З творчым запалам і натхненнем

Напярэдадні прафесійнага свята аб прыярытэтных напрамках дзейнасці ўстаноў культуры, дасягненнях творчых калектываў і работнікаў расказвае начальнік аддзела культуры райвыканкама Тамара ГАЛУБОЎСКАЯ:
— Асноўнымі напрамкамі дзейнасці ўстаноў культуры раёна з’яўляюцца ўдасканаленне форм і метадаў арганізацыі культурна-масавай работы, вольнага часу насельніцтва, развіццё творчай ініцыятывы, удасканаленне работы па эстэтычным, патрыятычным, маральным выхаванні, развіцці самадзейнай мастацкай творчасці і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Сетка ўстаноў культуры налічвае 24 бібліятэкі, 25 клубных устаноў, установу культуры “Жыліцкі гістарычны комплекс-музей”, Мемарыял памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў в.Боркі, 3 дзіцячыя школы мастацтваў і 4 іх філіялы.
Бібліятэкі, размешчаныя ў аграгарадках, камп’ютарызаваны і маюць доступ у Інтэрнэт. Насельніцтва маланаселеных вёсак абслугоўваецца бібліёбусам.
Работа бібліятэк накіравана на ўкараненне сучасных інфармацыйных тэхналогій, стварэнне інфармацыйных рэсурсаў і камплектаванне кніжных фондаў для задавальнення інфармацыйных, адукацыйных і культурных запытаў насельніцтва.
Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці клубных устаноў — канцэртнае абслугоўванне насельніцтва і правядзенне тэатралізаваных мерапрыемстваў. Вядучыя калектывы мастацкай самадзейнасці, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў культуры прымаюць удзел у раённых, абласных і рэспублікаснкіх конкурсах, фестывалях, святах і выставах. Сем творчых калектываў удастоены ганаровага звання “народны” і “ўзорны”.
У бягучым годзе самадзейныя калектывы раённага Дома культуры, Баравіцкага, Любоніцкага, Скрыпліцкага і Мышкавіцкага сельскіх Дамоў культуры, Стайкаўскага сельскага клуба, творчыя калектывы дзіцячых школ мастацтваў раёна, майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці прымалі ўдзел у рэспубліканскім свяце “Купалле: Александрыя збірае сяброў”, рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2012”, міжнародным фестывалі “Вянок дружбы” і іншых. У маі гэтага года майстар дэкаратыўна-прыкладной творчасці, член Беларускага саюза майстроў А.С.Якавенка ўзнагароджана Дыпломам II ступені рэспубліканскай выставы майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вясновы букет” у г.Мінску.
Традыцыйна праводзімыя на тэрыторыі раёна мерапрыемствы па фарміраванні здаровага ладу жыцця, патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні выяўляюць новыя таленты. Рэалізаваны шэраг творчых праектаў. Па ініцыятыве дзяржаўнай установы “Дзіцячая школа мастацтваў г.Кіраўска” ў красавіку бягучага года ўпершыню быў праведзены вакальны дзіцячы конкурс “Спяваем з аркестрам” пры інфармацыйнай і фінансавай падтрымцы спонсараў: установы “Рэдакцыя раённай газеты “Кіравец” і аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” г.Кіраўска.
Заслужанай папулярнасцю карыстаюцца канцэртныя выступленні агітбрыгады аўтаклуба падчас сяўбы і ўборачнай кампаніі ў сельгасарганізацыях раёна, на выездах у маланаселеныя вёскі.
На базе клубных устаноў пачалі сваю дзейнасць новыя клубы і аматарскія аб’яднанні, што дазволіла павялічыць колькасць наведвальнікаў, актывізаваць работу з ветэранамі працы, пажылымі людзьмі, маладыямі сем’ямі, дзецьмі і падлеткамі.
Хочацца адзначыць творчы пошук і добрыя вынікі ў рабоце А.У.Хадакова, В.М.Сімановіч, М.Р.Забелава, Т.Р.Пашкоўскай, Н.А.Карпенка, Н.У.Шаболда, Н.І.Гушчынай, В.М.Іваніцкай, Н.А. Хлапковай.
Карыстаюцца папулярнасцю выступленні калектываў пад кіраўніцтвам Н.І.Кавалёвай, Э.І.Калмыковай, Т.К.Клімовіч, В.А. Даноўскай.
Асаблівыя віншаванні са святам мы адрасуем ветэрану працы, заслужанаму работніку культуры Рэспублікі Беларусь В.У.Яўстратавай, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны І.А.Корзуну.
Мы ганарымся нашымі ветэранамі працы А.Р.Ляоненка, У.Р.Татарынавым, М.А.Акуліч, М.П.Дайнекам, В.І.Ржауцкім, К.Д.Лапацінскай, Л.Ц.Лагойка і многімі іншымі.
Думаецца, і далей творчы запал, натхненне работнікаў нашай галіны будуць служыць на карысць паляпшэння якасці культурнага абслугоўвання насельніцтва раёна.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.