Верныя традыцыям рэвалюцыі

З нагоды 95-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў мінулы аўторак у в.Стаўпішча ля магілы земляка — ўдзельніка рэвалюцыі, матроса крэйсера “Аўрора” І.Ф.Пятрушы прайшоў мітынг. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі грамадскасці, члены раённых арганізацый камуністычнай партыі Беларусі, РГА “Белая Русь”, школьнікі.
Пачынаючы з 1918-га, наш народ у розных умовах сустракаў кастрычніцкае свята: і ў суровыя гады грамадзянскай, Вялікай Айчыннай войн, і ў дні мірнай працы. Так, 7 лістапада 1941 года на Краснай плошчы ў Маскве праходзіў парад часцей Чырвонай Арміі, прама з яго салдаты ішлі на фронт — абараняць Радзіму ад ворага. Сакратар раённай арганізацыі камуністычнай партыі Беларусі, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Васіль Маркевіч у сваёй прамове на мітынгу адзначыў, што Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала пачатак глыбокім сацыяльным пераменам ва ўсім свеце. Дзякуючы рэвалюцыйным падзеям беларускі народ здабыў дзяржаўнасць, стварыў эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял, захаваў і ўзбагаціў нацыянальную культуру.
— Аналізуючы шлях, які абрала для сябе Беларусь, відавочна, што ідэі з’яднання народа і салідарнасці працуючых, роўнасці ўсіх людзей, павышэння узроўню і якасці іх жыцця, народжаныя Кастрычніцкай рэвалюцыяй, застаюцца актуальнымі і ў цяперашнім жыцці беларусаў, — адзначыў Васіль Маркевіч напрыканцы вы-ступлення.
Яго падтрымала і старшыня раённага Савета ветэранаў, член райкама РА КПБ Эма Карпук:
— Гісторыя зноў і зноў пацвярджае значнасць Вялікага Кастрычніка. Мір і стабільнасць у нашай краіне з’яўляюцца гарантыяй правільнасці абранага шляху.
На магілу рэвалюцыянера-земляка школьнікі ўсклалі кветкі і адзначылі, што гэтыя кветкі — сімвал нязгаснай памяці пакаленняў аб тых, хто аддаў свае жыцці за нашу свабодную будучыню.
Напрыканцы мітынгу прагучала пажаданне, каб усё лепшае, што дала беларускаму народу Кастрычніцкая рэвалюцыя, паслужыла далейшаму прагрэсіўнаму развіццю нашай дзяржавы.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.