Традыцыі якасці

У сёмы раз Кіраўскае райспажыўтаварыства было сёлета ўдзельнікам спецыялізаванага рэспубліканскага агляду якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў «Ласунак ». І зноў — поспех: капілку ўзнагарод, якімі адзначалася прадукцыя нашых хлебапёкаў і кандытараў за ўдзел у прафесійных конкурсах у апошнія гады, папоўніла яшчэ чатыры медалі, два з іх — сярэбраныя: за хлеб “Ад бабулі” заварны і хлебушак “Грачышны”, і два бронзавыя: за за сухары “Арыгінальныя” кунжутныя і пячэнне аўсянае “Арэхавае”.
На рэспубліканскім аглядзе якасці «Ласунак- 2012» была прадстаўлена ўся галіна хлебапячэння краіны. З Магілёўшчыны — 9 хлебапякарных прадпрыемстваў, на рахунку якіх — 21 медаль, чатыры з іх, як мы ўжо адзначалі, заваявалі кіраўчане.
Як адзначыла начальнік вытворчага аддзела райспажыўтаварыства Святлана Васільева, праўленнем арганізацыі надаецца вялікая ўвага развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы прамысловай галіны і яе тэхнічнаму пераўзбраенню. Сёлета набыта печ “Мусон-Ротар” для выпечкі хлебабулачных, подавых і белабулачных вырабаў, а таксама машына для нарэзкі хлебабулачных вырабаў “Лазамет”. На наступны год запланавана набыць цестадзяліцель, замяніць паравы кацёл, упаковачную машыну.
Нагадаем, што прамысловая галіна райспажыўтаварыства займаецца выпускам хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, мясных паўфабрыкатаў, швейных вырабаў, а ў летні час — вытворчасцю хлебнага квасу.
Штомесячны асартымент хлебабулачных вырабаў складае 30 найменняў. Спажыўцамі прадукцыі з’яўляюцца не толькі кіраўчане, але і жыхары Бабруйска, іншых райцэнтраў Магілёўшчыны. Працуе вытворчы аддзел і з прыватнымі прадпрыемствамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі нашага і Бабруйскага раёнаў па арганізацыі рэалізацыі сваіх вырабаў. Удзельная вага хлебабулачнай прадукцыі, пастаўляемай за межы раёна, складае 23% у агульным аб’ёме рэалізацыі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.