Рэалізаваць генетычны патэнцыял статка

Становішча спраў на жывёлагадоўчых аб’ектах сельгасарганізацый раёна, прымаемыя тут захады па павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі малака, павышэнні яго якасці — гэтыя пытанні знаходзяцца на пастаянным кантролі раённай улады.
Чарговую рабочую паездку старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў ажыццявіў на аб’екты жывёлагадоўлі СВК “Добасна-агра”: МТФ “Пясцова” і “Дабрыца”, ферму па вырошчванні і адкорме “Харлапавічы”.
Пагалоўе дойнага статка ў гаспадарцы зараз складае 900 галоў. Гэта адна з нямногіх сельгас-арганізацый раёна, дзе адсутнічаюць даільныя залы: увесь дойны статак, размешчаны на трох малочна-таварных фермах, абслугоўваецца лінейнымі малакаправодамі.
Па выніках мінулага года гаспадаркай дапушчана зніжэнне тэмпаў росту вытворчасці малака — атрымана 95,4% да ўзроўню 2011 года, у тым ліку за снежань — 88,2%. Адной з галоўных прычын з’явілася праблема з кармамі ў веснавы перыяд: пачынаючы з сакавіка, да выхаду жывёлы на пашу і пачатку ўборачнай кампаніі не было дастатковай колькасці канцэнтратаў, таму не здолелі ўзняць узровень вытворчасці малака.
Адмоўна паўплывала на становішча спраў у малочнай галіне і тое, што ў першым квартале мінулага года не спрацавалі належным чынам па аднаўленні статка, таму недаатрымалі расцёлы і, адпаведна, запланаваную колькасць малака.
Як адзначыў выконваючы абавязкі старшыні гаспадаркі Уладзімір Царыкаў, яны накіроўваюць усе намаганні на выпраўленне сітуацыі. Прапрацоўваюцца пытанні арганізацыі тэхналагічнага ўтрымання кароў, паляпшэння племянной работы, іншыя.
Кармамі на гэты зімова-стойлавы перыяд жывёла забяспечана ў поўным аб’ёме: для дойнага статка і маладняку завозяцца спецкамбікармы, зерня дастаткова для прыгатавання корму іншай жывёле, грубых травяністых кармоў таксама хапае. Толькі якасць ніжэйшая, чым летась, з-за пагодных умоў падчас нарыхтоўкі.
Абмяркоўваючы гэтыя пытанні, мы прыбылі на МТФ “Пясцова”. Статак, размешчаны тут у двух хлявах, налічвае 384 галавы. Старшыню райвыканкама цікавілі ўмовы ўтрымання, рацыёны кармлення, парадак даення высокапрадуктыўных і навацельных кароў. На пытанні адказвала загадчыца фермы Таццяна Галафаст. Па яе словах, да высока-прадуктыўных тут адносяць рагуль, якія даюць 20 літраў малака і больш — такіх тут 42 галавы. Іх і навацельных кароў дояць у першую чаргу, а потым — астатнюю жывёлу. Арганізацыя трохразовага даення дала прыбаўку надою па кожнай высока-прадуктыўнай карове ў сярэднім па 2-3 літры.
Размова зайшла пра канкрэтныя паказчыкі па аднаўленні статка. Па гаспадарцы расцёлы летась склалі 80% да ўзроўню папярэдняга года (мінус 63 расцёлы).
Уладзімір Цырыкаў адзначыў, што за тры апошнія месяцы атрымана 127 расцёлаў, сітуацыя далей будзе паляпшацца, ёсць патэнцыял для гэтага.
Для таго, каб гаспадарка здолела выйсці на вызначаныя паказчыкі па вытворчасці малака, на яе жывёлагадоўчых аб’ектах сіламі райветстанцыі, райплемстанцыі і мясцовых спецыялістаў вельмі інтэнсіўна вядзецца работа па аналізу аднаўлення статка і ўхіленні прычын, адмоўна ўплываючых на гэты працэс. Тут мяркуюць як мага больш плённа папрацаваць па аднаўленні і асемяненні жывёлы і да сярэдзіны сакавіка атрымаць больш рэзультатыўных асемяненняў кароў і цялушак.
У цэнтры ўвагі трымаюць дабаснянцы і пытанні павышэння якасці малака: выдзяляюцца сродкі і набываецца ўсё неабходнае для арганізацыі нармальнага даення кароў, догляду вымені, лячэння.
Уладзімір Піскіжаў звярнуў увагу на кармушкі: у сенажу і сіласу высокая вільготнасць, таму для балансіроўкі рацыёнаў кармлення па сухім рэчыве ўводзіцца салома.
Гаспадаркай набыты кормараздатчык па прыгатаванні і раздачы поўнарацыённай кармавой сумесі.
Побач з памяшканнямі фермы “Пясцова” ўзводзіцца модуль новай МТФ, згодна даручэння Прэзідэнта краіны, зараз будаўнікі ПМК-255 вядуць мантаж малочнага блока.
Безумоўна, кіраўнік раёна не мог абысці ўвагай становішча спраў на МТФ “Дабрыца”. Як вядома, у сярэдзіне кастрычніка тут адбыўся пажар, прычынай якога стала кароткае замыканне электраправодкі. У выніку пацярпеў будынак малочнага блока, ад двух астатніх хлявоў агонь удалося адвесці. Жывёла своечасова была эвакуіравана на іншыя фермы.
У наступны час аператыўна было адноўлена даільнае і халадзільнае абсталяванне. Зараз на ферме актыўна працягваюцца работы па рамонце памяшканняў. Усюды ўладкоўваецца новая электраправодка. Дарэчы, на ўсіх жывёлагадоўчых аб’ектах гаспадаркі была зроблена скрупулёзная рэвізія электрычнай часткі, і ўсё прыведзена ў парадак згодна патрабаванням.
Зразумела, пажар зрабіў адмоўны адбітак на ўсёй рабоце са статкам, улічваючы, што згарэла дакументацыя. Жывёла, якая дагэтуль знаходзілася на ферме ў Пясцова, толькі месяц назад была пераведзена ў “родныя сцены”.
Загадчыца фермы Таццяна Маслава — вопытны, адказны спецыяліст, заўжды забяспечвала стабільную работу калектыву фермы і добрыя вынікі. І зараз стараецца ўсяляк садзейнічаць паляпшэнню спраў.
Актуальнай на гэтай ферме, як, прынамсі, і на іншых застаецца праблема з кадрамі. Тое, што статак абслугоўваецца лінейнымі малакаправодамі, патрабуе большай колькасці работнікаў. А сярод жывёлаводаў нямала пенсіянераў. Кадравае пытанне — у ліку асноўных, над вырашэннем якіх трэба сур’ёзна працаваць.
Уладзімір Піскіжаў па-цікавіўся заробкам лепшых даярак. Як адзначыла загадчыца фермы, гэта прыкладна 3500-3600 млн. рублёў. Са снежня мінулага года даяркам і даглядчыкам жывёлы ўвялі 30-працэнтную надбаўку. Таццяна Маслава запэўніла, што зарплата павялічыцца, калі навядуць парадак са статкам, пасля рэктальных даследаванняў даведаюцца аб стане жывёлы, забяспечаць павелічэнне вытворчасці малака.
У гаспадарцы ёсць праблемы па рэалізацыі непрадуктыўнай жывёлы, якія таксама патрабуюць вырашэння.
Для стабілізацыі работы і атрымання належных вынікаў, на думку загадчыцы фермы, неабходна, каб жывёламесцы былі пра запас, мець дастаткова цялушак на раздоі і штомесячна галоў 15 уводзіць у статак з расцёламі.
Новы прафілакторый для нованароджаных цялят пуставаў: не вытрымлівае маладняк холаду, яго пакуль паставілі ў хлеў. Уладзімір Царыкаў падзяліўся планамі: трэба ў гэтым памяшканні прыбраць перагародкі і паставіць індывідуальныя домікі для цялят — магчыма, самі зробяць іх або набудуць гатовыя.
Далей “Ніва” старшыні райвыканкама накіравалася ў Харлапавічы. Тутэйшая ферма па вырошчванні і адкорме, на якой утрымліваецца каля 1700 галоў жывёлы — даволі старога “ўзросту”. Частку памяшканняў — дзе знаходзіцца дарослая жывёла — адрамантавалі, рэканструявалі, зрабілі пасекцыйнае раздзяленне статка. Каб завяршыць рэканструкцыю, патрабуецца значнае ўкладанне сродкаў, якіх не хапае. Застаецца пакуль нявырашаным і пытанне гноевыдалення. Памяшканняў на ферме шмат, памер іх нестандартны, значнай даўжыні, і патрабуецца шмат часу, каб стварыць для жывёлы нармальныя ўмовы ўтрымання. Трактар, які задзейнічаны на ачыстцы хлявоў ад гною, не спраўляецца своечасова гэта рабіць. Таму, як паведаміў Уладзімір Царыкаў, у бліжэйшы час яны набудуць другі трактар, і справы палепшацца.
Адказваючы на пытанне старшыні райвыканкама аб захаванасці цялят, загадчыца фермы Святлана Кузнец адзначыла, што ў цэлым па жывёлагадоўчым аб’екце яна складае 94%, масавага выбыцця не назіраецца. Што датычыцца суадносін цялушак і бычкоў, то першых на 120 галоў больш.
Уладзімір Піскіжаў і Уладзімір Царыкаў у суправаджэнні Святланы Кузнец наведалі іншыя памяшканні фермы, дзе таксама ішла размова аб шляхах павышэння эфектыўнасці работы на гэтым жывёлагадоўчым аб’екце і ў гаспадарцы ў цэлым. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што ў СВК “Добасна-агра” адзін з самых высокіх у раёне генетычных патэнцыялаў статка, задзейнічаць яго — галоўная задача для новага старшыні сельгаскааператыва.
Наталля ХАДАКОВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.