Па шляху альтэрнатыўнай энергетыкі

Калектывы прадпрыемстваў і арганізацый раёна мэтанакіравана працуюць па ўдасканальванні арганізацыі вытворчасці за кошт аптымізацыі расходаў і рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў, а таксама выхавання ў кожнага працаўніка пачуцця гаспадарлівасці і беражлівасці.
Працаўнікі СВК “Калгас “Ніва” з мэтай эканоміі паліўна-энергетычных рэсурсаў, затрачваемых на штодзённыя патрэбы гаспадаркі, вырашылі пайсці па шляху выкарыстання магчымасцей альтэрнатыўнай энергетыкі: у леташнім верасні ўладкавалі на жывёлагадоўчай ферме “Барсукі” сонечны воданагравальнік. Гэта разнавіднасць калектара, прызначанага для вытворчасці гарачай вады шляхам паглынання сонечнага выпраменьвання.
Гэтай альтэрнатыўна-энергетычнай устаноўкай “ніваўцы” карысталіся больш месяца. Зараз жа яна — у закансерваваным стане, бо эксплуатацыя дапускаецца пры мінімальнай сутачнай тэмпературы паветра вышэй за 0 0С, прыкладна ў перыяд: красавік — канец кастрычніка.
Галоўны энергетык гаспадаркі Міхаіл Мялешкін падзяліўся з чытачамі “раёнкі” вопытам выкарыстання сонечнага воданагравальніка:
— У нашай гаспадарцы ўстаноўлена сістэма нагрэву вады тыпу “монаблок” — “ALEN”. Пастаўка і манціроўка ажыццяўлялася мінскім ЗАТ “Тера-Геліа”, якое спецыялізуецца на забеспячэнні цяплом і электрычнасцю з дапамогай сонца і ветра.
Тып “монаблок” азначае, што асноўныя часткі сістэмы: сонечны калектар, накапляльны бак і рамы, якія ўтрымліваюць разам усю канструкцыю, сабраны ў адзін блок і ўстанаўліваюцца ў адным месцы.
Гэта самы просты від сістэмы сонечнага нагрэву вады, аднак даволі эфектыўны. Накапляльны бак разлічаны на 200 літраў. Па першым вопыце экс-плуатацыі мы зрабілі вывад, што ў сонечнае надвор’е гэтай колькасці дастаткова, каб поўнасцю забяспечыць патрэбу ў гарачай вадзе на гэтай ферме. Дарэчы, для атрымання цяпла не абавязкова яснае неба, вада награваецца і ў пахмурнае надвор’е, аднак, чым меней сонечных прамянёў, тым гэты працэс павольней. Ноччу монаблок не награвае ваду, але нагрэтая дагэтуль вадкасць застаецца ў накапляльным баке гарачай доўга.
— Магчымасць эксплуатаваць сістэму зімой выключаецца поўнасцю? — удакладняю ў Міхаіла Эдуардавіча.
— Выкарыстоўваемыя трубы і накапляльны бак не баяцца марозу, аднак вада ў трубах, якія падводзяць яе да монаблока, вядома ж, замерзне, таму на зіму вадкасць мы спусцілі і зараз, як і раней, карыстаемся двума электрычнымі воданагравальнікамі.
Ужо праверана, што з раніцы да абеду 200 літраў вады награваецца да тэмпературы 99 0С. Пасля абеду бак запаўняецца яшчэ 200 літрамі і ўвечары — зноў у наяўнасці гарачая вада.
Па разліках энергетычнай службы гаспадаркі, за лета кошт гэтай устаноўкі — 9 мільярдаў рублёў поўнасцю акупіцца, плануецца с’эканоміць за год 10 — 15 тысяч кВт электраэнергіі. Аднак усё залежыць ад колькасці ясных дзён. Як мяркуецца, за сезон работы калектар збірае 87% гадавой энергіі сонца.
Энергетык падзяліўся планамі:
— Будзем выкарыстоўваць сістэму сонечнага нагрэву вады і на яшчэ адной нашай ферме — “Капусціна”. Аднак устаноўкі будуць крыху адрознівацца. На МТФ “Барсукі” — безнапорны монаблок: вада зліваецца самацёкам, а ў Капусціна будзе блок з напорным бакам, ён больш зручны ў эксплуатацыі і лёгка падлкючаецца да існуючай сістэмы водазабеспячэння. Варта адзначыць, што, наогул, экспулатацыя і абслугоўванне сістэмы нескладаныя, робім гэта самі.
— Міхаіл Эдуардавіч, магчыма, сонечны воданагравальнік можна параўнаць са звычайнай чорнай бочкай?
— Так, прынцып падобны, аднак монаблок лепей, у першую чаргу тым, што павольна губляе цяпло. Трубы калектара працуюць як тэрмас і не выпускаюць сабранае цяпло, да таго ж накапляльны бак цеплаізаляваны поліурэтанавай пенай і таксама не дае нагрэтай вадзе хутка астыць. А звычайная нагрэтая бочка пачынае астываць адразу ж, як толькі падзьмуў вецер альбо стала пахмурна.
Сонечныя воданагравальнікі набылі СВК “Чырвоны баец” і Жыліцкі сельгаскаледж.
Як паведаміў старшыня СВК “Чырвоны баец” Аляксандр Серакоў, геліясістэму яны набылі мінулай восенню, устаноўлена яна на свінагадоўчым комплексе і служыла для падагрэву вады для гаспадарчых патрэб. Падвод вады да яе — ад сістэмы водаправода. Выкарыстанне крыніцы альтэрнатыўнай энергіі, заўважыў Аляксандр Уладзіміравіч, пераканала, што яна дае значны эфект у эканоміі энергарэсурсаў, у гаспадарцы мяркуюць набыць яшчэ дзве сістэмы і ўсталяваць іх на МТФ “Дваранінавічы” і ў сталовай сельгаскааператыва. Зараз устаноўка ў закансерваваным стане, з надыходам належнай тэмпературы паветра ўвойдзе ў строй.
Яўгенія БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.