Ад старых стэрэатыпаў — да новых тэхналогій

Падчас адной з планавых рабочых паездак па раёне старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў наведаў малочна-таварныя комплексы СГФ “Чыгірынка” і СВК “Калгас “Свярдлова”. Акрамя таго, у якіх умовах зімуюць рагулі на фермах гэтых гаспадарак, як наладжаны працэс вытворчасці малака, Уладзіміра Уладзіміравіча цікавіла, якія захады прадпрыняты кіраўнікамі дзеля ўхілення заўваг, дадзеных падчас выязной нарады па пытаннях эфектыўнай арганізацыі вытворчасці малака. Нагадаем, што адбылася яна ў леташнім лістападзе, з удзелам кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў упраўлення райсельгасхарчу, ветэрынарных і заатэхнічных работнікаў сельгаспрадпрыемстваў. Тады быў зроблены дэталёвы аналіз па кожнай гаспадарцы, вызначаны акалічнасці і нюансы адставання, выпрацаваны падыходы для паляпшэння сітуацыі.
Так, пры лістападаўскім наведванні Чыгірынскай фермы калектыву былі дадзены заўвагі наконт састаўлення рацыёнаў кармлення буйной рагатай жывёлы. На дадзены момант гэтае пытанне тут прапрацавана. Разам са спецыялістамі райсельгасхарчу зроблена карэкціроўка рацыёну кармлення дойнага статка згодна нормаў.
Старшыня райвыканкама адзначыў, што вельмі важна, каб спецыялісты галіны жывёлагадоўлі дакладна ўсведамлялі, што граматнае і эфектыўнае наладжванне малочнай жывёлагадоўлі патрабуе новых падыходаў: ведання таго, як мяняюцца патрабаванні ў харчовых рэчывах і энергіі ў кароў падчас розных фізіялагічных цыклаў і перыядаў. Гэтыя веды дазваляюць эканомна расходваць кармы, павялічваць працягласць выкарыстання жывёлы, захоўваць высокі ўзровень іх прадуктыўнасці, атрымліваць высокаякаснае малако і здаровы прыплод.
Добра, што жывёлаводы СГФ “Чыгірынка” гэта разумеюць, аб чым сведчаць вынікі іх работы. Так, па дадзеных снежня 2012 года тэмпы вытворчасці малака па сельгасфіліяле склалі 137% да адпаведнага ўзроўню 2011 года пры таварнасці 92,3%.
Уладзімір Піскіжаў агледзеў новы цялятнік, у якім утрымліваецца каля 200 галоў маладняку — цялят ва ўзросце ад 2-х месяцаў і больш. Кіраўнік раёна звярнуў увагу на тое, што цялятніца выпайвала маладняк, цягаючы бітоны з сумессю, таксама ўручную гатуючы сумесь. Было праінфармавана, што ў перспектыве — набыццё для гэтага цялятніка так званага “малочнага таксі”.
Гэта выдатны спосаб кармлення нованароджаных цялят. У “малочным таксі” гатуецца і транспартуецца малочная сумесь, што дазваляе своечасова і без дадатковых складанасцей забяспечваць цялят малаком, захоўваючы дакладную дазіроўку. Заліваемае ў “малочнае таксі” малако падаграваецца да тэмпературы 38-40 градусаў і выбраны тэмпературны рэжым падтрымліваецца на неабходным узроўні з дапамогай камп’ютара. Каб падагрэў праходзіў раўнамерна, малако перамешваецца мяшалкай — акуратна, без пырскаў.
Акрамя гэтага “малочнае таксі” лёгка перасоў-ваць з месца на месца пры дапамозе вялікіх колаў, устойліва трымаецца на іх пры развароце, зручна і проста прамываецца і інш.
У кароўніках малочна-таварнай фермы “Стайкі” СВК “Калгас “Свярдлова” статкі БРЖ паводзілі сябе спакойна: свежы, чысты подсціл, дзверы і вокны ўцеплены, вада ў паілках у наяўнасці. Аднак старшыня райвыканкама заўважыў, што час ужо мяняць гэтыя старыя паілкі на сучасныя, больш зручныя, з падагрэвам. Вада — самы танны і эфектыўны “корм”, важнае харчовае рэчыва разам з энергіяй, пратэінам, мінеральнымі рэчывамі і вітамінамі яна ўваходзіць у асноўную групу харчовых рэчываў для малочных кароў. Здароўе і даўгалецце каровы напрамую залежыць ад таго, наколькі даступна для яе вада. Уладзімір Уладзіміравіч падкрэсліў, што забеспячэнне жывёлы свежай, чыстай вадой павінна стаць асноватворнай практыкай кармлення.
Пасля кіраўнік раёна абмеркаваў са старшынёй СВК “Калгас “Свярдлова” Анатолем Ланкуцем тое, якім чынам плануецца вырашыць праблему вельмі дрэннага стану мясцовай даільнай залы.
— Разлічваем, што з уводам у строй новага малочна-таварнага комплексу, які мы будуем за кошт асабістых сродкаў у межах выканання даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, новая даільная зала заменіць гэтую, — адказаў Анатоль Леанідавіч.
Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Грышчанка пракаменціраваў, што нягледзячы на складанае матэрыяльнае становішча, калектыў жывёлаводаў СВК “Калгас “Свярдлова” на чале з кіраўніком гаспадаркі прыкладае максімум намаганняў, каб вытворчасць малака была эфектыўнай:
— Адшукваюць сродкі для набыцця камбікармоў для ўсяго пагалоўя буйной рагатай жывёлы, а гэта 1460 галоў, бялковых дабавак. Мэтанакіравана вядзецца работа па расстаноўцы статка згодна фізіялагічных характарыстык, уважліва і дакладна тут працуюць з новацельнай жывёлай.
Падчас наведвання гэтых малочна-таварных комплексаў фактаў недапушчальнага беспарадку выяўлена не было. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што ў кожнага, хто працуе ў галіне жывёлагадоўлі, павінна быць на 100% адказнае і неабыякавае стаўленне да выканання сваіх службовых абавязкаў.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.