Вопыт, навацыі, ідэі

На базе нашага раёна прайшлі практычныя выязныя заняткі са старшынямі пасялковых і сельскіх Саветаў дэпутатаў, слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Тэма заняткаў — “Вывучэнне практыкі работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”.
Старшыня Мышкавіцкага сельвыканкама Віталь Глекаў і кіраўнік спраў Валянціна Астроўская дэманструюць работу па выкананні адміністрацыйных працэдур.

Гасцей — прадстаўнікоў усіх абласцей рэспублікі — вітаў старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, які акрэсліў асноўныя накірункі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, адказаў на цікавячыя работнікаў органаў мясцовага кіравання пытанні.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч засяродзіла ўвагу прысутных на рабоце райсавета па вырашэнні пытанняў добраўпарадкавання населеных пунктаў і могілак, рамонту дарог і калодзежаў, выкарчоўцы безгаспадарных садоў.
Практычныя заняткі прадоўжыліся на аб’ектах раёна. Першым пунктам наведвання стаў Мышкавіцкі сельскі Савет дэпутатаў. Яго старшыня Віталь Глекаў расказаў аб практыцы работы сельвыканкама са зваротамі грамадзян, па заяўным прынцыпе “адно акно”, аб сістэме правядзення ідэалагічнай работы на вёсцы.
У 2011 годзе, адзначыў ён, укаранёна аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма “Мясцовыя Саветы дэпутатаў”, устаноўлена праграмнае забеспячэнне ЛАІС, практыкуецца вядзенне бягучай перапіскі з абласнымі і сельскімі Саветамі дэпутатаў па электроннай пошце.
— Наш сельскі Савет упаўнаважаны ажыццяўляць 34 адміністрацыйныя працэдуры, 24 з якіх — найбольш запатрабаваныя, — праінфармаваў Віталь Уладзіміравіч. — Аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма дазваляе скараціць час правядзення гэтых працэдур, рэгістраваць уваходзячую і зыходзячую інфармацыю, звароты грамадзян і юрыдычных асоб.
На прыкладзе найбольш запатрабаванай працэдуры — выдачы даведкі аб месцы жыхарства і саставе сям’і Віталь Глекаў і кіраўнік спраў сельвыканкама Таццяна Астроўская прадэманстравалі, наколькі аператыўна яна выконваецца.
Выдаваемыя даведкі, дакументы ў электронным выглядзе прымацоўваюцца да рэгістрацыйна-кантрольнай карткі для таго, каб у далейшым, калі грамадзянін зноў звяртаецца ў сельвыканкам, бачыць, калі і якія даведкі яму ўжо выдаваліся.
Віталь Глекаў дадаў:
— Сістэма ЛАІС дазволіла скараціць час на работу з паперамі і больш увагі надаваць людзям. Летась са зваротамі, скаргамі і прапановамі да нас звярнулася 10 чалавек, сёлета — 4. Моцную падтрымку ў рабоце аказвае базавая гаспадарка — СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага. Яе кіраўнік Аляксандр Багель зацікаўлены, каб звароты грамадзян разглядаліся аператыўна, бывае, што некаторыя пытанні вырашаюцца адным тэлефонным званком і не патрабуецца грамадзяніну пісаць заявы і чакаць, пакуль па іх будуць прыняты меры рэагавання.
Загадчык аддзела ЗАГС райвыканкама Іна Іваніцкая расказала аб узаемадзеянні з установамі культуры па выкананні ўрачыстай рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, аб рабоце па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур.
Далей гасцей з рэгіёнаў Беларусі чакалі ў Дабаснянскім сельсавеце. У Жыліцкай дзіцячай школе мастацтваў, якая размешчана ў адрэстаўрыраванай частцы палацава-паркавага ансамбля, яе выкладчыкі і выхаванцы прадэманстравалі, наколькі плённая работа праводзіцца тут па раскрыцці творчага патэнцыялу рабят: удзельнікі семінара сталі гледачамі 15-мінутнай канцэртнай праграмы.
Затым у адміністрацыйным будынку Дабаснянскага сельвыканкама калег сустракала яго старшыня Галіна Шчур. Былі абмеркаваны пытанні планавання работы органаў мясцовага кіравання і самакіравання, практыка падрыхтоўкі і правядзення сесій сельскага Савета дэпутатаў і некаторыя асаблівасці падрыхтоўкі дакументаў, работа па добраўпарадкаванні і паляпшэнні санітарнага стану населеных пунктаў, упарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і драхлых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі.
— Улічваючы, што ўтрыманне і рамонт калодзежаў мы перадалі камунальнай службе раёна, маем магчымасць больш працаваць па навядзенні парадку на зямлі. Сёлета на тэрыторыі нашага сельсавета сіламі грамадзян і сельгасарганізацый знесена 17 пустуючых домаўладанняў, — падкрэсліла старшыня.
Актыўна абмяркоўвалася пытанне наладжвання работы па прафілактыцы пажараў і правапарушэнняў. Галіна Шчур падзялілася вопытам:
— Для эфектыўнасці прафілактычнай работы выпрацавалі сваю сістэму: падзялілі насельніцтва сельсавета на катэгорыі. Сацыяльна няўдачныя сем’і замацавалі за работнікамі школы, адзінокіх і адзінокапражываючых грамадзян — за сацыяльнай службай, злоўжываючых спіртным — за супрацоўнікамі РАНС і РАУС. Ужо абследаваны ўмовы пражывання пераважнай большасці сяльчан. На тэрыторыі сельсавета ёсць дзіцячы сацыяльны прытулак. Практыкавалі такое: калі ў домаўладанні, дзе гадуюцца непаўналетнія, меліся парушэнні Правілаў пажарнай бяспекі, згодна заявы іх бацькоў, па ўзгадненні з пракуратурай, усімі адказнымі і зацікаўленымі службамі мы змяшчалі гэтых дзяцей у прытулак на тэрмін да месяца, за гэты перыяд бацькі выпраўлялі парушэнні, дзеці вярталіся дадому. Адзінокім грамадзянам дапамагалі прывесці ў належны стан печкі на сродкі адраснай сацыяльнай дапамогі, дзецям адзінока пражываючых высылалі лісты з просьбай наведаць сваіх бацькоў і прывесці іх жыллё ў належны стан.
Наступным аб’ектам практычных заняткаў стаў Паўлавіцкі сельсавет. Сустракалі гасцей вучні і педагогі мясцовай сярэдняй школы. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Галіна Слабоднікава расказала аб рабоце гэтай установы адукацыі па выхаванні і навучанні дзяцей, фарміраванні і развіцці творчых і індывідуальных здольнасцей:
— Паўлавіцкая СШ — адзіная з нямногіх беларускамоўных школ, чацвёртая ў раёне па колькасці вучняў — 128 рабят. Наладжаны падвоз дзяцей з 9-ці блізляжачых вёсак — гэта 76 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для развіцця творчых здольнасцей вучняў распрацаваны чатыры накірункі: фізкультурна-аздараўленчы, творчы, інфармацыйны, нацыянальна-культурны.
Была магчымасць увачавідкі паназіраць, якім чынам ажыццяўляецца работа па гэтых накірунках.
У адміністрацыйным будынку сельвыканкама яго старшыня Жанна Камінская пазнаёміла з работай па развіцці асабістых падсобных гаспадарак, аказанні дапамогі малазабяспечаным і сацыяльна неабароненым людзям, выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 “Аб дзяржаўнай падтрымцы….”.
У мясцовым Цэнтры культуры, сацыяльным пункце, бібліятэцы гасцей знаёмілі з новымі формамі і тэхналогіямі, накіраванымі на павышэнне якасці дзяржаўных сацыяльных стандартаў, работай па арганізацыі вольнага часу і фарміраванні здаровага ладу жыцця.
Замкнуў кола падарожжа па раёне аграгарадок Мышкавічы. На біягазавай устаноўцы СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага ішло абмеркаванне выкарыстання альтэрнатыўных відаў энергіі ў сельскай гаспадарцы, у Мышкавіцкім СДК — арганізацыі вольнага часу сяльчан, развіцця аматарскай творчасці, у санаторыі імя К.П.Арлоўскага — наладжвання аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння, аказання турысцка-экскурсійных паслуг.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ, Наталля ХАДАКОВА.
Фота Людмілы СЯМЁНАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.