Прафесія як лад жыцця

Выратоўваць людзей падчас аварый, аказваць ім першую медыцынскую дапамогу, ліквідаваць вынікі аварый прыроднага і тэхнагеннага характараў, праводзіць разведку, пошук ахвяр і першасную адзнаку аператыўнага становішча на месцы надзвычайнай сітуацыі — гэта далёка не поўны пералік абавязкаў выратавальніка.
Аб сутнасці, умовах і асаблівасцях прафесіі — наша размова з начальнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, капітанам унутранай службы Дзмітрыем РОШЧЫНЫМ.
— Дзмітрый Анатольевіч, у чым сутнасць вашай прафесіі?
— Назва прафесіі сведчыць і аб яе сутнасці: выратоўваць. Не памылюся, калі адзначу, што для большасці з нас — гэта не прафесія, а лад жыцця.
Здараецца, на жаль, што людзі трапляюць у надзвычайныя сітуацыі, з якімі не могуць справіцца сваімі сіламі. Напрыклад, дарожна-транспартныя здарэнні. Уявіце, наколькі складана без спецыяльных навыкаў і абсталявання вызваліць чалавека з пакарабачанага аўтамабіля. Вось у такіх і, вядома, іншых падобных выпадках на дапамогу спяшаемся мы — выратавальнікі. Хочацца, каб грамадзянам рэдка, а, магчыма, і ніколі не даводзілася памерам сваіх страт у выніку няшчасця ацэньваць нашу работу…
— Ці часта чуеце словы падзякі ў свой адрас за выратаванне маёмасці, здароўя альбо жыцця?
— Па праўдзе кажучы, не. Не з-за таго, што людзі няўдзячныя альбо абыякавыя. Падчас трагедыі яны знаходзяцца ў шокавым стане і ім не да падзяк. Мы не скардзімся, проста выконваем сваю работу.
— Колькі выратавальнікаў у нашым раёне?
— У штаце РАНС — 65 чалавек. Работа арганізавана пазменна: і дзень, і ноч. Дапамога можа патрабавацца ў любую секунду. Гатоўнасць выезду выратавальнага падраздзялення — адна мінута ў любы час сутак.
— Якім чынам выратавальнікі падтрымліваюць у належнай форме фізічны, а таксама псіхалагічны стан?
— Так, моцнае здароўе, добрая фізічная і маральная падрыхтоўка — неад’емная частка нашай прафесіі. У райаддзеле дзейнічае спартыўная зала, на тэрыторыі — імправізаваны спартыўны гарадок з футбольнай і валейбольнай пляцоўкамі. Львіную долю часу надаем спецпадрыхтоўцы байцоў, практычнай і тэарытычнай. Ёсць шмат магчымасцей для самарэалізацыі. Так, наш старшы інспектар дзяржпажнагляду Вячаслаў Сідараў летась стаў лепшым пажарным інспектарам Магілёўшчыны, з гонарам прадставіў вобласць на рэспубліцы. Некалькі дзён таму Вячаслаў Анатольевіч зноў пацвердзіў сваё званне: перамог у абласным спаборніцтве сярод дзяржпажінспектараў.
— А які сярэдні ўзрост каманды выратавальнікаў раёна?
— Шмат сярод нас моладзі ва ўзросце ад 20 да 22 год, а сярэдні ўзрост калектыву 30 — 32 гады.
— Ці часта мужчыны пакідаюць прафесію з-за таго, што складана з маральнага боку?
— За 16 год службы на маіх вачах не было ніводнага такога прыкладу. Гэта не значыць, што службу наогул ніхто не пакідае, аднак адбываецца гэта па іншых прычынах.
Калі закрануць асаблівасці работы, то даводзіцца прысвячаць ёй шмат асабістага часу, працаваць і ў спёку, і ў лютыя марозы. Здараецца, тушыш пажар, а ў агонь часткова ляцяць ужо не вадзяныя пырскі, а ледзяныя шарыкі. Аднак, я б не сказаў, што ў выратавальнікі ідуць незвычайныя людзі. Проста яны ўмеюць арыентавацца і аператыўна дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях.
Часта ў нас пытаюцца, ці страшна бывае падчас аварыйных выездаў? Страшна ўжо пасля, калі ёсць час задумацца над тым, што адбылося. А непасрэдна на пажарах баяцца няма калі. Калі прыязджаеш тушыць палаючы дом, бачыш слуп дыму і што вось-вось ён можа перакінуцца на суседнюю пабудову, думаеш толькі аб тым, як хутчэй гэта спыніць і выратаваць магчымыя ахвяры.
— Якая тэхніка на ўзбраенні ў выратавальнікаў?
— У апошнія гады наш тэхнічны парк вельмі абнавіўся. Так, зараз мы карыстаемся сучаснымі апаратамі для работы ў задымленым асяроддзі. Маем тры новых выратавальных аўтамабілі МАЗ беларускай вытворчасці. Літаральна на днях накіравалі адну з нашых машын з 30-гадовым стажам службы ў вытворча-тэхнічны цэнтр для мадэрнізацыі. Назад да нас вернецца практычна новая машына з ячшэ даволі працяглым рэсурсам работы.
Ужо ў новым годзе атрымалі камплект гідраўлічнага інструмента для перакусвання металічных канструкцый. Ён прызначаны для ліквідацыі вынікаў ДТЗ і выратавання людзей з-пад завалаў.
— Ці ёсць у вас сімвалічныя дзеянні перад адпраўленнем у эпіцэнтр здарэння?
— Магчыма, у кожнага сваё дзеянне… Звярну ўвагу на тое, што ў аснове эмблемы беларускага Міністэрства па надзвычайных сітуацыях — выява праваслаўнай іконы Божай Маці “Неапалімая купіна”. Гэтую святыню мы лічым сваёй заступніцай. Сімвалічна, што наша прафесійнае свята прыпадае на дні праваслаўнага Вадохрышча, у гэты час маладыя байцы пажарна-выратавальных атрадаў будуць прымаць прысягу. Па традыцыі, кожны год падчас прысягі свяшчэннаслужыцелі асвячаюць выратавальнікаў і даюць ім благаславенне на высакародную справу.
Гутарыла Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.