Фінансы: улік, кантроль, эфектыўнасць выкарыстання

Сваё прафесійнае свята заўтра адзначыць калектыў фінансавага аддзела райвыканкама. А яго кіраўнік Галіна Шупікава напярэдадні святкавала яшчэ і асабісты юбілей: так супала, што дзень яе нараджэння і свята прафесіі, якой аддадзена больш за 30 гадоў, прыпадаюць на пачатак студзеня. Напярэдадні гэтых адметных падзей мы сустрэліся з начальнікам фінансавага аддзела райвыканкама Г.Р.ШУПІКАВАЙ і папрасілі адказаць на некалькі пытанняў:
— Галіна Рыгораўна, канешне, у кароткім інтэрв’ю немагчыма поўнасцю раскрыць усе нюансы дзейнасці вашага аддзела, але, тым не менш, акрэсліце асноўныя напрамкі яго работы.
—Калі коратка, то мы займаемся фінансаваннем бюджэтных устаноў і тых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі на пакрыццё страт па розніцы ў цэнах. З фінансуемых устаноў найбольшая ўдзельная вага належыць сферы адукацыі, культуры, аховы здароўя і фізічнай культуры. Да прыкладу, аб’ём нашых расходаў на 2012 год склаў каля 130 млрд.рублёў. Фінансуем зарплату работнікаў, якія працуюць у гэтых установах, харчаванне дашкольнікаў і школьнікаў, якое ім належыць па заканадаўству, харчаванне і медыкаменты для ўстаноў аховы здароўя.
Яшчэ адзін аспект нашай работы — субсідзіраванне пасажыраперавозак, камунальных паслуг — носіць сацыяльны характар. Выплачваемымі аўтапарку, УКП “Жылкамгас”, райпаліўзбыту субсідыямі пакрываецца розніца ў тарыфах паміж сабекоштам і плацяжамі насельніцтва за праезд у пасажырскім аўтатранспарце, атрыманыя камунальныя паслугі. Гэта датычыцца і цэнавай розніцы за набытае насельніцтвам паліва. Грамадзянам яно адпускаецца па фіксаваных цэнах, а той сабекошт паліва, які склаўся ў райпаліўзбыце, кампенсуецца за кошт бюджэту.
— З якіх крыніц фарміруецца раённы бюджэт?
— З даходаў ад гасразліковых арганізацый у выглядзе выплачаных падаткаў і дзяржаўных датацый. Налічэннем падаткаў займаецца падатковая інспекцыя, а мы ажыццяўляем іх улік, акрамя уласных даходаў.
Безумоўна, вельмі б хацелася, каб раённы бюджэт фарміраваўся за кошт уласных даходных крыніц (падаткаў гасразліковых арганізацый, якія акумулююцца ў бюджэце). Але існаваць за кошт уласных даходаў не атрымліваецца. Прамысловасці ў нас мала, раён мае сельскагаспадарчую скіраванасць, а для сяльчан, як вядома, прадугледжана шмат ільгот. Таму атрымліваем дзяржаўную дапамогу, і датацыя ў структуры бюджэту складае 68%. Тэндэнцыі да змяншэння долі датацыі, як бы нам таго вельмі хацелася, пакуль не прасочваецца.
— Як структурная адзінка што сабою ўяўляе аддзел?
— Умоўна фінансавы аддзел падзяляецца на бюджэтную інспекцыю (так было раней), якая займаецца планаваннем, і ў адпаведнасці з гэтым фінансуюцца бюджэтныя ўстановы, сектар уліку даходаў, якія мы адсочваем і кантралюем у адпаведнасці з заканадаўствам, бухгалтэрыю, якая займаецца каштарысам, улікам паступленняў і ўлікам расходаў.
У цэлым нам даводзіцца выконваць значныя аб’ёмы работы, паколькі зараз бюджэт стаў больш разгорнутым, з’явілася больш канкрэтызуючых расходы артыкулаў. І кожны з іх трэба ўлічыць, давесці да яго план, пры неабходнасці скарэкціраваць, прывесці ў адпаведнасць з тымі расходамі, якія заяўляюць нашы распараджальнікі бюджэтных сродкаў.
— А колькасны састаў аддзела застаўся ранейшым?
— Так, у штаце 9 чалавек, на дадзены момант працуе 8 (адна работніца знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску). Калектыў наш жаночы. І гэта апраўдана, бо работа з лічбамі патрабуе асаблівай увагі, скрупулёзнасці, нават далікатнасці, што ўласціва жанчынам. Як спецыялістаў іх вызначаюць кампетэнтнасць, адказнае стаўленне да справы, кожная на рабочым месцы надзейна забяспечвае свой участак работы. Канешне, усялякае надараецца, але ж, хто не працуе, той і не памыляецца. А ў калектыве ў нас пануе дзелавая, творчая атмасфера, не пазбаўленая, разам з тым, добразычлівасці, цеплыні чалавечых адносін.
Калектыў наш за апошнія гады істотна амаладзіўся, з васьмі толькі трое прыкладна такога ўзросту, як я, усе астатнія — моладзь. Яны арганічна ўліліся ў калектыў, паказалі сябе з найлепшага боку. Не губляем сувязі з нашымі ветэранамі працы. Гэта Валянціна Барысаўна Пархамовіч, Надзея Трафімаўна Баркуціна, Тамара Віктараўна Іваніцкая. Запрашаем да сябе на сустрэчы, віншуем са святамі.
— У жыцці кожнага чалавека ёсць асобы, якія аказалі важкі уплыў на яго прафесійнае станаўленне.А ў Вас?
— Ведаеце, я наогул лічу сябе чалавекам шчаслівым, бо заўсёды на шляху трапляліся мне добрыя, шчырыя, кампетэнтныя людзі. Вельмі ўдзячная былой загадчыцы фінансавага аддзела, свайму настаўніку ў прафесіі Лідзіі Рыгораўне Сініцкай, якая на жаль пакінула жыццё. На работу ў аддзел я прыйшла маладым спецыялістам, а па сутнасці зусім дзіцяці, пасля заканчэння Мінскага фінансава-эканамічнага тэхнікума. Менавіта Лідзія Рыгораўна накі-роўвала, вучыла, іншы раз проста прымушала браць на сябе вырашэнне дастаткова важных і адказных пытанняў, яна і на атрыманне вышэйшай адукацыі мяне падштурхнула (завочна закончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт). І хаця я тады не да канца разумела, навошта мне гэта, і было іншы раз страшнавата, пазней, калі стала працаваць самастойна, узначаліла аддзел, урокі Лідзіі Рыгораўны вельмі спатрэбіліся!
Не магу паскардзіцца і на тыя дзелавыя адносіны, якія складваліся з былым кіраўніцтвам раёна, існуюць ва ўзаемаадносінах з цяперашнім старшынёй райвыканкама У.У.Піскіжавым. Разам стараемся знаходзіць разумныя, адпавядаючыя існуючаму заканадаўству, а, галоўнае, прымальныя для ўсіх шляхі вырашэння ўзнікаючых фінансавых пытанняў.
Удзячная я і нашым распараджальнікам бюджэтных сродкаў, кіраўнікам, галоўным бухгалтарам бюджэтных арганізацый за разуменне, уменне ісці на кампраміс, бо, зразумела, і ім, і нам вельмі хацелася б зрабіць шмат на карысць агульных інтарэсаў, аднак сродкаў на гэта не заўсёды хапае. Вось і старемся знаходзіць рацыянальныя шляхі. У выніку нягледзячы на ўсе фінансавыя складанасці, зроблена нямала. Напрыклад, па ўстановах адукацыі. А на гэты год планаў яшчэ больш. Грошай у прынцыпе нам выдзелена дастаткова, каб закончыць пачатыя рамонтныя работы, я маю на ўвазе Мышкавіцкі дзіцячы садок, закрыць іншыя праблемныя ўчасткі. Сёлета ў адрозненне ад папярэдніх гадоў, калі большы ўхіл рабіўся на сельскія школы, зоймемся ўстановамі адукацыі горада. Прынамсі, СШ№1.
Адна з асноўных задач нашага аддзела — нацэльваць на максімальна эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. З гэтай мэтай праводзім семінары з нашымі бюджэтнікамі, вучым рацыянальна і эфектыўна распараджацца сродкамі.
— Галіна Рыгораўна, што Вы лічыце галоўным у жыцці?
— Каб з задавальннем ісці на работу, а потым з не меншай радасцю вяртацца дадому. Каб ладзіліся справы, не падводзіла здароўе, радавалі дзеці і ўнукі. Напэўна, гэта і ёсць простае чалавечае шчасце.
Шмат часу праводзім на рабоце, і вельмі добра, калі ў сценах офіса, побач з калегамі, кіраў-ніцтвам адчуваеш сябе камфортна. Не скажу, што ў нашых службовых узаемаадносінах ўсё гладка ды ружова — важна, каб хапіла розуму і прафесійнай кампетэнтнасці знаходзіць рашэнне праблемных сітуацый, а яшчэ адчуваць сябе камфортна ў здаровым працоўным рэжыме.
Гутарыла
Таццяна МАІСЕЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.