Ветэранам — удзячнасць і павага

Традыцыйна ў лістападзе супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў ушаноўваюць ветэранаў — у знак таго, што не страчана сувязь пакаленняў, вопыт і напрацоўкі былых міліцыянераў і дагэтуль маюць неацэннае значэнне для тых, хто ў нашы дні нясе службу на варце аховы правапарадку.
Ветэранская арганізацыя РАУС пачала дзейнасць у 1992 годзе і на той час аб’ядноўвала ў сваіх радах 12 чалавек. Зараз жа міліцэйскі ветэранскі састаў налічвае 60 чалавек, якія значную частку свайго жыцця аддалі служэнню на карысць нашай дзяржавы, з пачуццём высокай адказнасці забяспечвалі належны грамадскі парадак, змагаліся са злачыннасцю.
Сярод членаў арганізацыі — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы воін-інтэрнацыяналіст, 5 удзельнікаў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС, а таксама 6 прадстаўніц цудоўнай паловы чалавецтва. У полі зроку актывістаў арганізацыі і кіраўніцтва райаддзела — жыццё і клопаты ветэранаў, іх радасці і нягоды, поспехі і няўдачы. Не пакідаюцца без увагі і родныя работнікаў міліцыі, якія пакінулі гэта жыццё, а гэта 13 сем’яў.
Не сакрэт, што ў сталым узросце асаблівыя клопаты можа дастаўляць здароўе. У ветэранскай арганізацыі РАУС праводзіцца значная работа па паляпшэнні санаторна-курортнага абслугоўвання былых міліцыянераў. З гэтай мэтай актывісты арганізацыі наладзілі кантакт з кіраўніцтвам рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. Аб паступленні пуцёвак адразу ж інфармуюцца члены арганізацыі, жадаючыя накіравацца на лячэнне.
Праводзіцца работа і па паляпшэнні ўмоў пражывання ветэранаў, аказанні пасільнай дапамогі ў гаспадарскіх справах. У прыватнасці, штогод каля 70% сем’яў ветэранаў наведваюцца членамі савета арганізацыі з мэтай вывучэння бытавых умоў пражывання, а таксама сямейнага мікраклімату. Прымаюцца пажаданні, просьбы, напрыклад, аб набыцці паліва на асенне-зімовы перыяд, апрацоўцы прысядзібных участкаў і іншыя. У вырашэнні некаторых з гэтых пытанняў актыўна дапамагае і цяперашні працоўны калектыў райааддзела. Наогул ветэраны цесна ўзаемадзейнічаюць з асабовым саставам РАУС. Найбольш вопытныя з іх — Валерый Шахуноў, Валерый Кузубскі, Міхаіл Лагойка замацаваны за маладымі супрацоўнікамі, аказваюць ім практычную дапамогу, выхоўваюць пачуццё партыятызму да Радзімы і гонару да абранай прафесіі. Ветэраны — пастаянныя ўдзельнікі агульных сходаў асабовага саставу, урачыстых пасяджэнняў, на якіх прымаецца прысяга, уручаюцца пагоны з нагоды прысвоенага чарговага звання.
Адметна, што на працягу 20 гадоў — з моманту ўтварэння ветэранскай арганізацыі РАУС і дагэтуль — узначальвае яе Валерый Шахуноў — актыўны ў дзейнасці, уважлівы да кожнага з ветэранаў. Хочацца шчыра падзякаваць Валерыю Андрэевічу, а таксама актывістам ветэранскай арганізацыі РАУС за іх уклад у станаўленне і далейшае эфектыўнае развіццё праваахоўчай дзейнасці Кіраўшчыны і цяперашнюю актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю.
Аляксандр ШУНКЕВІЧ, начальнік РАУС.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.