Рассветаўскі «Тэрмапласт» адзначыў 20-годдзе

Сярод шматлікіх вытворчых падраздзяленняў СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага “Тэрмапласт” займае асаблівае месца. І гэтаму ёсць некалькі прычын. Па-першае, ён забяспечвае бесперапынны выпуск поліэтыленавых скрынь, што для прадпрыемства сельскагаспадарчай скіраванасці з’яўляецца не зусім уласцівым прамысловым элементам, па-другое, аб’ект гэты быў пабудаваны гаспадарчым спосабам, а, па-трэцяе, сёлета цэх адзначыў сваё 20-годдзе.
Калектыў “Тэрмапласта” невялікі — усяго дзесяць чалавек, а вось выконваемы ім аб’ём вытворчасці прадукцыі — значны: больш 200 тысяч адзінак ў год. Гэта скрыні поліэтыленавыя для агародніны, садавіны і ягад трох мадыфікацый: конусныя, якія складваюцца адна ў адну, і іх такім чынам зручна транспартаваць, стандартныя агароднінныя еўраскрыні і невысокія, у паўпамера звычайных, скрыні для ягад. Усе яны знаходзяць свайго спажыўца. Першым чынам, забяспечваецца ўласная рассветаўская цяплічная гаспадарка, а таксама цяплічныя камбінаты, часткова — райспажыўтаварыствы па ўсёй рэспубліцы. Найбольшая колькасць скрынь пастаўляецца ў Магілёўскую, Мінскую, Гомельскую вобласці.
“Тэрмапласт” — вытворчасць рэнтабельная. Асабліва ўлічваючы, што ў перапрацоўку ідзе другасная сыравіна — здрабнёныя поліэтыленавыя скрыні, якія былі ва ўжытку. Тэхналагічны працэс, на першы погляд, нескладаны: падача, а потым пад уздзеяннем высокай тэмпературы і ціску плаўленне палімернага гранулата і адліўка скрынь згодна зададзеных формаў. Спецыфіка работы заключаецца ў складанасці саміх агрэгатаў і кругласутачным рэжыме работы цэха. Справа ў тым, што разаграваюцца машыны электраэнергіяй, і кожны раз у канцы дня астуджваць іх, а потым разаграваць эканамічна нявыгадна. Разагрэтыя ж плавільні спажываюць няшмат электраэнергіі, варта толькі падтрымліваць неабходную тэмпературу. Вось і працуюць рабочыя ў цэху пазменна, забяспечваючы бесперапыннасць тэхналагічнага працэсу. Моладзь, якая прыходзіць сюды, асвойваецца хутка, атрымліваючы неабходныя навыкі пад кіраўніцтвам больш вопытных работнікаў, а вось напружаны графік работы вытрымліваюць не ўсе.
Тым не менш, “цякучасць” кадраў невысокая. Сярэдні ўзрост работнікаў цэха складае 35—40 гадоў. Найбольш вопытныя, стаж якіх больш за 10 гадоў — Андрэй Казлоўскі, Віталь Барысёнак. Поплеч з імі плённа працуюць Юрый Бяляўскі, Васіль Бяляўскі, Мікалай Бяляўскі, Сяргей Куцаеў, Алег Шалянгоўскі, Аляксандр Пархамовіч, Віктар Путро, Эдзітар Наўрашвілі.
Таццяна МАІСЕЕНКА.
Фота
Людмілы СЯМЁНАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.