Жыццё, прысвечанае стваральнай працы

У гэтыя дні адзначае свой 70-гадовы юбілей Пётр Уладзіміравіч Яцкевіч. Гэтае прозвішча вядомае ў нашым раёне, а таксама сярод спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны вобласці і рэспублікі: на працягу 30 гадоў ён узначальваў жывёлагадоўлю калгаса “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
Пётр Уладзіміравіч нарадзіўся 15 кастрычніка 1942 года ў в.Буйвічы Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. Сям’я была мнагадзетная — шасцёра дзяцей — таму ўсе змалку прывучаліся да працы, грунтоўнасці ў любым занятку. Прыклад было з каго браць: бацька — пчаляр калгаса, а яшчэ высокакласны шавец. Абшываў літаральна ўвесь раён і не толькі. У сям’і панавалі строгі парадак, патрабавальнасць, але і павага да дзяцей, давер паміж бацькамі і дзецьмі.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі Пётр Яцкевіч два гады працаваў у родным раёне і толькі пасля гэтага паступіў у Віцебскі ветэрынарны інстытут. Але з першага курса юнака прызываюць у рады Савецкай Арміі. Тры гады ён служыць у войсках супрацьпаветранай абароны Маскоўскай акругі.
І зноў — Віцебск. І каханне. У 1966 годзе яны з прыгажуняй Валянцінай згулялі студэнцкае вяселле. Неўзабаве нарадзіўся першынец — сын Сяргей. Пасля заканчэння ў 1969 годзе інстытута маладую сям’ю накіравалі ў Старадарожскі раён, дзе ў саўгасе “Палажэвічы” Пётр Уладзіміравіч працаваў галоўным заатэхнікам, а Валянціна Давыдаўна — ветурачом.
Ішоў 1972 год. Павел Аляксеевіч Кончыц, на той час — старшыня калгаса імя Кірава нашага раёна, шукаў для сябе ў гаспадарку талковага спецыяліста жывёлагадоўлі і нейкім чынам выйшаў на Яцкевіча, запрасіў да сябе на работу. Так сям’я пераехала ў Кіраўскі раён. Удумлівага, дасведчанага спецыяліста П.У.Яцкевіча не маглі не запрыкмеціць. І калі П.А.Кончыц стаў старшынёй райвыканкама, Пётр Уладзіміравіч атрымаў запрашэнне з “Рассвета”. Рашэнне пакінуць ранейшую работу і перайсці на новую далося яму няпроста. Калгас імя Кірава быў на той час перадавой гаспадаркай, і тут Яцкевічам было ўжо зроблена нямала, але ж у “Рассвеце” больш шырокімі бачыліся магчымасці праявіць сябе. І з чэрвеня 1974 года Пётр Уладзіміравіч — галоўны заатэхнік славутага калгаса “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага.
Час работы ў гаспадарцы быў плённым. І ў поспехах “Рассвета” немалая доля працы Пятра Яцкевіча. Ужо праз два гады быў уведзены ў эксплуатацыю малочна-таварны комплекс на 800 галоў у в.Цейкавічы з безпрывязным боксавым утрыманнем на шчылінных падлогах. Тут жа узведзены малочны завод. Пакетаванае рассветаўскае малако пастаўлялася ў рознічную сетку вобласці, прадпрыемствам г.Бабруйска.
А на ферме “Кірава” былі пабудаваны чатыры жывёлагадоўчыя памяшканні на 2000 галоў дойнага статка з утрыманнем у беспрывязных секцыях.
Разам з кіраўніком гаспадаркі В.К.Старавойтавым Яцкевіч знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Камандзіроўкі ў Краснаярск, Прыбалтыку, Украіну, Малдову, наладжванне сувязей з навукова-даследчымі інстытутамі рэспублікі і Саюза. І як вынік — будаўніцтва фермы на 600 галоў па ўтрыманні маладняка буйной рагатай жывёлы на глыбокай подсцілцы з падагрэвам вадапаення.
Асаблівую ўвагу Яцкевіч надае племянной справе як аснове дасягнення істотных вынікаў у жывёлагадоўлі. Тут давялося шмат папрацаваць. Калі Яцкевіч прыйшоў у “Рассвет”, асноўнай пародай была кастрамская. За няпоўныя 15 гадоў калгас перайшоў на голд-шчынна-фінскую чорна-пярэстую пароду. Сур’ёзна заняліся трансплантацыяй эмбрыёнаў ад сваіх кароў-донараў да сваіх жа кароў-рэцыпіентаў. Семянны матэрыял завозілі з Масквы. Племянная жывёла да таго ж рэалізоўвалася гаспадаркам былога Саюза: да 400 галоў цёлак і 4 тысяч галоў свінак у год.
Пашыраючы жывёлагадоўчы “асартымент”, у гаспадарцы асвоілі вырошчванне авечак яраслаўскай пароды. А для пераапрацоўкі скур пабудавалі ўласны цэх па выдзелцы аўчыны і швейны цэх па пашыву вырабаў з футра і скуры.
Далей — болей. З Баранавіч завезлі нутрый, пабудавалі для іх ферму.
Своеасаблівы брэнд “Рассвета” — коні. На іх і К.П.Арлоўскі ў свой час падымаў гаспадарку. А Яцкевіч са Старавойтавым пайшлі далей, заняліся развядзеннем рускіх цяжкавозаў і рэалізацыяй жарэбчыкаў.
Без належных кармоў у жывёлагадоўлі, як вядома, высокіх вынікаў не атрымаеш. Таму ў гаспадарцы будуюцца высокамеханізаваны камбікормавы цэх магутнасцю 18 — 20 тон камбікармоў у суткі. У супрацоўніцтве з Казанскім хіміка-тэхналагічным інстытутам асвойваецца тэхналогія закладкі сіласу з выкарыстаннем “мёртвай вады” — кансерванта…
Так у клопатах, пошуках і рэалізацыі навінак ў жывёлагадоўчай галіне непрыкметна праляцелі тры дзясяткі гадоў.
Шмат давялося перажыць Пятру Уладзіміра-вічу ў асабістым жыцці. Дачасная смерць любімага сына і жонкі, нібы зарубкі на ягоным сэрцы. Аднак ён выстаяў, вытрымаў і гэты невыносны боль, а суцяшэнне знаходзіў у любімай рабоце.
…Мінулі ліхія дзевяностыя. Пачалося адра-джэнне сельскай гаспадаркі. І Яцкевіч разам з “Рассветам” зноў на перадавых пазіцыях. Аднымі з першых у рэспубліцы на ферме ў Валосавічах імі была ўкаранёна тэхналогія вытворчасці малака на прамысловай аснове з даеннем у даільнай зале з камп’ютарным улікам аб’ёмаў малака і аднаўлення статка, раздачай канцэнтраваных кармоў у залежнасці ад прадуктыўнасці жывёлы.
За час работы ў “Рассвеце” П.У.Яцкевічу па-ступала шмат прапаноў аб пераходзе на іншую больш прэстыжную і высокааплачваемую работу. Аднак здрадзіць “Рассвету” ён не мог.
Даведачна. У 1984 годзе, адным з найбольш паспяховых для “Рассвета”, тут налічвалася 9595 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 2630 кароў з сярэднім надоем 3800 кг і валавым надоем 1289,3 ц у разліку на 100 га сельгасугоддзяў, 9159 галоў свіней, 400 авечак.
Шмат чаго можна прыгадаць. Але самае галоўнае — гэта штодзённая, скрупулёзная работа, у якой Пятра Уладзіміравіча вызначалі мэтанакіраванасць, прынцыповасць, бескампраміснасць, а ў жыцці — чалавечнасць, беражлівае, паважлівае стаўленне да людзей. Таму і сёння работнікі сельгаспрадпрыемства лічаць яго сваім, прыходзяць, тэлефануюць, раяцца.
А ён сам яшчэ не пенсіянер са стажам, удасканальвае навыкі, закладзеныя бацькам. Увесь дзень Пятра Уладзіміра-віча праходзіць у клопатах, працы і справах. Пчолапасека, догляд за садам, кветнікам. Ягоны дом — адзін з найбольш прыгожых на вул.Зялёнай у а/г Мышкавічы. А яшчэ, і гэта самае галоўнае, дзеці: дачка Маша, сын Уладзімір, унукі Ванэса і Дзімка.
Штогод шматлікае сямейства Яцкевічаў наладжвае сустрэчу пакаленняў, на якую збіраюцца браты, сёстры, дзеці, унукі. І тады перамешваюцца, дапаўняючы і ўзбагачаючы адзін аднаго ўспаміны дзедаў і бацькоў, планы, задумкі маладых: род Яцкевічаў працягваецца.
Віншуючы з юбілеем кавалера ордэнаў Пашаны і Працоўнага Чырвонага Сцяга, уладальніка шматлікіх медалёў і дыпломаў ВДНГ СССР, Ганаровых грамат Пятра Уладзіміравіча Яцкевіча, хочацца пажадаць яму моцнага здароўя, нязгаснай энергіі, простага чалавечага шчасця, любові і пашаны блізкіх. З юбілеем цябе, дарагі сябар і настаўнік!
Рыгор ДАЙНЕКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.