Ведаць і змагацца за сваё здароўе

У Беларусі стартавала інфармацыйная кампанія «Чырвоная лінія. Спынім СНІД разам!». Яна праходзіць у рамках рэалізуемага Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь у супрацоўніцтве з Праграмай развіцця ААН гранта Глабальнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй «Забеспячэнне ўсеагульнага доступу ключавых пацярпеўшых груп насельніцтва ў Беларусі да прафілактыкі, лячэння і догляду ў сувязі з ВІЧ». Інфармацыйная кампанія накіравана на інфармаванне насельніцтва аб праблеме СНІДу і захаванне свайго здароўя і блізкіх; папулярызацыю сямейных каштоўнасцей як абароны ад СНІДу; фарміраванне талерантнага стаўлення да людзей, якія жывуць з ВІЧ.
У наш час распаўсюджванне ВІЧ-інфекцыі, СНІДу набыло памеры пандэміі. Хвароба не выбірае па матэрыяльным, сацыяльным, культурным ці маральным статусе. І гатовым уступіць з ёй у барацьбу павінен быць кожны. Сацыяльная рэклама, прапагандысцкія фільмы, буклеты, тэматычныя мерапрыемствы і многае іншае накіраваны на тое, каб кожны адкрыўся насустрач ведам. Ведаць і змагацца за сваё здароўе — заклік, які дасылае цэнтральная раённая бібліятэка ўсім, хто не гатовы даць адказ на пытанне “Як жыць у свеце, дзе лютуе эпідэмія ВІЧ/СНІД?”.
Напярэдадні Сусветнага дня барацьбы са СНІДам у цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў урок-папярэджванне “СНІД: ведаць і змагацца. Знакамітыя ахвяры СНІДу”. Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы 1-га курса ліцэя №15 на чале з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Людмілай Дрэмезавай. У межах урока аддзел кінавідэамерапрыемстваў правёў прэзентацыю па тэме. Падрабязна былі асветлены пытанні ўзнікнення захворвання, шляхоў заражэння ВІЧ-інфекцыяй і яе сімптомаў, мер прафілактыкі. Работнікі бібліятэкі ў праведзенай гутарцы ўзгадалі, што вірус знаходзіцца ва ўсіх вадкасцях чалавека і можа перадавацца палавым шляхам, ін’екцыйным (праз нестэрыльныя іголкі і шпрыцы), перантаральным — ад маці да дзіцяці ў час цяжарнасці, родаў, груднога кармлення.
Былі прадстаўлены буклеты з правіламі паводзін у барацьбе са СНІДам. Кожны з удзельнікаў мерапрыемства прымацаваў да вопраткі пунсовую стужку — міжнародны сімвал салідарнасці з заражонымі ВІЧ-інфекцыяй. Кульмінацыяй мерапрыемства стала акцыя “Мы супраць СНІДу!”, якая прайшла на плошчы імя Кірава райцэнтра. Яе ўдзельнікі з пунсовымі паветранымі шарамі, злучылі рукі і паспрабавалі паўтарыць форму пунсовай стужкі, а потым прайшлі па цэнтральнай вуліцы горада і пусцілі ў нябесны блакіт паветраны шар з інфармацыяй на чатырох мовах — рускай, англійскай, французскай і нямецкай аб тым, што сабой уяўляе ВІЧ/СНІД, якія наступствы гэтага захворвання, шляхі заражэння, правілы прафілактыкі.
Жыццё чалавеку дадзена, каб ствараць, вучыцца і верыць, што ўсё будзе добра. А каб так і было, трэба ўзброіцца ведамі. Гэта невядомае заўсёды пужае, а веды — надзейны сродак нават супраць такой небяспечнай хваробы, як ВІЧ/СНІД.
Марына ЦВЯТКОВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.