З выкарыстаннем мясцовай сыравіннай базы

Думаецца, многія кіраўчане бачылі ля прахадной замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Кіраўскі харчовы камбінат” (у якое, нагадаем, рэарганізаваўся былы кансервавы завод пасля таго, як яго ўласнікам стаў расійскі інвестар), яркі рэкламны стэнд з надпісам “Кладовая солнца”. Менавіта пад такім брэндам выпускаецца прадукцыя таварыства.
Раённая газета паведамляла сваім чытачам аб ходзе маштабнай рэканструкцыі на прадпрыемстве, у першую чаргу, на базе былога мяснога цэха, мантажы сучаснага абсталявання па вытворчасці канцэнтраванага яблычнага соку. І зараз гэтае падраздзяленне не пазнаць: на месцы старога цэха і яго будынка — сучасны прамысловы аб’ект са значнымі вытворчымі магутнасцямі.

Аб тым, як працуе новы цэх і якія пер-спектывы развіцця прадпрыемства, у нас была размова з намеснікам дырэктара харчовага камбіната, прадстаўніком інвестара, куратарам праекта запуску лініі па вытворчасці канцэнтраванага соку Юліяй РЭВЯКА.
— Наш праект — запуск лініі па вытворчасці канцэнтраванага соку ўзнік у працэсе распрацоўкі напрамкаў мадэрнізацыі кансервавага завода і стаў першым этапам гэтай мадэрнізацыі разам з уладкаваннем склада для захоўвання соку, — адзначыла Юлія Леанідаўна. — Будаўніцтва пачалі ў маі гэтага года і да ліпеня прадугледжаныя праектам будаўнічыя работы былі выкананы. Паралельна з гэтым вёўся мантаж абсталявання. Яно нямецкай вытворчасці, фірмы “Бюхер” — гэта сусветны лідар па выпуску абсталявання для перапрацоўчай прамысловасці: і агародніннай, і фруктовай груп. Намі ўстаноўлена лінія па перапрацоўцы яблыкаў на канцэнтраваны сок. Яе мантаж завяршыўся ў верасні, і ў сярэдзіне месяца мы атрымалі дазвол на выпуск прадукцыі. Адначасова з мантажнымі вяліся аддзелачныя работы па фасадзе будынка, бо ён быў у непрыглядным стане. Працэс рэканструкцыі зараз працягваецца і будзе закончаны да канца бягучага года.
— Юлія Леанідаўна, як мы бачылі, наведаўшы прадпрыемства, новы цэх працуе і выпускае прадукцыю. Ён вельмі ўражвае сваімі маштабамі. Які аб’ём яблыкаў перапрацаваны з сярэдзіны верасня, адкуль паступае сыравіна?
— На дадзены момант (а наша размова з Юліяй Рэвяка адбылася на пачатку лістапада — Рэд.) перапрацавана 1400 тон яблыкаў. Асноўная сыравінная зона — Магілёўская і Гомельская вобласці. Зараз працуем з Брэсцкай вобласцю: тут сады арыентаваны на зімовыя гатункі яблыкаў, іх закладваюць на захоўванне ў кастрычніку. Яны найбольш сакавітыя і салодкія, што прыярытэтна для вытворчасці канцэнтраванага соку.
— А якая максімальная магутнасць лініі?
— Яна дазваляе перапрацоўваць да 18 тыс. тон яблыкаў за сезон. А сезонам мы лічым перыяд у 100 дзён. Зразумела, дзеля максімальнага яго прадаўжэння сыра-віну трэба закладваць на захоўванне. Разглядаем магчымасць буртавання яблыкаў або ўладкавання спецыялізаванага сховішча.
— Канцэнтраваны сок, як мы ведаем, выкарыстоўваецца для вытворчасці натуральных сокаў. Куды вы мяркуеце пастаўляць сваю прадукцыю?
— Паколькі ўвесь свет зараз робіць стаўку на здаровае харчаванне, якое складаюць у тым ліку і натуральныя сокі, рэалізацыя прадукцыі новага цэха харчовага камбіната скіравана на сокавыя кампаніі. У Беларусі гэта “Старая крепость” (Бабруйск), “Савушкин продукт” (Брэст). Яны могуць купажыраваць канцэнтраваны яблычны сок або выкарыстоўваць у чыстым выглядзе для вы-творчасці натуральнага яблычнага соку, фасаваць ва ўпакоўку і рэалізоўваць. Ёсць у нас планы па выхаду на расійскі рынак, бо наша таварыства арыентуецца больш на экспартныя пастаўкі.
Пакуль прадукцыю мы не адгружалі, накапліваем у сябе да таго часу, як закончыцца яе сертыфікацыя. Гэты працэс не такі хуткі. Адгрузку плануем пачынаць у снежні.
— А па якіх іншых напрамках, акрамя вытворчасці канцэнтраванага яблычнага соку, плануецца развіваць прадпрыемства?
— Намечаны шэраг перспектыўных напрамкаў. Адзін з іх — розліў сокаў ва ўпакоўку Tetra Pack. Хацелі б таксама зрабіць акцэнт на перапрацоўцы агародніннай прадукцыі. У раёне ў значных аб’ёмах вырошчваюцца таматы, перац, фасоля, пастаянна ёсць прапанова гэтай прадукцыі. Мяркуем перапрацоўваць яе ў пюрэ, якое змяшчаць у сучасную ўпакоўку. Плануем набыць абсталяванне, з дапамогай якога можна драбіць тыя ж самыя ягады ў кавалачкі, а не кашыцу. Думаецца, гэта бу-дзе цікава пакупнікам. Увогуле, у рэгіёне цудоўная сыравінная база па ягадах і агародніне, і нам не складзе праблемы гэта пера-працоўваць. Будзем павялічваць свае аб’ёмы вытворчасці і выходзіць на замежныя рынкі. Наша таварыства нацэлена на тое, каб выпускаць сучасны прадукт высокай якасці.
— Да нас даходзіла інфармацыя, што на харчовым камбінаце плануецца вырошчваць і перапрацоўваць грыбы?
— Для гэтага ёсць пустуючыя плошчы — два старых вялізных агароднінасховішча. Мы разглядалі перспектыву вырошчвання тут грыбоў. Распрацоўваем праектную дакументацыю, упаўне магчыма, што намеры нашы будуць рэалізаваны. Пакуль разглядалі варыянт вырошчвання вешанак. Магчыма, гэта будуць шыітакі. Грыбы гэтыя — прадукт дыетычны, і таму актуальны для тых, хто сочыць за здароўем. Многія людзі захоўваюць пост, і падчас яго асноўны прадукт для папаўнення бялку — менавіта грыбы. Мы ўжо распрацавалі і рэцэптуры на грыбы марынаваныя. У наступным годзе мяркуем укараніць іх у вытворчасць.
Як паведаміла, далучыўшыся да нашай размовы, прадстаўнік інвестара Таццяна КОВАЛЬ, іх кампанія працуе на тэрыторыі Беларусі ў рамках трох інвестпраектаў, адзін з якіх — Кіраўскі харчовы камбінат, два другія — “Молочные горки” (г.Горкі), “БелСыр” (г.Калінкавічы).
На сёлетні год у мадэрнізацыю Кіраўскага харчовага камбіната запланавана інвестыраваць 52,8 млрд. рублёў, па стане на 1 лістапада, інвестыцыі склалі каля 75% ад гэтай сумы. Да канца года плануецца асвоіць астатнюю суму.
Так што, у камбіната, запэўнілі прадстаўнікі інвестара, ёсць добрыя перспектывы, і яны ўжо зусім блізкія.
Размаўляла
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.