У шчырай сяброўскай атмасферы

Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь — не чырвоны дзень календара ды і святкаваць тут, здаецца, няма чаго. Аднак у нашай краіне і ва ўсім свеце Дзень інвалідаў адзначаецца, як сімвал мужнасці і стойкасці людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, як даніна ўвагі і клопату грамадства аб іх.
У нашым раёне стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня інвалідаў праводзіць сяброўскую сустрэчу членаў таварыства. Вось і сёлета ў шчырай атмасферы сустрэліся яны, каб разам цікава і з карысцю правесці час, пагутарыць, абмеркаваць цікавячыя пытанні, выказаць слушныя прапановы. Праходзіла сустрэча, як і раней, на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пры падтрымцы райвыканкама, раённага аддзялення Беларускага Фонду міру на чале з яе старшынёй Вольгай Гаршковай, калектыву РЦСАН і яго дырэктара Вольгі Мержый.
Напярэдадні сустрэчы тым членам таварыства, якія прыкаваны да ложкаў, адзінокім і адзінока пражываючым раённым праўленнем таварыства інвалідаў былі ўручаны невялікія прадуктовыя наборы: падрыхтаваць іх не першы год запар на дабрачыннай аснове нам дапамагаюць камбінат кааператыўнай прамысловасці і харчовы камбінат, за што вялікая ўдзячнасць іх калектывам і кіраўніцтву.
У нестандартным фармаце праходзіла і сама сустрэча членаў таварыства інвалідаў. Яе адметнасцю стаў аб’яўлены загадзя кулінарны конкурс. Нашы гаспадыні пастараліся ад душы, праявіўшы выдумку, неардынарны падыход і паварскія здольнасці. Усе прадстаўленыя на конкурс стравы атрымалі самую высокую адзнаку, а іх аўтары — прызы. А потым усе разам за кубкам чаю каштавалі гэтыя шэдэўры выпечкі, дзяліліся рэцэптамі.
Гасцямі сустрэчы сталі члены клуба “Сяброўка Восень”, якія таксама прыйшлі не з пустымі рукамі, а парадавалі дамашнімі прысмакамі, заўзятымі песнямі. Разам з Ларысай Дворкінай, Людмілай Лагойка, Марыяй Бячковай спявалі ўсе прысутныя.
Акрамя таго для членаў таварыства інвалідаў, ветэранаў працы была паказана невялікая канцэртная праграма. Дружнымі апладысментамі прысутныя ўзнагароджвалі выступленні бібліятэкара СШ№1 Ганны Салановіч, настаўніцы Кіраўскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяны Цяшаевай і яе 5-гадовага сына Вані вучаніц школы Аліны Манько, Ірыны Лукановіч.
Абмяркоўваючы штодзённае жыццё горада, ветэраны выказалі прапанову ўстанавіць на вуліцах Кіраўска паболей лаў, а то старому чалавеку, які вырашыў прагуляцца да цэнтра ці прайсціся па магазінах, па справах няма дзе прысесці, адпачыць.
Прапанову выказала Раіса Печань. У час Вялікай Айчыннай вайны яна жыла ў Кіраўску і памятае, як фашысты ў тым месцы, дзе зараз знаходзіцца светлафор, — на перакрыжаванні вуліц Гагарына і Арлоўскага — устанавілі віселіцу, катавалі людзей. Паназіраць за гэтым зганялі мясцовае насельніцтва. Жанчына з болем у сэрцы ўспамінае той час. Яна прапанавала нейкім чынам ушанаваць памяць аб загінуўшых. Тыя, хто жыве зараз, павінны ведаць пачварны твар фашызму, свята ахоўваць мір на Зямлі.
Людміла ЛУКАНОВІЧ.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.