Свята, якое прыносіць радасць…

Падчас навагодніх і калядных святаў дзятва з нецярплівасцю чакае казачных цудаў і, канешне ж, падарункаў. Пад асаблівай увагай і клопатам нашай дзяржавы ў першую чаргу рабяты, якія па розных прычынах засталіся без бацькоўскай апекі, сямейнай цеплыні і любові. З гэтай нагоды вось ужо ў 16-ты раз у нашай краіне праходзіць навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, падчас якой прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый і ўстаноў наведваюць рабят, якія маюць патрэбу ў дзяржаўнай падтрымцы, дзяцей-інвалідаў, ушаноўваюць вучняў, якія дасягнулі высокіх асабістых вышынь — пераможцаў алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, розных конкурсаў.
У апошнюю суботу адышоўшага года ў межах акцыі “Нашы дзеці” ўраённым Доме культуры сабраліся на галоўнай навагодняй ёлцы Кіраўшчыны хлопчыкі і дзяўчынкі з усіх куткоў нашага раёна разам са сваімі бацькамі, сябрамі і настаўнікамі.
Павіншаваць прысутных прыйшлі ганаровыя госці: старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Надзея Каранкевіч і іншыя прадстаўнікі раённай улады.
Вітаючы прысутных перад пачаткам прадстаўлення, кіраўнік раённай улады Уладзімір Піскіжаў адзначыў:
— Сённяшняе свята — гэта толькі невялікая часцінка той увагі, якая надаецца дзецям у нашай дзяржаве, у тым ліку і ў нашым раёне. Мы заўсёды імкнемся да таго, каб дапамагчы кожнаму дзіцяці раскрыць свае таленты і рэалізаваць свае мары.
Я вельмі рады сёння бачыць усіх вас у гэтай цудоўнай навагодняй зале, рады павітаць рабят, якія стараннай вучобай, творчымі, спартыўнымі поспехамі і дасягненнямі, добрымі справамі і ўчынкамі атрымалі ганаровае права прысутнічаць на галоўнай ёлцы нашага раёна. Думаю, што ў новым годзе пашанцуе таму, хто верыць у цуда, у чараўніцтва, хто разумее, што агульнымі намаганнямі нам многае па сілах.
Кіраўнік раёна заўважыў, што вельмі многае залежыць ад саміх рабят, бо толькі ў казках усё здзяйсняецца па ўзмаху чароўнай палачкі, у жыцці ж самы галоўны чараўнік-стваральнік — гэта праца. Каб казка стала быллю, трэба старанна вучыцца, расці сумленнымі, смелымі, дужымі, паважаць дарослых і, самае галоўнае, любіць і берагчы нашу прекрасную Беларусь, ганарыцца сваім народам і сваёй гісторыяй.
Уладзімір Уладзіміравіч выказаў меркаванне, што станоўчыя эмоцыі з’яўляюцца падставай для таго каб рабіць добрыя справы, менавіта таму пастараліся зрабіць для рабят сапраўднае свята, якое б запомнілася надоўга.
Старшыня райвыканкама ад шчырага сэрца пажадаў, каб надыходзячы год быў напоўнены яркімі падзеямі, новымі адкрыццямі і прыемнымі ўражаннямі.
Пасля віншаванняў усе прысутныя з задавальненнем адправіліся ў цудоўнае казачнае падарожжа, арганізаванае культработнікамі. А пачалося яно з тэатралізаванага прадстаўлення “Чароўная карона” падчас якога рабяты разам з Чырвонай Шапачкай, Фунцікам, Беласнежкай і Пятрушкам акунуліся ў захапляючы свет прыгод…
Трэбы было дапамагчы Зіме-царыцы вярнуць чароўную карону, без якой немагчымы прыход Новага года. Давялося гледачам разам са стражнікамі пабываць у розных прадказальнікаў і астролагаў, пайсці да цыганкі якая пагадала на картах…
А далей усе апынуліся ва Усходнім царстве, дзе сустрэліся з Мудрай змяёй, якая за дапамогу папрасіла прыгадаць, у якіх казках і мультфільмах прысутнічаюць добрыя змейкі.
І вось напрыканцы казачнага падарожжа ўсе апынуліся ў царстве Злоснага чараўніка, які і ўкраў чароўную карону. Але дабро заўсёды перамагае зло, карона вярнулася да Зімы-царыцы, і Новы год надышоў!
Пасля святочнага канцэрта рабяты разам з Дзедам Марозам і Снягуркай вадзілі карагоды ля прыгажуні-ёлкі, спявалі песні, адгадвалі загадкі і ад душы весяліліся.
Тэатралізаванае дзеянне чарагавалася з нумарамі мастацкай самадзейнасці.
У фінале свята кожнага юнага гледача чакаў прыемны сюрпрыз — навагодні падарунак ад Дзеда Мароза.
А дапамаглі здзяйсніцца навагоднім цудам і зрабілі ўсё магчымае, каб ніводнае дзіця ў гэтыя святочныя дні не засталося без клопату і ўвагі дарослых, шэраг прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў горада, індывідуальныя прадпрымальнікі, грамадскія аб’яднанні “Белая Русь”, “Фонд міру”, “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”, райкам прафсаюза работнікаў АПК і многія іншыя.
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.