Жыццё, аддадзенае працы

Сярод жыхароў раёна нямала людзей працавітых і сціплых, якія не патрабуюць ад іншых вялікай увагі да сябе. Між тым, яны яе заслугоўваюць за самаадданую працу на карысць працвітання роднага краю.
З кагорты такіх людзей — Ніна Рыгораўна Бяляўская з аграгарадка Мышкавічы. Больш 40 гадоў адпрацавала яна ў СВК “Рассвет” імя К.П. Арлоўскага, узнагаро-джана ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Нарадзілася жанчына ў вёсцы Лазовая Буда. Зараз гэтай вёскі ўжо няма, але памяць аб ёй захоўваецца ў сэрцах былых жыхароў. У простай сялянскай сям’і яна, як і іншыя чацвёра дзяцей, змалку прывучалася да вясковай працы, дапамагала бацькам.
Менавіта ў дзіцячым узросце і быў закладзены падмурак такой характэрнай для яе рысы, як працавітасць. На ўласны хлеб Ніна пайшла рана: адразу пасля заканчэння дзесятага класа ўладкавалася ў “ Рассвет” даяркай. Вопыту зусім не было, але дзякуючы старэйшым таварышам па працы, якія давалі парады, паказвалі і тлумачылі, дзяўчына хутка усё разумела.
За доўгія гады працавала і даяркай, і свінаркай. Добрасумленная праца, высокія паказчыкі, якіх дасягала Ніна Рыгораўна, былі адзначаны высокімі ўзнагародамі. Многія работы, якія зараз выконваюцца меха-нічным спосабам, тады даводзілася рабіць уручную. Калі, напрыклад, зараз кароў кормяць даглядчыкі, то тады гэта рабілі даяркі. Недзе і хітрыць прыходзілася, адзначыла ў размове жанчына, каб “урваць” больш корму і накарміць жывёлу са сваёй групы.
Тут жа, у Мышкавічах, Ніна Рыгораўна пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Ён працаваў у калгасе зваршчыкам. З часам пабудавалі дом, у якім жывуць і па сённяшні дзень, дапамагаючы і падтрымліваючы адзін аднаго.
Заўсёды прынцыпова, старанна, сумленна ставілася Ніна Рыгораўна да працы. Займала актыўную грамадскую пазіцыю. На працягу некалькіх гадоў была дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Спраўлялася з ўсімі справамі. Іншы раз прыходзілася ўставаць раніцай у чатыры гадзіны кароў даіць, а да дзесяці ўжо на сесію райсавета ў Кіраўск ехаць.
Пасля выхаду на пенсію Ніна Рыгораўна яшчэ пэўны час працягвала працаваць. І на свінаферме падрабляла, і прыбіральшчыцай у канторы. Рада жанчына, што і сёння ў СВК “Рассвет” імя К.П. Арлоўскага, не забываюць на яе. Віншуюць са святамі, дораць падарункі, аказваюць дапамогу, калі гэта патрэбна. Але галоўнае, канешне, гэта ўвага.
— Адчуваеш, што нездарма жыццё пражыў, і твая праца і намаганні былі патрэбнымі, — па-дзялілася з карэспандэнтамі “раёнкі” Н.Р. Бяляўская.
На мінулым тыдні Ніна Рыгораўна адзначыла свой дзень нараджэння. Шмат прыемных слоў і віншаваняў пачула яна яшчэ зранку. Калі мы завіталі да яе ў госці, тэлефон ветэрана працы не змаўкаў. А вечарам жанчына чакала гасцей да святочнага стала.
Кацярына КІРЭЕВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.