Чароўная сіла мастацтва

…На тоненькім дроціку адна за адной з’яўляюцца кругленькія празрыстыя бісерынкі. У пакоі — цішыня. За вакном, на вячэрнім небасхіле ўжо даўно блішчаць зорачкі. Святло ад настольнай лямпы нібы адлюстроўвае ў кожным празрыстым шарыку бісеру журботы і радасці, слёзы і ўсмешкі, пачуцці, думкі, успаміны — яе жыццё…
Прызнацца, калі ішла на сустрэчу з кіраўчанкай Таццянай Іваніцкай, крыху хвалявалася, папярэдзілі: дзяўчына вельмі тонка адчувае навакольны свет, заваяваць яе прыхільнасць і давер не так проста. З першых жа мінут майго візіту да Таццяны справу знаёмства ўзяла ў свае рукі матуля — Раіса Іванаўна. Жвавая, гаваркая, аптымістычна настроеная жанчына правяла па пакоях, паказала майстэрню дачкі і галоўнае — яе работы: прыгожыя па выгляду і шыкоўныя па тэхніцы выканання дрэўцы з бісеру. Далучыўшаяся да нас спецыяліст аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў РЦСАН Ірына Старастава з гонаром падкрэсліла, што за тры гады заняткаў бісерапляценнем Танюша вырасла да таго ўзроўню, калі па тэхніцы выканання яе работы заслугоўваюць высокай прафесійнай адзнакі.
Жаданне паспрабаваць вырабляць сваімі рукамі кампазіцыі з бісеру з’явілася ў Таццяны, калі на базе РЦСАН пачаў працаваць гурток “Царства бісеру”. З інтарэсам дзяўчына разам з маці наведвала кожны занятак, але з часам Раісе Іванаўне па прычыне праблем з уласным здароўем вадзіць дачку ў Цэнтр станавілася ўсё складаней…
— Мы бачылі, з якім імпэтам Танюша развівала ў сабе здольнасць да бісерапляцення, а разам з гэтым развівалася і яе сацыяльная адаптацыя, — расказвае Ірына Старастава. — Танюша расцвітала на вачах, нібы бутончык ружы. Адчувалася, што чалавек пачынае давяраць акружаючым. Няўжо ж можна было пакласці канец гэтаму? Не! Я вырашыла, што буду прыходзіць да Тані дадому, займацца з ёй індывідуальна.
Над першай работай — елачкай Таня працавала разам з маці. Зараз гэтае бісернае дрэўца, нібы сямейная рэліквія, захоўваецца на самым бачным месцы, а зверху, на паліцах, увенчвае яго цэлая калекцыя. Вось букет бэзу — падарунак для маці, вось банзай — любімае дрэўца бацькі, амаль такое ж дрэўца са срэбранымі лісточкамі Таня падарыла брату Аляксандру.
Дарыць свае вырабы майстрысе не шкада. Таццяна хутка стварае новыя кампазіцыі. Бывае, што заседжваецца за работай да самай начы, калі ўся сям’я ўжо адпачывае. Акрамя калекцыі дрэў у пакоі дзяўчыны шмат рознакаляровых пакецікаў з бісерам, дроту, вазачак — гэта будучыя калекцыі. Асабіста для мяне, чалавека, які шчыра захапляецца бісернай прыгажосцю, але не ўяўляе, якім чынам ствараецца нават самы маленькі лісточак для самай простай мадэлі дрэўца, дзіўна, якой сілай волі, уседлівасцю і захапляльнасцю справай трэба валодаць, каб з мноства звычайных дробненькіх бісерных шарыкаў і дроту ствараць гэтую прыгажосць! У Таццяны ўсе пералічаныя якасці ёсць. А матэрыял для работы набываюць мама і тата. Дарэчы, Раіса Іванаўна сама не займаецца бісерапляценнем, а толькі дапамагае дачцы, у асноўным парадамі. Але ж падчас шопінгу зацягвае мужа ў магазін бісеру, а мужчына і не супраць, кажа, для дачкі ніякіх грошай не шкада!
Таццяна цэніць зацікаўленасць бацькоў яе захапленнем і стараецца чымсьці ім аддзякаваць: прыбярэ ў пакоі, сама пакорміць сваіх чацвяраногіх сяброў — сабак Біма і Чубайса, дапаможа па гаспадарцы.
У пачатку нашай сустрэчы дзяўчына ў асноўным маўчала і толькі крыху нясмелай усмешкай пацвярджала словы маці. Дарэчы Раіса Іванаўна для яе не проста матуля, а самая блізкая і надзейная сяброўка, думаю, некаторыя могуць нават пазайздросціць такой цеплыні і чуласці ў адносінах маці і дачкі, як у гэтым выпадку. Пасля таго, як мы разгледзілі работы, папілі чаю з цукеркамі, Таня пачала раскрывацца, я пачула яе прыемны мілагучны голас. А напрыканцы гутаркі дзяўчына пажадала чытачам і іх блізкім моцнага здароўя, любві і каб кожны знайшоў для сябе любімую справу, заняткі якой дараць радасць, адчуванне шчасця і таго, што рэчы зробленыя тваімі рукамі, здольныя ўпрыгожыць жыццё акружаючых.
На развітанне Таццяна падарыла шчырую шырокую ўсмешку, у сэрцы прытаілася думка, што ўсё ж такі ўдалося заваяваць хоць крышачку яе даверу, атрымалася спадабацца. А словы Раісы Іванаўны: “Бачыш, Таня, не ўсе людзі ў гэтым свеце дрэнныя і абыякавыя!”, хочацца пацвердзіць: сапраўды не ўсе. Шмат сярод нас і такіх бацькоў, як Раіса і яе муж, якія з мужнасцю і годнасцю нясуць праз жыццё свой крыж, і такіх сацыяльных работнікаў, як Ірына Старастава, якая згодная і ў дождж, і ў спёку, і ў люты мароз прыходзіць да сваёй выхаванкі, каб упэўніць яе, што сапраўды дабрыні ў нашым свеце і неабыякавасці больш.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.