Шкодным звычкам скажам “НЕ”!

У межах правядзення акцыі “Прафілактыка і Ты!” вучнёўскі і выкладчыцкі калектыў ліцэя №15 разгарнулі маштабную кампанію, накіраваную супраць курэння і іншых шкодных звычак і праяў жыцця.
Пад кіраўніцтвам Валянціны Грузд у навучальнай установе прайшоў “Тыдзень прафілактыкі шкодных звычак”. У конкурсе тэматычных слоганаў перамагла Віялета Залатухіна.
Паміж камандамі хлопчыкаў і дзяўчынак прайшло спаборніцтва “Возьми конфету — брось сигарету”. Па яго ўмовах трэба было абмяняць цыгарэты, якія былі ў кішэнях навучэнцаў ліцэя, на цукеркі. Перамагла каманда юнакоў, якая назбірала больш цыгарэт. Актыўнасцю ў спаборнцтве вызначыліся Алег Свірко, Зоя Каржова, Ніна Пракопчык, Ірына Бяляўская.
Шмат інфармацыі, прапагандуючай шкоду курэння, было размешчана на стэндзе. Там жа рабятам прапанавалася пакінуць меркаванні аб прычынах распаўсюджвання курэння, а таксама пажаданні тым, хто хоча пазбавіцца шкоднай звычкі.
Парады, як кінуць курыць, далі прадстаўнікі беларускай праваслаўнай царквы.
Юнакам і дзяўчатам, якія не кураць, у падарунак раздавалі цукеркі, сакратар пярвічкі РА ГА “БРСМ” Вольга Кійко распаўсюджвала прафілактычныя буклеты.
Некурачыя юнакі Вадзім Шаўчэнка, Анатоль Кунгураў і Дзмітрый Дрозд аформілі тэматычную мінівыставу.
У межах “Тыдня прафілактыкі шкодных звычак” навучэнцам установы былі прадэманстраваны відэафільмы “Чарнавік” і “Беражы сябе”.
Інспектар райінспекцыі па справах непаўналетніх Яўген Пацэвіч пагутарыў з рабятамі на тэму безнагляднасці непаўналетніх.
Пры падвядзенні вынікаў прафілактычнай акцыі найбольшую цікавасць выклікалі рэзультаты анкетавання “Стаўленне да курэння і здаровага ладу жыцця”, праведзенага ў межах праекта “Мы не курым. Далучайся!”. Анкетаванне праводзілі Аляксандр Кірылаў і Аляксандр Стэльмакоў.
Высветлілася, што з дзесяці апытаных толькі адзін рэспандэнт не спрабаваў курыць. Мінімальны ўзрост, з якога рабяты спазналі смак цыгарэты, — 12 год. У шэрагу прычын, даўшым старт курэнню, былі названы: недахоп ведаў аб шкодзе курэння; мода сярод равеснікаў; цікава; моцны стрэс.
На пытанне, ці жадаў бы ты кінуць курыць, усе рэспандэнты адказалі — так, а таксама, што ўжо спрабавалі гэта зрабіць. Болей не хочуць курыць маладыя людзі з-за разумення, што гэта прыносіць шкоду здароўю; пагаршэння стану здароўя; што гэта шкодная звычка; дзеля эканоміі сродкаў; пад уплывам сацыяльнай рэкламы аб шкодзе курэння; таму што не кураць сябры.
Аказалася, што ў палове сем’яў курачых юнакоў і дзяўчат кураць іх бацькі.
На пытанне, што зрабіць, каб дзеці і падлеткі не пачыналі курыць, прагучалі адказы: забараніць цыгарэты для продажу; развіваць прыхільнасць да здаровага ладу жыцця; змяніць накірунак масавай рэкламы; вучыць на асабістым прыкладзе.
Некурачыя рабяты адказалі, што не пажадалі апынуцца пад уладай гэтай шкоднай звычкі, таму што хочуць выглядаць здаровымі і прыгожымі; клапоцяцца аб здароўі сваіх будучых дзяцей; ведаюць, якую шкоду прыносіць курэнне; не хочуць залежыць ад шкоднай звычкі; курэнне зараз не модна!
Падрыхтавала
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота прадастаўлена Валянцінай ГРУЗД.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.