Год мінулы — год наступны

З дапамогай бліц-апытанняў мы традыцыйна падсумоўваем вынікі адыходзячага года, важныя для ўсяго раёна і знамянальныя для асобных яго грамадзян, а таксама вызначаем арыенціры на год надыходзячы.
Алена КРУЦЬКО, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы:
— Адыходзячы год асабіста для мяне быў адметны тым, што мне аказалі высокі давер і выбралі сенатарам парламента Рэспублікі Беларусь ад Магілёўскай вобласці. Працую ў саставе Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці.
Парламентарыі ўжо вядуць актыўную работу, і ёсць канкрэтныя вынікі. Так, нядаўна мы адобрылі праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, прыняты Палатай прадстаўнікоў. Праект Закона накіраваны на ўдасканаленне прававога рэгулявання пытанняў назначэння і выплаты дапамог сем’ям з дзецьмі.
У мэтах максімальнага набліжэння памера дапамогі па цяжарнасці і родах да велічыні заробку, страчанага ў сувязі з уходам у водпуск з гэтай нагоды, змяняецца працягласць перыяду, за які вызначаецца сярэднядзённы заробак для вылічэння дапамогі. Так, у законапраекце прапаноўваецца для жанчын, працуючых на падставе працоўных дагавораў, членства (ўдзелу) ў юрыдычных асобах любых арганізацыйна-прававых форм, вызначаць гэты сярэднедзённы заробак за 6 каляндарных месяцаў. У цяперашні час гэты перыяд складае 2 месяцы.
Памер дапамогі па догляду дзіцяці ва ўзросце да 3-х год плануецца вылічваць зыходзячы не з бюджэту пражытачнага мінімуму, а з сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў у рэспубліцы. Прадугледжаны асобныя сацыяльна ўразлівыя катэгорыі сем’яў, напрыклад, выхоўваючыя дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 год, які не знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні, — такія сем’і ўправе атрымліваць незалежна ад іх даходу, але пры пэўных іншых умовах дапамогу на дзяцей больш 3-х год. Дзеючыя надбаўкі да дзяржаўных дапамог замяняюцца павышанымі памерамі дзяржаўных дапамог.
У сувязі з гэтым хочацца, каб у нашым раёне нараджалася больш дзяцей, якія б радавалі бацькоў сваім з’яўленнем на свет!
Карыстаючыся тым, што размову мы вядзем напярэдадні навагодніх святаў, сардэчна віншую ўсіх жыхароў раёна з надыходзячым новым 2013 годам і Раством Хрыстовым і жадаю, як урач, здароўя, пазітыўнага настрою, як сенатар — новых працоўных здзяйсненняў, дабрабыту. Няхай надыходзячы год будзе паспяховым, стваральным і ўнясе істотны ўклад у працвітанне нашага раёна і Рэспублікі Беларусь!
Сяргей ЛАЗАКОВІЧ,
трэнер-выкладчык ДЮСШ:

— Адыходзячы год асабіста для мяне, як трэнера, і маіх выхаванак быў вельмі насычаным і асабліва ўдалым.
Наша каманда стала пераможцай абласной спартакіяды школьнікаў ва ўзроставай групе 1997-1998 гадоў нараджэння. Нам давялося прымаць удзел у спартакіядзе Саюзнай дзяржавы “Алімп”, дзе мы таксама дабіліся добрых вынікаў, заняўшы прызавое 3-е месца.
Не без гонару адзначу, што другі год запар мы займаем першае месца ў рэспубліканскай спартакіядзе “Каласок” сярод дзяцей аграгарадкоў і сельскіх населеных пунктаў.
Прыемна адзначыць і такі факт, што ўпершыню ў маладзёжную зборную Рэспублікі Беларусь па валейболе залічана прадстаўніца нашага раёна Крысціна Ермалаева.
Хачу сказаць, што мы ўзялі дастаткова высокую спартыўную планку і павінны не толькі яе ўтрымаць, але імкнуцца да большага.
Ад надыходзячага года, канешне ж, чакаю новых перамог і высокіх спартыўных дасягненняў. А ўсім жыхарам раёна жадаю сямейнага дабрабыту і цеплыні, а таксама моцнага здароўя, добрым памочнікам якому будзе сяброўства са спортам і здаровы лад жыцця.

Юлія АПСІТ, а/г Стайкі:
— Адыходзячы год прынёс мне цудоўную падзею — 15 верасня ў Кіраўскім ЗАГСе мы з каханым аб’ядналіся вузамі Гіменея. Цяпер я — шчаслівая жонка, гаспадыня ўласнай сям’і! Дагэтуль былі клопаты па падрыхтоўцы да вясельнай урачыстасці, зараз — іншыя клопаты: размеркаванне сямейнага бюджэту, бытавых абавязкаў і іншыя.
Некаторыя знаёмыя пары адклалі вяселле да наступнага, надыходзячага 2013-га года, маўляў, сёлетні год — высакосны, а значыць, не спрыяльны для вяселляў. Аднак мы з мужам лічым гэта стопрацэнтным забабонам, не маючым пад сабой ніякай падставы. Не мае сэнсу, у якім годзе, у які дзень ажэнішся, галоўнае, рабіць гэты крок, кіруючыся сапраўдным, шчырым каханнем. Адзінае, на што мы звярталі ўвагу пры выбары даты вяселля, — каб на гэты дзень не прыпадаў царкоўны пост.
Жадаю ў надыходзячым новым годзе закаханым маладым людзям пераўтварыцца ў сем’і, а кожнаму, хто яшчэ не знайшоў сваю другую палову, абавязкова сустрэць яе!

Аляксандр ШАЎЧЭНКА, а/г Мышкавічы:
— Самай яскравай падзеяй адыходзячага 2012-га года стала нараджэнне ў нашай сям’і дачушкі Алесі. Яна з’явілася на свет у ліпені. Дарэчы, праўды кажуць, што клопаты аб дзецях яшчэ больш збліжаюць мужа і жонку, і многія канфліктныя пытанні хутка самі сабой знікаюць. Таму, для таго, каб умацаваць сям’ю, раім маладым людзям як мага хутчэй нараджаць дзяцей, тады ўсе праблемы — і жыллёвыя, і бытавыя, і грашовыя становяцца нязначнымі.
Адыходзячы год прынёс нашай сям’і яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: мне, як маладому сем’яніну СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага выдзеліў дом, працую электраманцёрам у гэтай гаспадарцы. Увосень адсвяткавалі наваселле!
Чытачам газеты жадаю ў надыходзячым годзе моцнага здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту!

Дзяніс КАРАНКЕВІЧ, кіраўчанін:
— Сёлета я закончыў навучанне атрымаў дыплом і прафесію юрыста. Уладкаваўся на работу — юрысконсультам у райбальніцу, зараз прымяняю атрыманыя падчас вучобы веды на практыцы і адначасова вучуся зноў, у тым ліку і зносінам у працоўным калектыве, з калегамі, вучуся быць самастойным.
У новым годзе жадаю выпускнікам навучальных устаноў паспяхова вытрымаць выпускныя экзамены, тым, хто жадае прадоўжыць навучанне, — паступіць, а тым, хто мяркуе працаўладкавацца, — знайсці добрую работу, паспяхова ўліцца ў калектыў і плённа працаваць!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.