Пілотны праект: эфектыўная і якасная работа медустаноў у новых умовах

З 1 студзеня 2013 года ў г.Мінску і Магілёўскай вобласці стартуе пілотны праект па правах кіраўнікоў медустаноў распараджацца выдзяляемымі ім бюджэтнымі фінансавымі сродкамі. Удзельнікам праекта ў ліку іншых медустаноў вобласці, будзе і наша райбальніца. Аб тым, што сабой уяўляе праект і якіх перамен чакаць медработнікам і пацыентам, наша гутарка з галоўным урачом райбальніцы, членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аленай КРУЦЬКО.
— Алена Аляксееўна, у чым сутнасць праекта?
— Задачай пілотнага праекта ставіцца ўдасканальванне фінансавання сістэмы аховы здароўя і аплаты працы яе работнікаў. Кіраўнікам медустаноў надаецца права распараджацца тымі фінансавымі сродкамі, якія выдзяляюцца на лячэбную ўстанову. І гэта, лічу, вельмі правільна, паколькі павысіць зацікаўленасць урача ў канчатковым выніку. Да таго ж менш часу будзе траціцца на ўзгадненне пры пераразмеркаванні сродкаў з аднаго артыкула расходаў на другі.
Калі рэалізацыя гэтага пілотнага праекта дасць станоўчыя вынікі, ён будзе перанесены, як норма закона, у сістэму аховы здароўя на ўсёй тэрыторыі рэспублікі, іншымі словамі, з 2014 года ўсе лячэбныя ўстановы краіны пяройдуць на такую работу.
— Памятаецца, што нешта падобнае практыкавалася ў савецкія часіны. Называлася брыгадны падрад.
—Так. Калі я ў свой час працавала ў Казахстане, нешта падобнае на наш цяперашні пілотны праект там ужо практыкавалася. Дапускалася работа на 2 стаўкі, тым, хто заслугоўваў, выплачвалася да 100% прэміяльных. На дадзены момант мы ў сябе такога не можам зрабіць, а вось у межах пілотнага праекта лю-дзям, якія выконваюць вялікі аб’ём работы якасна, можна будзе даплачваць да 100% прэміяльных. Гэта па-першае. А па-другое, пілотны праект дазваляе кіраўніку самастойна, як гаспадару, па свайму разуменню размяркоўваць вы-дзеленыя дзяржавай фінансавыя сродкі на першачарговыя для дадзенай медустановы патрэбы. Калі раней фінансавы аддзел райвыканкама размяркоўваў нам сродкі паквартальна, і мы заўсёды абураліся, што ў першым квартале грошай не хапае, то зараз, згодна Палажэння аб пілотным праекце, будзе інакш: сродкамі, як я ўжо адзначыла, будзем распараджацца самі.
— Але ж гэта накладвае і дадатковую адказнасць.
—Безумоўна. Аднак, напэўна прыйшоў такі час. Адказнасць павінна быць ва ўсім. І ў стаўленні людзей да ўласнага здароўя — таксама. Аказанне медыцынскіх паслуг у нашай краіне бясплатнае. Аднак павялічваюцца цэны на медыкаменты, а ў выніку — і на медыцынскія паслугі. Канешне, узровень жыцця людзей розны, і не ўсім па кішэні дарагое лячэнне. А вось клапаціцца аб захаванні свайго здароўя неабходна ўсім. У сферы аховы здароўя працую больш за 30 гадоў і з поўнай адказнасцю магу сказаць, што насельніцтва перастала цаніць ўласнае здароўе. Людзі не ўмеюць і не імкнуцца весці здаровы лад жыцця, перасталі прадпрымаць прафілактычныя меры, каб не захварэць. Горш таго, і дзяцей не прывучаюць да здаровага ладу жыцця. Між тым, здароўе нацыі і здароўе кожнага грамадзяніна краіны — неацэнныя. Нездарма такая вялікая ўвага захаванню і ўмацаванню здароўя насельніцтва надаецца ў нас на дзяржаўным узроўні: будуюцца спартыўныя комплексы, лядовыя арэны, адкрываюцца шматлікія трэнажорныя залы, спартыўныя секцыі, дзе наладжваюцца заняткі дзяцей. Як медык, усведамляю, што гэта неабходна, бо ў сувязі з вялікім ростам інфарматызаванасці, шырокім распаўсюджваннем і выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі, у тым ліку і для правядзення вольнага часу, гульняў, вастрыня зроку ў нашых дзяцей зніжаецца, з’яўляюцца раннія скаліозы, назіраюцца такія захворванні пазваночніка, суставаў, якія дыягнаставаліся раней у больш сталым (30 — 40 гадоў) узросце. Для нармальнага фізічнага развіцця дзяцей ім патрэбны рухомыя гульні, свежае паветра. А ў нас некаторыя забылі, што такое вуліца, сняжкі, канькі…
— Іншымі словамі, пілотны праект накіраваны на тое, каб насельніцтва — вашы патэнцыяльныя пацыенты — больш думала аб уласным здароўі, прыкладала максімум намаганняў да яго захавання, а не імкнулася, захварэўшы, перакласці ўсе клопаты на плечы медыкаў, адлежвацца ў стацыянары?
— У пэўнай ступені — так. Вопыт іншых краін, дзе падобны нашаму пілотнаму праекту метад работы ўстаноў аховы здароўя ўжо апрабаваны, паказвае, што ў стацыянарах трэба скарачаць “непрацуючыя” ложкі, куды змяшчаюцца сацыяльныя хворыя. Я маю на ўвазе пажылых людзей з хранічнымі захворваннямі, выкліканымі ўзроставымі змяненнямі. Яны там не павінны знаходзіцца, стацыянарныя ложкі і адпаведнае лячэнне прызначаецца для экстраных і складаных выпадкаў. А ў цэлым прыярытэт павінен надавацца амбулаторна-паліклінічнаму звяну, хірургіі аднаго дня, як гэта практыкуецца ва ўсім свеце. Так, напрыклад, праводзяцца аперацыі на вачах: хірургічныя маніпуляцыі правялі раніцай, а ўвечары, калі няма проціпаказанняў і ўскладненняў, пацыента выпісваюць, і потым на працягу перыяду рэабілітацыі ён прыязджае на кансультацыі.
— Такі падыход прадугледжвае, напэўна, і адпаведнае пераразмеркаванне бюджэтных сродкаў…
— Згодна пілотнага праекта, на амбулаторна-паліклінічнае звяно будзе выдаткоўвацца не менш 40% сродкаў. Скарачэнне стацыянарных ложкаў вы-слабаніць шэраг пасад, аднак звальнення работнікаў не плануецца, паколькі яны будуць пераведзены ў амбулаторна-паліклінічнае звяно. У прыватнасці, мяркуем узмацняць аддзяленне дзённага знаходжання: вернемся да нашага 25-ложкавага стацыянара. Яго вымушаны былі закрыць з-за нерэнтабельнасці, бо не выконваўся план ложка-дзён. Людзі чамусьці лічаць, што стацыянарнае лячэнне больш эфектыўнае. Хаця ў прынцыпе розніцы ніякай, бо калі ёсць магчымасць прыехаць і пралячыцца ў дзённым стацыянары, то гэта і дзяржаве больш танна абыходзіцца, і чалавек, атрымліваючы ўвесь комплекс лячэння, не адрываецца ад сям’і, звыклага ўкладу жыцця, што станоўча ўплывае на працэс выздараўлення. І для лю-дзей рэжым работы аддзялення зручны: з 8 да 20 гадзін, без выхадных.
— Алена Аляксееўна, вернемся да пытання аб так званых сацыяльных хворых. Урэшце, насельніцтва старэе…
— Так, колькасць пажылых людзей павялічваецца, і гэта асабліва адчуваецца ў сельскай мясцовасці. Моладзь паранейшаму імкнецца ў горад. У занятых важнымі справамі дарослых дзяцей няма часу пастаянна клапаціцца аб састарэлых бацьках. І, прыязджаючы да іх на выхадныя, яны нібы стараюцца кампенсаваць сваю адсутнасць, пачынаюць актыўна “аздараўліваць” бацькоў: па раёне ў гэты перыяд рэзка павялічваецца колькасць вызавоў “хуткай дапамогі”, а з надыходам халадоў узрастае нагрузка на тэрапеўтычнае аддзяленне райбальніцы, бо старых усімі сіламі іх дзеці стараюцца ўладкаваць на бальнічны ложак, пракалоцца, падлячыцца. Мы разумеем людзей сталага ўзросту: яны шмат працавалі і зарабілі права на медыцынскае абслугоўванне. Як чалавек, я разумею і імкненне дзяцей такім чынам дапамагчы сваім састарэлым бацькам, але, як адміністратар, лічу, што нельга перакладваць функцыю клопату аб бацьках на дзяржаву, у прыватнасці, на медыцыну. Арганізм старэе, з гадамі чалавек набывае “букеты” хвароб, часта — хранічнага характару. Аднак гэта не азначае, што кожны пажылы чалавек павінен знаходзіцца ў стацыянары. А калі ўлічваць, што за кошт працоўных адлічэнняў утрымліваюцца дзеці, пенсіянеры, становіцца відавочным, што прыярытэт у аказанні медыцынскай дапамогі і падтрыманні здароўя павінен аддавацца асобам працаздольнага ўзросту. Менавіта ад стану іх здароўя залежыць эканамічнае развіццё любой краіны. Калі мы не будзем плённа працаваць і даваць аддачу, дзяржава проста перастане існаваць!
— На Ваш погляд, што будзе самым складаным пры рэалізацыі пілотнага праекта?
— Самым складаным? Думаю перабудаваць мысленне насельніцтва ў бок таго, што нельга абыякава ставіцца да ўласнага здароўя, што калі ў вас хранічнае захворванне, то трэба лячыцца, рэгулярна прымаць лякарствы і выконваць рэкамендацыі ўрача, а не зацягваць сітуацыю, пагаршаючы сваё здароўе, а потым імчацца ў бальніцу з патрабаваннем змяшчэння ў стацыянар. Многія пры гэтым яшчэ і крыўдуюць, маўляў, а што мы не зарабілі?!. Кожная дапамога павінна аказвацца па паказаннях. Трэба заўсёды памятаць, што, магчыма, камусьці сапраўды патрэбна экстраная дапамога.
Трэба мяняць стэрэатыпы ў адносінах да свайго здароўя. Дарам лячыцца — дарэмна. Калі набываем тэлевізар, беражом і шануем яго. А атрымаўшы з нараджэннем сваю долю здароўя, чамусьці ставімся да яго абыякава.
Пагадзіцеся, што не доктар павінен думаць аб вашым здароўі. А вы самі павінны клапаціцца аб ім, а доктар — надзейны памочнік і дарадчык на гэтым шляху. Уласная абыякавасць калі гадамі не з’яўляемся ў паліклініцы, не лечымся, прыводзіць да сур’ёзных праблем са здароўем. А калі чалавек усведамляе, што павінен быць здаровым, то гэта дае вынік.
Змяненне мыслення павінна адбыцца не толькі ў пацыентаў, але і ўрачоў. У першы, адаптацыйны перыяд рэалізацыі пілотнага праекта, найбольш складана прыдзецца, канешне нам, медыкам.
Наогул, мяняць псіхалогію людзей заўсёды няпроста. Але ўсё новае так успрыймаецца. У свой час, калі мы пераводзілі стаматалогію, дзіцячую кансультацыю ў бальнічны гарадок, гэта ўспрымалася насельніцтвам вельмі хваравіта. А зараз бачна, што прынятае тады рашэнне было правільным, і людзі задаволены, бо ўсё сабрана ў адзіную ўстанову і, прыйшоўшы на тэрыторыю райбальніцы, можна атрымаць комплекс медыцынскіх паслуг, пракансультавацца, абследавацца, пралячыцца.
Усе тонкасці і нюансы пілотнага праекта нам прадстаіць дасканала вывучыць. Як гаворыцца, вочы баяцца, а рукі робяць. Вяртання да старага не будзе. Ідуць перамены ў жыцці, прычым перамены да лепшага. І дабрабыт насельніцтва, нягледзячы ні на што, расце. Варта прыгадаць колькасць прыватных аўтамабіляў. Аднак не гэта павінна быць паказчыкам, а разуменне таго, што, каб мець дастатак, трэба, у першую чаргу, быць здаровым, і ўласным прыкладам прывучаць дзяцей змалку клапаціцца аб сваім здароўі. І пачынаць з элементарнага: чысціць зубы, рабіць ранішнюю фіззарадку, рацыянальна харчавацца, пазбавіцца шкодных звычак…
— Рабіць прафілактычныя прышчэпкі…
—Абавязкова! Дзяржава нездарма, дзесьці, магчыма, дабраахвотна-прымусовым шляхам, затрачваючы значныя сродкі, праводзіць масавую прафілактычную вакцынацыю. І гэта не чыясьці выдумка, а жыццёва неабходная мера. Медыкі ведаюць, як дорага абыходзіцца знаходжанне хворага на той жа грып у бальніцы. Але ж грып небяспечны не самім захворваннем, а наступствамі, ускладненнямі хваробы. Іх лячэнне асабліва дарагое. А самае страшнае, што чалавек у выніку захворвання страчвае здароўе, якога ўжо не вярнуць.
— Пілотны праект прадугледжвае рэарганізацыю аплаты працы медработнікаў. Якім чынам будзе вызначацца ўклад кожнага?
—Праект разлічаны не проста на ўдасканальванне і паляпшэнне сістэмы аплаты працы медыкаў, а на павышэнне якасці іх працы. Трэба разумець, што, калі людзі будуць атрымліваць за кошт выслабаніўшыхся сродкаў большую зарплату, то і патрабаванні ўзрастуць. Крытэрыі ацэнкі вельмі высокія. Індыкатары якасці прадугле-джаны літаральна для кожнай спецыяльнасці ўрача, для кожнага работніка медыцынскай установы, у першую чаргу, кіраўніка. І зарплата будзе складвацца з улікам гэтых індыкатараў якасці. Тут дадаткова прыдзецца папрацаваць нашым метадыстам: індыкатары якасці мы павінны будзем самі распрацаваць для кожнай медыцынска-прафілактычнай установы.
Калі ў нас будуць сэканомлены фінансавыя сродкі, то яны застануцца ў нас, пяройдуць у наступны год. Раней нявыкарастаныя грошы ў нас забіралі. Яшчэ адзін нюанс пілотнага праекта ў тым, што раней, калі ў нас не хапала сродкаў, то фінансавыя тэрытарыяльныя службы нас даціравалі, то пры пілотным праекце гэта катэгарычна забаронена.
З вызначанымі пілотным праектам задачамі, думаю, справімся. Галоўнае, каб выдзеленыя нам фінансавыя сродкі мы правільна размеркавалі. Фінансаванне, як і раней, будзе фарміравацца з разліку на 1 жыхара. Даціравацца пілотны праект дадаткова не будзе. Яго мэта — на практыцы пераканацца, што медустановы ў стане працаваць больш эфектыўна і якасна.
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.