Наш раён — лепшы па нарыхтоўцы травяных кармоў

Снежань прынёс прыемную навіну: наш раён стаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў у 2012 годзе сярод раёнаў Магілёўскай вобласці. Гэта важкае дасягненне працаўнікоў вёскі стала ганаровым дапаўненнем да сёлетняй перамогі раёна ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”.
22 снежня пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў па нашай вобласці ўшаноўвалі ў Магілёўскім аблвыканкаме. Кіраўскі раён удастоены Ганаровага дыплома і грашовай прэміі ў суме 100 млн. рублёў. Узнагароды былі ўручаны старшыні райвыканкама Уладзіміру Піскіжаву і яго першаму намесніку, начальніку райсельгасхарчу Аляксандру Осіпаву.
Трэцяе месца сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў заняў Канстанцін Пятруша з СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, які атрымаў Ганаровы дыплом і халадзільнік.
“У бягучым годзе, — адзначыў на мерапрыемстве намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання — дырэктар Дэпартамента па хлебапрадуктах Васіль Седзін, — упершыню вырашана ўшаноўваць лідараў у нарыхтоўцы травяных кармоў не падчас “Дажынак”, а пасля поўнага завяршэння ўборкі, у тым ліку кукурузы. Так што канчатковыя вынікі — самыя аб’ектыўныя.”
Аб тым, дзякуючы чаму ўдалося дасягнуць лепшых у вобласці паказчыкаў на нарыхтоўцы кармоў, мы папрасілі расказаць першага намесніка начальніка райсельгасхарчу Мікалая Пад’ялоўскага:
— У пачатку бягучага года былі перагледжаны падыходы да вытворчасці кармоў з мэтай не толькі павелічэння іх аб’ёмаў, але і значнага паляпшэння якасці. Упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, сельскагаспадарчыя арганізацыі распрацавалі праграму па вытворчасці кармоў у 2012 годзе і мерапрыемствы па яе рэалізацыі.
У якасці асноўнай задачы праграмы вызначылі забеспячэнне збалансаванымі кармамі жывёлагадоўчай галіны раёна. Дзеля дасягнення гэтай мэты была перагледжана структура кармавога поля. Ужо некалькі гадоў сельгасарганізацыі працуюць над удасканаленнем структуры шматгадовых траў на раллі, сенакосах і пашах з мэтай значнага павелічэння плошчаў пад бабовымі травамі і іх сумесямі. Сёлета іх укосная плошча ў структуры шматгадовых траў склала 90,5%. Значна павялічыліся пасевы бабовых і іх сумесей у структуры сенакосаў і пашаў. Былі таксама пашыраны пасевы кармавых караняплодаў. Практычна ўсе аднагадовыя травы, за выключэннем проса і пайзы, былі пасеяны ў сумесі з зернебабовым кампанентам ад 40 да 70% у норме высеву.
Своечасовы догляд кармавых культур і, у прыватнасці, шматгадовых траў, сенакосаў і пашаў даў магчымасць прыступіць да “зялёнага жніва” ў больш раннія тэрміны, правесці ўборку траў першага ўкосу за 25 рабочых дзён і нарыхтаваць больш якасныя кармы. Пасля яе завяршэння сталі “падыходзіць” і травы першых тэрмінаў уборкі другога ўкосу. Практычна нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка была завершана да 1 лістапада з уборкай апошняга гектара кукурузы на сілас.
Зладжаная работа сельгасарганізацый на ўсіх этапах корманарыхтоўкі дала магчымасць нарыхтаваць 11463 т сена, 76337 т сенажу, 195058 т сіласу. Усяго на зімова-стойлавы перыяд 2012-2013 г.г. было нарыхтавана 70724 т кармавых адзінак травяных кармоў, што на адну ўмоўную галаву жывёлы склала ў сярэднім па 32,7 ц к/адз. (па вобласці — 24,2 ц к/адз.).
Актыўна працавалі па забеспячэнні статка якаснымі кармамі і ў дастатку ў СВК “Чырвоны баец”, дзе на адну ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана па 45,6 ц к/адз., што больш леташняга на 16,2 ц. У СВК “Калгас “Ніва” — 36,8 ц к/адз. (+2,5 ц). Па 36,1 і 34,8 ц на ўмоўную галаву назапашана травяных кармоў у РАПТЗ і СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага адпаведна.
Удзельная вага кармоў 1 класа якасці ў агульным аб’ёме ўсіх правераных травяных кармоў склала 83%. Дасягнуты тэмп росту аб’ёмаў нарыхтоўкі травяных кармоў да сярэдняга ўзроўню 2009-2011 г.г. — 117%.
Адказныя задачы па корманарыхтоўцы стаяць перад сяльчанамі на 2013 год. Неабходна скарачаць суадносіны па нарыхтоўцы сенажу і сіласу і даводзіць іх да 1:1. Для гэтых мэт на наступны год плануецца пашырэнне ў структуры раллі шматгадовых траў з давядзеннем іх долі да 25% пры змяншэнні пасеваў кукурузы на сілас і зялёны корм. Мяркуецца больш актыўна ўводзіць у структуру шматгадовых траў люцэрну. Вялікі вопыт работы з гэтай кармавой культурай у нас маецца ў РУП “Жылічы”, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, РАПТЗ і іншых сельгасарганізацыях.
Будуць пашырацца пасевы і такой традыцыйнай для нас культуры, як канюшына лугавая. Пры павелічэнні плошчаў шматгадовых траў стаўка будзе рабіцца на бабовыя, а злакавыя плануецца падсяваць для за-кладкі насеннікаў і ранніх пашаў.
Працуючы ў напрамку павелічэння вытворчасці кармоў і павышэння іх якасці, заўжды маем на ўвазе тое, што ад гэтага напрамую залежаць магчымасці павелічэння вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.