Для надзейнасці электразабеспячэння спажыўцоў

Традыцыйна ў дзень свайго прафесійнага свята энергетыкі падводзяць вынікі работы за год. Аб тым, як калектыў раёна электрасетак філіяла Бабруйскія электрычныя сеткі РУП “Магілёўэнерга” спрацаваў у адыходзячым годзе, расказвае яго начальнік Рыгор АЛДАШКІН:
— Перш-наперш хочацца адзначыць высокі прафесіяналізм нашых работнікаў, згуртаванасць і адданасць справе ўсяго калектыву. Усё гэта разам дазваляе нам плённа працаваць, забяспечваючы бесперабойную падачу спажыўцам электрычнай энергіі.
Сёлета калектывам раёна электрасетак праведзены рамонт 131,8 км ліній 10 кВ, 84,7 км ліній 0,4 кВ, а таксама капітальна адрамантаваны 18 закрытых і 29 комплексных трансфарматарных падстанцый.
Для паляпшэння надзейнасці электразабеспячэння спажыўцоў у населеных пунктах Чыгірынка, Колбава, Боркі, Грыбавец, Шалаёўка па лясных масівах уздоўж прасек праходжання высакавольтных электраліній праведзена значная работа па ўборцы пагражаючых лініям дрэў. На плошчы ў 13 га ад дробналесся расчышчаны прасекі прахо-джання высакавольтных ліній ВЛ-10.
Праведзена рэканструкцыя ўчасткаў высакавольтных ліній ад ПС-35/10 “Чыгірынка” ( ад Гарадзецкага лясніцтва да в.Колбава), ад ПС-110/35/10 “Кіраўск” (ад в.Ахоцічы да в.Гарадзец), якія праходзяць па лясных масівах, а таксама галаўных участкаў высакавольтных ліній ад ПС-35/10 “Добасна”, ПС 35/10 “Кіраўск” і рэканструкцыя лініі №203 з уладкаваннем ад яе ліній 0,4 кВ з заменай уводаў жылых дамоў на ізаляваныя і ўстаноўкай вынасных шафаў уліку. Пабудавана ВЛ-0,4 кВ па вул.Міру райцэнтра. Завершаны электрамантажныя работы і ўведзены ў эксплуатацыю дзве мачтавыя трансфарматарныя падстанцыі па вул.Юбілейнай і Народнай.
Праведзена замена 335 ізалятараў на ВЛ-10 кВ, заменена 599 уводаў на ізаляваныя правады ў жылыя дамы.
Па прынцыпе “адно акно” раёнам электрасетак аказана 41 комплексная паслуга па падключэнні жылых дамоў да электрычных сетак.
Ажыццёўлена замена 1522 электралічыльнікаў.
Праводзіцца работа па абслугоўванні вулічнага асвятлення ў сельскіх населеных пунктах раёна. Прадпрыняты шэраг мер па паляпшэнні якасці работ. Значная ўвага надаецца пытанням аховы працы на прадпрыемстве.
Наш калектыў сустракае прафесійнае свята з добрымі паказчыкамі дзякуючы добрасумленным адносінам спецыялістаў да сваіх працоўных абавязкаў. У ліку лепшых — электраманцёры У.С.Лазаковіч і І.А.Ціхановіч, трактарыст Ю.С. Шкрабаў, вадзіцель І.М.Назарчук, электраманцёр па эксплуатацыі размеркавальных сетак М.В.Нікіфараў, кантралёр В.П.Савельева, слесар па рамонце гідратурбіннага абсталявання Чыгірынскай ГЭС У.І.Садоўскі, інжынер М.Н.Каранкевіч, якія за якасныя паказчыкі работы ў 2012 годзе ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі да прафесійнага свята.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.