Выпрабаваннямі загартаваная маладосць

Для кіраўчаніна Івана Аляксандравіча Корзуна сёлетняя восень адметная — 85-я ў ягоным жыцці, у якім былі і франтавое братэрства, і пасляваенная армейская служба на тэрыторыі братняй Манголіі, і бездакорная шматгадовая работа ў сферы культуры раёна, і цеплыня сямейных адносін, якая дагэтуль саграваце сэрца юбіляра…
Нарадзіўся І.А.Корзун у сялянскай сям’і ў в.Валосавічы ў 1927 годзе, 11 верасня, якраз на Івана, бацькі з гэтай нагоды і імя сыну адпаведнае далі. А вось па пашпартных дадзеных імяніны ў Івана Аляксандравіча менавіта сёння, 2 лістапада. Дарэчы, з гэтай датай у ягоным жыцці звязана яшчэ адна незабыўная падзея: 2 лістапада 1944 года сямнаццацігадовым юнаком ён быў прызваны ў дзеючую армію.
— Са станцыі Беразіно чыгункай, — успамінае ветэран, — нас, неабстраляных “жаўтароцікаў” даставілі ў г.Кіраў, што пад Масквой. Спачатку трапіў у пяхоту, але, паколькі да вайны я закончыў 7 класаў, што на той час лічылася неблагой адукацыяй, неўзабаве мяне перавялі ў артылерыю. Я быў камандзірам гарматнага разліку і біў ворага з пушкі, накшталт той, што стаіць сёння на пастаменце на вуліцы Кірава райцэнтра.
Служыў разам з прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей. Але там, на фронце, мы былі адной сям’ёй. Дапамагалі адзін аднаму, ратавалі, як маглі. З апошняга дзяліліся ежай. Мы ведалі, за што ваявалі і паважалі адзін аднаго, гатовы былі аддаць уласнае жыццё за таварыша. Выпрабаванні ваеннага ліхалецця сталі для нашага пакалення сапраўднай загартоўкай духу, якой хапіла на ўсё жыццё…
З 15 снежня 1944 па 25 красавіка 1945 года Іван Аляксандравіч біў фашыстаў, а потым прымаў удзел у баях супраць мілітарысцкай Японіі. Пасля капітуляцыі квантунскай арміі вайсковая часць, у якой служыў Корзун, была перадыслыкавана назад у Манголію.
— У гэты перыяд частку салдат, — працягвае свой расказ Іван Аляксандравіч, — у асноўным 1926 года нараджэння, пачалі дэмабілізоўваць, а для нас, хто быў на год маладзейшым, падмены не прыслалі, і я працягваў сваю армейскую службу на тэрыторыі Манголіі.
У распалажэнні часці, дзе служыў І.А.Корзун, быў Дом афіцэраў з радыёвузлом, кінаўстаноўкай. І гэтая акалічнасць вызначыла яго далейшы, пасляармейскі жыццёвы шлях. А ўсё таму, што кемлівага маладога салдата, які цікавіўся радыётэхнікай запрыкмецілі і накіравалі на вучобу. З курсаў у Чыце ён вярнуўся з пасведчаннем аператара кінаўстаноўкі, працягваючы службу, дэманстраваў кінафільмы, загадваў Домам афіцэраў.
Дэмабілізаваўся І.А.Корзун з арміі толькі 1 мая 1951 года. Узгадвае, што за сем гадоў армейскай службы толькі двойчы быў у водпуску: у 1946 і 1949 гадах. Асабліва памятнай для ветэрана стала першая паездка ў водпуск: першы прасляваенны год, разруха, натоўпы лю-дзей, якія вярталіся хто з вайны, хто з эвакуацыі. Ехаць даводзілася і ў тамбуры цягніка, і на даху вагона. А было гэта ўзімку… Але ніякія цяжкасці не маглі спыніць імкнення хоць на дзянёк завітаць у родны дом, пабачыць сваіх блізкіх.
Ужо ў ліпені 1951 года, праз месяц пасля дэмабілізацыі, былы вайсковец Іван Корзун заступіў на пасаду старшага кінамеханіка раённага Дома культуры.
— Кіно на той час было вельмі запатрабаваным. — прыгадвае Іван Аляксандравіч. — А майго папярэдніка якраз прызвалі ў армію, і трэба было запоўніць вакансію дасведчаным, падрыхтаваным спецыялістам. Вось і запрасілі мяне на работу. Так, практычныя навыкі я меў, і неблагія, бо ў арміі даводзілася працаваць на самай сучаснай замежнай апаратуры, а вось адукацыі яўна не хапала. І як няёмка ні было, але мусіў пайсці вучыцца ў школу, працаваў і атрымліваў сярэднюю адукацыю.
А пачынаў Іван Аляксандравіч працаваць у ранейшым (старэйшае пакаленне кіраўчан памятае) драўляным будынку Дома культуры. Пазней быў пераведзены на пасаду інжынера, а з 1968 года назначаны дырэктарам кінатэатра, пры ім узводзіліся будынак кінатэатра, сучасны Дом культуры.
Вайсковы і працоўны шлях Івана Аляксандравіча Корзуна адзначаны ордэнам Айчыннай вайны, медалямі за перамогу над Германіяй і над Японіяй, шматлікімі працоўнымі ўзнагародамі, у ліку якіх Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета БССР .
— Быў такі час, — дзеліцца ўспамінамі І.А.Корзун, — калі раённы аддзел кінафікацыі трымаў першае месца па рэспубліцы. А дасягнуць такога было няпроста, патрабавалася выканання плана не толькі па колькасці сеансаў, але і гледачоў, прычым у разрэзе дарослага і дзіцячага кантынгенту, па аб’ёму дакументальнага кіно. Каб выканаць усё гэта, даводзілася шмат працаваць, праяўляць ініцыятыву і кемлівасць. Часта недасыпаў, бо сеансы вячэрнія, і калі трапляла папулярная кінастужка, стараліся адначасова дэманстраваць яе ў райцэнтры і бліжэйшых сельскіх клубах, дзе былі стацыянарныя кінаўстаноўкі. Тады сам сядаў за руль, браў пракручаныя ў Кіраўску тры, напрыклад, часткі фільма і вёз далей, у Мышкавічы, Любонічы, з тым, каб ахапіць большую колькасць гледачоў. Была ў нас і дамоўленасць з бабруйскім кінатэатрам “Таварыш”: адтуль па-за графіка бралі папулярныя кінастужкі. Нярэдка той факт, што сёння ў Кіраўску дэманструецца фільм, які толькі ўчора ішоў у Бабруйску, выклікаў здзіўленне ў кіраўніцтва кінафікацыі. Але мы не лічыліся ні з цяжкасцямі, ні з асабістым часам. Жылі на гасразліку, і работнікі штомясячна атрымлівалі прэміі. За час маёй работы толькі аднойчы занялі 2-е месца па вобласці пасля Чэрыкава, а так заўсёды толькі першынствавалі.
Кіно трывала ўвайшло ў жыццё Івана Аляксандравіча і стала не толькі аб’ектам яго прафесійнага інтарэсу і клопатаў, але і пазнаёміла з жонкай, у шчаслівым шлюбе з якой жывуць вось ужо 59 гадоў. Маладую аптэкарку запрыкмеціў на кінасеансах, а каб бліжэй па-знаёміцца нават іншы раз на месца кантралёра на ўваходзе станавіўся… З жонкай іх аб’ядноўвае многае, а па-першае — адданасць выбранай справе, Раіса Васільеўна, як і муж, усё жыццё адпрацавала ў адной сферы: ён — у культуры, яна — ў медыцыне аптэкарскім работнікам. Разам муж і жонка перажывалі і шчаслівыя моманты, і гора, гадавалі дзяцей, зараз радуюцца поспехам унукаў.
У размове Іван Аляксандравіч з гордасцю адзначыў, што прайшоў слаўны шлях камсамольца, уступіўшы ў рады маладзёжнай арганізацыі на фроце, дагэтуль з гонарам захоўвае свой партбілет. Галоўным у жыцці лічыць прыстойнасць і добрыя чалавечыя адносіны. Таму вельмі ўдзячны работнікам аддзела культуры на чале з Тамарай Галубоўскай, ад якіх заўсёды бачыць і падтрымку, і дапамогу. А маладому пакаленню жадае быць паважлівым, браць прыклад са старэйшага пакалення, не ўпускаць тых шырокіх магчымасцей для адукацыі і самараз-віцця, якія прапануе сучаснае жыццё і, разам з тым, заставацца патрыётамі, любіць і аберагаць сваю зямлю, сваю, Радзіму як гэта у свой час рабілі іх дзеды.
Запісала
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.