Я б у выратавальнікі пайшоў. Дзе мяне навучаць?

Прафесія выратавальніка-пажарнага — адна з самых высакародных у свеце. Баец пажарнага каравула ў аранжавай форме, са шлемам на галаве і брансбойтам у руках, які адважна кідаецца ў барацьбу з полымем, выратоўвае людзей, жывёлу і маёмасць, — для многіх юнакоў сапраўдны герой, мара будучага прафесійнага жыцця.
З мэтай папулярызацыі прафесіі, раскрыцця яе сутнасці раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях правёў Дні адкрытых дзвярэй для вучняў 6 — 11 класаў СШ №1 і гімназіі г.Кіраўска, навучальных устаноў сельскіх населеных пунктаў раёна. Інспектар групы ідэалагічнага і кадравага забеспячэння РАНС Арцём Марозаў паказаў рабятам службовыя памяшканні райаддзела, пакоі, дзе выратавальнікі адпачываюць, трэніруюцца. Асабліва ўразіў школьнікаў машынны парк пажарнай каманды раёна і дэманстрацыя дзяжурным каравулам здольнасцей сучаснай пажарна-выратавальнай тэхнікі.
Пры дапамозе работнікаў аддзела кінавідэамерапрыемстваў райаддзела культуры райвыканкама Арцём Марозаў паказаў рабятам відэа-фільмы аб сутнасці прафесіі пажарных.
Звярнуўшыся да школьнікаў, ён адзначыў:
— Выратаванне чалавека — высакародны, адказны і разам з тым небяспечны і складаны шлях тых, хто па закліку сэрца абраў прафесію выратавальніка. Гэтыя смелыя, мужныя і рашучыя людзі з гонарам выконваюць свой абавязак пад дэвізам: “Прафесіяналізм. Адвага. Гонар”. Яны ў складаны час — на варце жыцця і здароўя людзей, папярэджваюць і ліквідуюць надзвычайныя сітуацыі і іх вынікі, аказваюць дапамогу тым, з кім адбылося няшчасце.
Адным з найбольш актуальных пытанняў да інспектара было: “Дзе ж навучаць быць пажарным?”. Арцём Марозаў паведаміў, што набыць гэтую высакародную і даволі папулярную ў наш час прафесію можна ў Мінскім камандна-інжынерным і Гомельскім інжынерным інстытутах. Гэта навучальныя ўстановы са шматгадовым вясомым вопытам падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў. Рабятам, якія вырашылі звязаць лёс з прафесіяй выратаваль-нікапажарнага, трэба падаць адпаведную заяву да 1 красавіка 2013 года на імя начальніка РАНС.
Пры Гомельскім інжынерным інстытуце дзейнічае профільны ліцэй, які забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі з павышаным узроўнем вывучэння асобных агульнаадукацыйных прадметаў і профільнай падрыхтоўкай да паступлення ва ўстановы адукацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. У 2013 годзе ліцэй набірае выхаванцаў-хлопчыкаў пасля заканчэння 6-га класа, годных па стане здароўя. За дадатковай інфармацыяй трэба таксама звяртацца ў РАНС не пазней за 5 чэрвеня 2013 года.
На пытанне: “Якімі якасцямі трэба валодаць, каб стаць выратавальнікам?”, Арцём Марозаў адказаў:
— Значная ўвага надаецца фізічнай падрыхтоўцы і актыўнасці пры занятках спортам. Дарэчы, усе выпускнікі навучальных устаноў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь за гады вучобы атрымліваюць спартыўны разрад па адным альбо некалькіх відах спорту. Многія з іх становяцца кандыдатамі і майстрамі спорту, чэмпіёнамі Еўропы і свету. І яшчэ, той, хто хоча звязаць лёс з ганаровай і гуманнай прафесіяй выратавальніка, павінен быць настойлівым у дасягненні пастаўленых мэт, а таксама верыць ва ўдачу.
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.