Няўжо моладзь не любіць танцаваць?

…альбо чаму дыскатэка для маладых
спецыялістаў атрымалася нешматлюднай…

Шыкоўны падарунак — камедыйную пастаноўку ад артыстаў Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра атрымала моладзь Кіраўшчыны.
На сцэне раённага Дома культуры разыграліся гарачыя французскія пачуцці: у загарадным доме мужа і жонкі Рабэра і Жаклін сабраліся разам іх палюбоўнікі. З выгляду звычайнае сямейнае жыццё французскай пары ператварылася ў клубок інтрыг і ўсялякіх выкрутасаў, пераплеценых хлуснёй і выдумкамі. “Сыграем дружную семью” — так называлася тэатральная пастаноўка па п’есе знакамітага французскага камедыёграфа Марка Камапэці.
Па задумцы начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Дзмітрыя Гіраеўскага і першага сакратара РК ГА “БРСМ” Алены Осіпавай пасля камедыйнай пастаноўкі гледачы — маладыя спецыялісты прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна мелі магчымасць працягваць вячэрні адпачынак у дыскатэчным фармаце, у атмасферы новых знаёмстваў, цікавых сустрэч і гутарак. Аднак задумка не ажыццявілася: асноўная маса юнакоў і дзяўчат адразу ж пасля заканчэння спектакля пакінула сцены Дома культуры, дарэчы, некаторыя пайшлі дадому ўжо падчас антракту. Такім чынам, дыскатэчная зала сабрала ўсяго каля двух дзесяткаў чалавек са ста плануемых. Арганізатары маладзёжнага культурна-масавага мерапрыемства задаюцца пытаннем: чаму? Моладзь нярэдка скардзіцца на тое, што адпачыць у Кіраўску няма дзе: кінатэатр ужо некалькі год запар — на рамонце, рэстаран “Сузор’е” практычна кожныя выхадныя працуе па заказах, кафэ “Спатканне” ў многім не адпавядае патрабаванням сучаснага маладзёжнага адпачынку, дыскатэка ў раённым Доме культуры карыстаецца папулярнасцю ў асноўным у падлеткаў… Дык чаму ж было не скарыстацца магчымасцю адпачыць у коле равеснікаў, такіх жа маладых, поўных жыццёвай энергіі, такіх жа навічкоў на прафесійных шляхах? Тым больш, што арганізатары дыскатэкі пастараліся стварыць умовы для цікавага правядзення часу: працаваў буфет райспажыўтаварыства, уздоўж сцен дыскатэчнай залы стаялі канапы і столікі з сокам і фруктамі…
Каб знайсці адказ на пытанне, спыталі ў самой моладзі.
Дзяніс, 22 гады:

— У мяне не было магчымасці застацца на дыскатэку, бо, ішоўшы на спектакль, не ведаў, што яна адбудзецца, таму на гэты пятнічны вечар запланаваў іншае мерапрыемства.
Дзмітрый, 22 гады:
— Тэатральная пастаноўка мне і маёй дзяўчыне вельмі спадабалася, мы атрымалі масу станоўчых, узвышаных эмоцый. На дыскатэку не засталіся таму, што сяброўка прыйшла на спектакль сталічнага тэатра адразу з працы, палічыла, што на дыскатэцы ў звычайным выглядзе будзе адчуваць сябе нязграбна. А на тое, каб збегаць дадому, пераапрануцца, зрабіць адпаведныя прычоскі і макіяж, не было часу. Што датычыцца асабіста мяне, то я наогул не люблю хадзіць на дыскатэкі.
Сяргей, 25 гадоў:

— Шчыра кажучы, запрашэнне на дыскатэку неяк не зацікавіла. У Кіраўску ўжо даўно знік так званы танцавальны рух, мабыць, з тых часін, як зачынілі на рамонт будынак кінатэатра. Зразумела, што ў кінатэатр трэба хадзіць глядзець фільмы, а не танцаваць. Аднак з-за адсутнасці ў райцэнтры клубнага памяшкання атмасфера залы кінатэатра неяк схіляла да танцаў… І зараз, груба кажучы, сабраць маладых людзей, прычым не толькі 18 — 20-ці, але і 25 — 30-гадовых у залу, уключыць музыку і прапанаваць танцаваць — неяк гэтая ідэя не зацікавіла. Гэта асабіста маё меркаванне, магчыма, я проста вырас з дыскатэчнага ўзросту.
Святлана, 23 гады:
— Для мяне вельмі нязручным быў час дыскатэкі — 18 гадзін, гэта падобна на школьны вечар, звычайна на дыскатэку адпраўляюцца ўсё ж такі крыху пазней. Тым больш, што пятніца — рабочы дзень, хацелася б для дыскатэкі і апрануцца неяк адпаведна, і крыху адпачыць перад танцамі, каб былі сілы для актыўнага вечара. Да таго ж,апошнім часам не было цікавых маладзёжных праграм, здалося, што і зараз альбо будзе проста музыка, альбо забаўляльная праграма падрыхтавана простая, прадказальная. Магчыма, я памыляюся, і вечарына абяцала быць цікавай, тады арганізатарам трэба было захапляльна прарэкламаваць мерапрыемства. Так, канапы і столікі з сокам і фруктамі — нешта новае на кіраўскай дыскатэцы, аднак будзем глядзець праўдзе ў вочы, мы ж ужо не падлеткі, і можна было прапанаваць на такой вечарыне набыць хаця б бакальчык шампанскага…
Падчас апытання адказы маіх рэспандэнтаў не мелі адбітку абурэння, незадаволенасці, а наадварот — заспакоенасці, хутчэй нават абыякавасці. Не з-за таго, што ім зусім нецікава танцаваць, знаёміцца, гутарыць са сваімі равеснікамі на хвалюючыя тэмы, а проста, як прызналіся, ужо прывыклі, што ў вольны час у Кіраўску адпачыць няма дзе. Таму кожны ў залежнасці ад сваіх магчымасцей выбірае іншыя варыянты: хтосьці адпачывае ў коле сяброў на хатніх вечарынах, хтосьці едзе ў кінатэатры і забаўляльныя клубы Бабруйска, Магілёва…
Хаця, на мой погляд, не ўсё так сумна. Ёсць патэнцыял зрабіць маладзёжнае жыццё кіраўчан насычаным і цікавым. І шукаць яго трэба, перш за ўсё, у тых, хто ў гэтым зацікаўлены, — у самой моладзі. Кожны з нас — асаблівы, незвычайны, валодае тымі ці іншымі талентамі і здольнасцямі, ідэямі і задумкамі. Здаецца, калі захапіць кіраўскую моладзь нейкай цікавай справай, атрымаецца яна на высокім узроўні. Напрыклад, той самы тэатр. Вядома ж, паназіраць за ігрой сталічных артыстаў — адно задавальненне, але ж можна паспрабаваць інсцэніраваць якую-небудзь п’есу і сваімі сіламі. Няўжо сярод нас няма патэнцыяльных акцёраў, сцэнарыстаў, рэжысёраў, мастакоў-дэкаратараў?.. Ёсць. Толькі варта мець жаданне адшукаць і раскрыць мясцовых зорачак, а з часам за імі пацягнуцца і астатнія. Думаецца, і самой моладзі трэба быць больш ініцыятыўнай, актыўнай, а не чакаць, калі ўсё паднясуць у гатовым выглядзе.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.