«Цуды на Каляды»

Падчас навагодніх і калядных святаў актывісты раённых арганізацый ГА “БРСМ” і “БРПА” падарылі казку рабятам, якія ў сілу жыццёвых абставін у час зімовых цудаў і чараўніцтва пазбаўлены сямейнай цеплыні. На чале з першым сакратаром РК ГА “БРСМ” Аленай Осіпавай і старшынёй раённай піянерскай арганізацыі Настассяй Балдзенка наведалі Лёўкавіцкі дзіцячы сацыяльны прытулак і дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы.
Наперададні неабыякавыя да чужой бяды юнакі і дзяўчаты — навучэнцы СШ №1 і гімназіі г.Кіраўска, Чы-гірынскай і Жыліцкай сярэдніх школ, Жыліцкага сельгаскаледжа, ліцэя №15, а таксама працоўныя калектывы СВК “Добасна-агра”, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага вузла электрычнай сувязі, інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Кіраўскім раёне, райаграпрамтэхзабеспячэння адгукнуліся на заклікі традыцыйнай дабрачыннай перадкаляднай акцыі “Цуды на Каляды”. Нагадваем чытачам “раёнкі”, што гэтая акцыя наладжваецца на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ўжо некалькі год запар. Яе арганізатарамі выступаюць Магілёўская і Бабруйская епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, РГА “Белая Русь”, БРСМ, БРПА.
У межах дабрачыннай акцыі быў наладжаны збор падарункаў (спартыўнага інвентару, канцылярскіх прылад, прадметаў мастацкай творчасці, настольных гульняў, цацак, кніг).
У рамках мерапрыемства “Цеплыня маіх рук — табе, сябр” школьнікі сваімі рукамі зрабілі навагоднія і калядныя падарункі, паштоўкі.
Навучэнцы гімназіі і ліцэя №15 падчас мініакцыі “Ліст невядомаму сябру” пісалі віншавальныя лісты дзецям і падлеткам з цёплымі пажаданнямі ў новым годзе.
З сабранага падчас дабрачыннай акцыі былі сфарміраваны навагоднія падарункі, якія ўручаліся выхаванцам Лёўкавіцкага дзіцячага сацыяльнага прытулку і маленькім пацыентам дзіцячага аддзялення райбальніцы падчас казачных прадстаўленняў, якія, дарэчы, таксама былі падрыхтаваны сіламі кіраўскай моладзі.
Навучэнцы Жыліцкага сельгаскаледжа з навагоднім прадстаўленнем завіталі ў прытулак. Праз некалькі дзён туды ж прыбылі і Дзед Мароз са Снягуркай з Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у ролі якіх былі выкладчыкі ўстановы Настасся Каўрыжкіна і Яўген Жук. Падчас тэатралізаванага прадстаўлення яны правялі з рабятамі конкурсы, гульні і віктарыны, дыска-праграму і ўручылі падарункі. З такой жа праграмай актывісты маладзёжнага грамадскага руху наведалі і дзіцячае аддзяленне райбальніцы.
Падчас казачных прадстаўленняў Алена Осіпава і Настасся Балдзенка правялі акцыю “Светлае імгненне дзяцінства”: фатаграфавалі рабят з Дзедам Марозам і Снягуркай, пазней фотаздымкі будуць перададзены кожнаму дзіцяці.
— Прыемна, што і дарослыя, і дзеці адгукнуліся, прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”, — адзначае Настасся Балдзенка. — Яны падарылі рабятам не толькі цацкі і салодкасці, але і веру ў тое, што шмат сярод нас добрых, чулых і неабыякавых людзей, якія ў складаны час гатовы дапамагчы і падтрымаць.
Яўгенія БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.