Будатрадавец — гэта гучыць ганарова!

У актавай зале Жыліцкага сельгаскаледжа адбылося ўшанаванне камандзіраў і байцоў маладзёжных будаўнічых атрадаў.
Працоўны семестр-2012 стартаваў у пачатку ліпеня. Рады ўдзельнікаў дзесяці будаўнічых атрадаў сфарміравалі 200 рабят — навучэнцы Жыліцкага сельгаскаледжа, ліцэя №15 і будаўнічага каледжа г.Бабруйска. Да канца лета і ў верасні байцы атрадаў шчыравалі на ўзвядзенні модуляў малочна-таварных ферм у сельгасарганізацыях нашага раёна.
Каб ва ўрачыстай атмасферы падзякаваць удзельнікам будатрадаў за працу, неабыякавасць і шчырае імкненне ўнесці свой уклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна, а таксама адзначыць лепшых з лепшых, у каледж завіталі кіраўнікі гаспадарак, іх намеснікі па ідэалагічнай рабоце, старшыні прафкамаў. Ганаровымі гасцямі мерапрыемства былі намеснік старшыні райвыканкама, начальнік раённага штаба працоўных спраў навучэнцкай моладзі Вольга Гаршкова, а таксама ветэраны камсамольскага руху А.Н.Падаляк, В.А.Герасімовіч, Н.І.Гушчына.
Цырымонія ўзнагароджвання лепшых атрадаў, іх камандзіраў і байцоў дыпломамі раённага штаба працоўных спраў і каштоўнымі падарункамі, прэміямі сельгасарганізацый праходзіла пад бурныя апладысменты гледачоў — аднакурснікаў і сяброў герояў урачыстасці. Думаю, не памылюся, калі выкажу меркаванне, што многія з іх шчыра пазайздросцілі будатрадаўцам, бо кожны з ушаноўваемых выходзіў на сцэну за заслужанай узнагародай з пачуццём гонару, а таксама ўдзячнасцю за прадастаўленую магчымасць зарабіць неблагія грошы і дастойную адзнаку працы.
У намінацыі “Лепшы будаўнічы атрад” пераможцамі прызнаны атрады імя Аляксандра Мельнікава (працаваў на базе СВК “Чырвоны баец”), імя Ерафея Дабравольскага (на базе СВК “Добасна-агра”), імя Аляксандра Худалеева (на базе СВК “Калгас “Свярдлова”).
Лепшымі камандзірамі сталі Раман Шарамета (атрад імя А.Мельнікава), Канстанцін Груздоў (атрад імя А.Рабцэвіча) і Арцём Цумараў (атрад імя А.Шоміна).
Прэміі ад сельгасарганізацый атрымалі лепшыя байцы атрадаў: Дзмітрый Буракоў, Антон Пасканны, Юрый Савельеў, Васіль Агурыч, Аляксандр Паціпка, Аляксандр Музычын, Максім Макаронак і Аляксандр Кахновіч.
Слова — гасцям цырымоніі ўшанавання ўдзельнікаў будатрадаў.
Вольга ГАРШКОВА, намеснік старшыні райвыканкама:
— Упэўнена, што не ўсе з кіраўнікоў гаспадарак ды нават саміх рабят верылі, што будатрадаўскі рух прыме такія буйныя маштабы. Атрымалася! Дзякуючы гэтым рабятам, іх жаданню працаваць. Ад імя райвыканкама хочацца падзякаваць і рабятам, і кіраўнікам сельгасарганізацый за тое, што гэтая добрая справа ў нас атрымалася, няхай не адразу, няхай праз пэўныя цяжкасці, аднак пачатак пакладзены!
Дзмітрый ГІРАЕЎСКІ, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама:
— У Беларусі — аднаўляецца студэнцкі будатрадаўскі рух, кіраўніцтва дзяржавы зацікаўлена ў гэтым. Сёлета па ўсёй рэспубліцы маладзёжныя атрады шчыравалі на буданіцтве музея Вялікай Айчыннай вайны, рэканструкцыі МТФ, падрыхтоўцы аб’ектаў да “Дажынак-2012” у Горках. У нашым раёне былі створаны неабходныя ўмовы для развіцця працоўнай актыўнасці навучэнцкай моладзі. Байцоў атрадаў забяспечылі рабочай вопраткай, харчаваннем, жыллём, транспартам, для іх наладжваўся цікавы адпачынак пасля працоўнага дня. Думаю, вопыт знаходжання ў будатрадзе даў рабятам шмат карыснага, дазволіць ім у будучым развіць лідарскія якасці, таварыскасць, узаемавыручку.
Анатоль ПАДАЛЯК, ветэран камсамольскага руху раёна:
— Рос я ў в.Пацава Слабада, памятаю, як усім класам сабраліся ехаць на камсамольскую будоўлю, аднак разнарадкі не атрымалі, таму засталіся шчыраваць на базе мясцовага калгаса “III з’езд Саветаў” — у Пацавай Слабадзе ўзводзілі двухпавярховы будынак клуба, гэта была першая камсамольская будоўля ўстановы культуры Магілёўшчыны. Ведаеце, што ў той час рабіла нас людзьмі? Паважлівае стаўленне да нас і нашай працы, кіраўнікі лічыліся з нашымі думкамі, прыслухоўваліся да меркаванняў, і мы, у сваю чаргу, паважалі старэйшае пакаленне за гэта. Хочацца пажадаць, каб з пакалення ў пакаленне перадаваўся жыццёвы дэвіз моладзі майго часу: “Спачатку думай аб Радзіме, а потым — аб сабе”.
Анатоль ЛАНКУЦЬ, старшыня СВК “Калгас “Свярдлова”:
— Роўна 30 год таму я таксама быў байцом будатрада, мае паплечнікі былі такімі ж маладымі, дужымі і аптымістычнымі, як гэтыя рабяты. Але мы былі больш падрыхтаваныя да жыцця і працы ў будатрадзе: на працягу года нас навучалі азам будаўнічых прафесій, мы шылі сабе форму, рыхтавалі дэвізы, распрацоўвалі лозунгі — гэта ўжо было цікава. Вядома, справа пачата добрая, трэба аднаўляць рух маладзёжных будаўнічых атрадаў, аднак хацелася б, каб у будучым да фарміравання атрадаў ставіліся больш сур’ёзна, магчыма, нават на конкурснай аснове.
Выказваю словы ўдзячнасці дырэктару сельгаскаледжа Уладзіміру Беламу за разуменне, адказных і добрасумленных рабят, якія працавалі на аб’ектах нашай гаспадаркі. Будатрады — справа цікавая, важная і патрэбная, спадзяюся, у будучым яна будзе працягнута.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.