Рэспубліканскі конкурс прадаўцоў

Як сфарміраваць падарунак для жанчыны 35-гадовага ўзросту; арыгінальна аформіць выставу-продаж “Купляйце беларускае!” альбо таварна-дэкаратыўны стэлаж з прыбораў бытавой тэхнікі, якой мы карыстаемся штодзённа; сцісла, даступна і ўпэўнена прарэкламаваць чай, каву, пыласос; за лічаныя хвіліны, аператыўна, ветліва і якасна абслужыць пакупніка, разлічыць яго па касе?.. Гэта, а таксама трывалыя тэарытычныя веды правілаў гандлю, тэрміналогіі, Закона аб абароне правоў спажыўцоў было падуладна ўдзельнікам 27-га рэспубліканскага конкурсу сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў магазінаў спажывецкай кааперацыі “Лепшы па прафесіі”.
Канкурсантаў і іх групы падтрымкі, членаў журы, на чале з першым намеснікам старшыні праўлення Белкаапсаюза Аляксандрам Якаўчыцом, арганізатараў і спонсараў шчыра вітала гасцінная Кіраўшчына. На сцэне раённага Дома культуры, а таксама за прылаўкамі магазінаў райспажыўтаварыства “Родны кут”, “Універмаг” і “Меркурый” разыграліся асноўныя конкурсныя баталіі.
За перамогу і ганаровае званне змагаліся 24 прадаўцы з 17 райспажыўтаварыстваў і 4 унітарных прадпрыемстваў краіны. Сярод іх — і дзве прадстаўніцы Кіраўскага райспажыўтаварыства: прадавец харчовых тавараў Вольга Лебедзева і нехарчовых — Аліна Прылепа. Дзяўчыны прадэманстравалі высокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі, майстэрства і культуры абслугоўвання пакупнікоў, трывалае веданне правілаў гандлю і тэрміналогіі, іх вылучала каларытная нацыянальная форма адзення, а таксама творчая індывідуальнасць і арыгінальнасць пры прадстаўленні візітных картак. У выніку нашы дзяўчаты занялі ганаровае другое месца сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў рэспублікі. Апярэдзілі нашых прадаўшчыц бабруйчанкі.
Конкурсныя дасягненні Вольгі Лебедзевай і Аліны Прылепа былі адзначаны Дыпломамі Белкаапсаюза і Рэспубліканскага камітэта беларускага прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі, якія ім уручыў старшыня прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі Уладзімір Камса, памятнымі сувенірамі і падарункамі ад спонсараў мерапрыемства: Гомельскага завода гандлёвага абсталявання Белкаапсаюза, унітарнага прадпрыемства “Помещик”, Бабруйскага мясакамбіната, Магілёўскай фабрыкі марожанага, вытворчага аб’яднання “Анега”, прыватнага прадпрыемства “Дарида”, ТАА “Віарком” і іншых. Акрамя таго праўленне і прафкам райспажыўтаварыства заснавала тытулы конкурсу: “Міс Адказнасцю” стала Вольга Лебедзева, “Міс Актыўнасцю” — Аліна Прылепа, “Міс Надзеяй” — прадавец Рагачоўскага спажыўтаварыства Яўгенія Старасценка, якой не ўдалося заняць прызовага месца, аднак яна прадэманстравала яскравае выступленне.
Мы пацікавіліся ў кіраўчанак уражаннямі ад конкурсу і заваяваных лідарскіх пазіцый.
(Працяг у нумары №98 «Кіраўца»).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.