Равесніца Магілёўскай вобласці

Для жыхаркі а/г Мышкавічы, поўнага кавалера ордэна Працоўнай Славы Людмілы Нічыпараўны Палевіч сёлетні год асаблівы, юбілейны. Яна — равесніца Магілёўскай вобласці: у сёлетнім ліпені ёй споўніцца 75 год. І ўсё сваё свядомае жыццё жанчына крочыць у нагу з вобласцю.
Нарадзілася і вырасла Л.Н.Палевіч у Клічаўскім раёне, знайшла свой шлях у жыцці, рэалізавала запаветныя мары быць шчаслівай у сям’і, знакамітай у працы на Кіраўшчыне, у тагачасным калгасе “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, унесшы сваімі працоўнымі дасягненнямі важкі ўклад у развіццё народнагаспадарчага комплексу Магілёўшчыны. Сваю першую вялікую ўзнагароду — медаль “За доблесную працу” Людміла Нічыпараўна атрымла ў 1970 годзе. А ў 1975 годзе, калі ад кожнай каровы сваёй групы надаіла па 3,5 тыс.кг малака, яе праца была адзначана ордэнам Працоўнай Славы III ступені. Праз год прыйшла новая адзнака стараннай працы даяркі — ордэн Працоўнай Славы II ступені, а ў 1986 годзе, калі ад кожнай са сваіх рагуль Людміла Палевіч надаіла больш, чым па 6 тыс. кг малака, яна была ўдастоена трэцяга ордэна Працоўнай Славы. Яна — адна з 6-ці поўных кавалераў ордэна Працоўнай Славы вобласці.
Людміла Нічыпараўна — чалавек актыўнай жыццёвай пазіцыі. Такой была на працягу ўсяго працоўнага жыцця: шчыравала на ферме і не раз з’яўлялася ўдзельніцай ВДНГ, не стаяла ў баку ад грамадскага жыцця, выбіралася дэпутатам раённага Савета народных дэпутатаў, членам райвыканкама, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці і 20 гадоў спявала ў народным хоры гаспадаркі, потым — у фальклорным гурце “Малодушкі”. Не сядзіць дома ветэран працы і зараз. Яна — часты госць у мясцовай школе, дзе сустракаючыся з рабятамі, расказвае аб сваёй працоўнай маладосці, тым, якімі ідэаламі жылі яе равеснікі. Пераканана, што сучасная моладзь не горшая за яе пакаленне, трэба толькі, каб яна не баялася цяжкасцей, сур’ёзна ставілася да вучобы, працы, прымнажаючы тым самым гісторыю слаўнага шляху Магілёўшчыны.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.