 млн. рублёў.
Затрыманы таксама 4 групы, якія займаліся крадзяжамі ліній “Белтэлекама”, — на іх рахунку — 3,5 км камунікацый.
Дзякуючы ўмяшальніцтву старшыні райвыканкама, працягваў кіраўнік сілавога ведамства, у асноўным забяспечана навядзенне парадку з металаломам у гаспадарках, але на некаторых невыкарыстоўваемых аб’ектах АПК яшчэ ёсць металічны лом, і кіраўнікам трэба паклапаціцца аб яго здачы.
Мабільная група РАУС за-трымлівае незаконных перавозчыкаў лому, прадстаўнікамі міліцыі здадзена на нарыхтоўчыя аб’екты больш 5 тон металалому.
Супрацоўнікі райаддзела абследавалі ўсе аб’екты АПК на прадмет умацаванасці, накіравана 140 прадпісанняў па выяўленых парушэннях, на ўсе атрыманы адказы. Але не ўсё яшчэ зроблена на месцах дзеля таго, каб маёмасць сельгас-арганізацый не стала прадметам увагі злодзеяў.
Да канца гэтага месяца прадстаўнікі міліцыі правераць, як выкананы іх прадпісанні. А супрацоўнікі аддзялення Дэпартамента аховы працягваюць работу па ацэнцы ліцэнзійнай ахоўнай дзейнасці, ажыццяўляемай арганізацыямі раёна.
Намечана ў чацвёртым квартале правесці на базе СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага семінар-вучобу па арганізацыі работы мабільных груп сельгасарганізацый па праверцы вартавой аховы.
Кіраўнікам арганізацый раёна ўсіх форм уласнасці рэкамендавана ўстанаўліваць сістэмы відэаназірання ў месцах захоўвання матэрыяльных каштоўнасцей.
На красавіцкім пасяджэнні каардынацыйнага Савета адзначалася, што адмоўна ўплывае на работу РАУС неўкамплектаванасць аддзела кадрамі ўчастковых інспектараў. За мінулы час укамплектаваны 2 пасады, вакантныя пасады 2-х участковых інспектараў і 2-х старшых інспектараў кіраўніцтву аддзела неабходна запоўніць не пазней 1 сакавіка 2013 года.
Намеснікам старшыні райвыканкама даручана забяспечыць нефармальны належны кантроль за дзейнасцю падпарадкаваных райвыканкаму арганізацый па правядзенні дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг), у тым ліку імпартнага паходжання.
Аб’ектамі інтарэсу нячыстых на руку людзей нярэдка становяцца дачныя домікі, у прыватнасці, у в.Гута. Не ўсе жыхары забяспечваюць умацаванасць сваіх пабудоў і надзейную ахову ад злодзеяў. Старшыні Любоніцкага сель-скага Савета дэпутатаў Васілю Маркевічу і прадстаўнікам РАУС было даручана правесці сход з дачнікамі і папярэдзіць іх аб неабходнасці прадпрыняць дзейсныя меры для выключэння крадзяжоў. (Калі вярстаўся гэты матэрыял, мы даведаліся, што сход праведзены).
Наступнае пытанне, якое патрабуе аператыўнага вырашэння— наладжванне райспажыўтаварыствам і ўласнікамі прыватных аб’ектаў гандлю інкасіравання наяўных грашовых сродкаў, атрыманых шляхам разлікова-касавых аперацый, дзеля папярэджвання злачынных замахаў і забеспячэння бяспекі работнікаў.
Прагучалі прэтэнзіі падчас пасяджэння да УКП “Жылкамгас”: да гэтага дня камунальнікамі не было наладжана асвятленне ўсіх перакрыжаванняў горада і ўчасткаў дарог з павышанай небяспекай. Было даручана аператыўна гэта зрабіць, пастаянна трымаць на кантролі стан вулічнага асвятлення. Гэта неабходна і для забеспячэння бяспекі праходжання вучняў дадому пасля другой змены ў школах.
Да канца бягучага года кіраўніцтву “Жылкамгаса” сумесна з РАУС трэба вырашыць пытанне ўстаноўкі сістэмы відэаназірання стаянак аўтатранспарту на прыдамавых тэрыторыях горада, дзе былі зарэгістраваны крадзяжы з аўтамабіляў. Яшчэ адно даручэнне камунальнікам — абсталяваць дзверы падвальных памяшканняў шматкватэрных жылых дамоў замыкаючымі ўстройствамі, бо нярэдка і змесціва падвалаў, і веласіпеды становіяцца здабычай злодзеяў.
Ход выканання рашэння райвыканкама ад 18 красавіка 2012 г. “Аб плане комплексных мер па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у Кіраўскім раёне на 2012 год” прааналізавала намеснік старшыні райвыканкама Алена Пекліна, спыніўшыся ў асноўным на тэме супрацьдзеяння карупцыі. Яна паведаміла, што дзеля пашырэння практыкі ўдзелу грамадскасці ў выяўленні і спыненні злачынстываў на сайце райвыканкама размешчана анкета па вывучэнні меркаванняў насельніцтва аб карупцыі, тут жа ёсць электронны адрас аддзела ідэалагічнай работы, па якім можна накіраваць запоўненую анкету прама на сайце. Да ведама наведвальнікаў сайта — нумары “тэлефонаў даверу” і іншыя кантакты.
Сістэматычна супрацоўнікамі РАУС праводзіцца адпрацоўка прадпрыемстваў дзяржаўнай формы ўласнасці і ажыццяўляецца кантроль за суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці, установамі адукацыі, аховы здароўя. Не застаюцца без увагі іншыя сферы дзейнасці.
У ходзе абмеркавання пытання быў закрануты такі від дзейнасці, як рэпетытарства. У раёне толькі тры чалавекі афіцыйна аформілі свае заняткі рэпетытарствам. Але на самой справе займаецца ім значна больш настаўнікаў: каб не нажыць непрыемнасцей, напэўна, лепш аформіць гэта ва ўстаноўленым парадку, плаціць падаткі і спаць спакойна…
Да пачатку лістапада будуць падведзены вынікі маніторынгу, праводзімага створанай на падставе распараджэння старшыні райвыканкама камісіяй, па захаванні жыллёвага заканадаўства пры прадастаўленні службовых памяшканняў.
Аб прымаемых мерах па прадухіленні карупцыйных праяў у сваіх калектывах праінфармавалі дырэктар Жыліцкага сельгаскаледжа Уладзімір Белы, намеснік галоўнага ўрача ЦРБ Ігар Палякоў, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Траццякова. Шэраг пунктаў прынятага рашэння датычыўся ўдасканалення прафілактычнай работы ў гэтых сферах.
Блок пытанняў прысвячаўся наладжванню бяспечнага і цікавага адпачынку падлеткаў і моладзі. У летні перыяд зроблена значная работа па арганізацыі карыснага правядзення вольнага часу. Так, у будатрады былі ўключаны падлеткі, якія знаходзяцца на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх, а таксама знаходзячыеся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Рабяты гэтай катэгорыі прайшлі і аздараўленне. Трэба заўважыць, у раёне з красавіка непаўналетнімі не было ўчынена злачынстваў.
Пытанне арганізацыі цікавага адпачынку навучэнцаў застаецца актуальным для Жыліцкага сельгаскаледжа, ліцэя №15. Як заўважыў падчас яго абмеркавання старшыня райвыканкама, трэба зацікавіць рабят, каб ішлі на мерапрыемствы не пад прымусам, а ў саміх было жаданне прыняць у іх удзел. Чаму б не прапанаваць навучэнцам у сталовых дадзеных навучальных устаноў адзначаць дні нараджэння з сябрамі, зразумела, з такой праграмай, каб прывіць ім культуру паводзін падчас застольных мерапрыемстваў, прыхільнасць праводзіць вольны час без алкаголю?!
Адказным структурам трэба працягваць індывідуальную работу з групамі праблемных падлеткаў, схільных да ўчынення правапарушэнняў, злачынстваў. “Цяжкія” падлеткі ў стане прыносіць карысць, што паказала іх праца ў будатрадах.
Падрыхтавала
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.