У ходзе Адзінага дня інфармавання

Практыка правядзення штомесяц Адзіных дзён інфармавання трывала ўвайшла ў жыццё працоўных калектываў раёна, насельніцтва па месцы жыхарства. Для іх максімальна поўнага ахопу пры райвыканкаме створаны і дзейнічаюць адзінаццаць інфармацыйна-прапагандысцкіх груп.
Тэмамі студзеньскага Адзінага дня інфармавання былі наступныя: “Жыццё і здароўе чалавека — пытанні дзяржаўнай важнасці” і “Будаўніцтва АЭС у рэспубліцы. Папярэднія вынікі 2012 года”.
Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Піскіжавым пабывала ў СШ №1 райцэнтра, дзе сустрэлася з педагагічным калектывам навучальнай установы.
На падобных сустрэчах у працоўных калектывах, адзначыў старшыня райвыканкама, пачынаючы размову з прысутнымі, акрамя вызначаных для абмеркавання тэм Адзінага дня інфармавання, ён заўсёды імкнецца данесці да кіраўчан і сельскіх жыхароў стратэгію развіцця раёна, асобных галін народнагаспадарчага комплексу, пазнаёміць з планамі на бліжэйшы час і перспектыву — каб людзі дакладна ведалі, што канкрэтна будзе рабіцца ў іх рэгіёне. У прыватнасці, і ў галіне адукацыі.
Як вядома, нагадаў кіраўнік раённай вертыкалі ўлады, у межах рэалізацыі Дзяржаўнай пра-грамы адраджэння і развіцця вёскі былі капітальна адрамантаваны ўстановы адукацыі ў сельскіх населеных пунктах, у першую чаргу, у аграгарадках. Укладаць істотныя сродкі ў рамонт гарадскіх школ у мінулыя гады не было магчымасці. Пэўныя грашовыя сродкі выдзяляліся на правядзенне асобных рамонтных работ будынка гімназіі (ён па аб’ёмах значна меншы СШ №1): уладкавалі дах, які да гэтага працякаў, памянялі ваконныя блокі. На бягучы год, паведаміў радасную навіну Уладзімір Уладзіміравіч, у раённым бюджэце закладзены значныя сродкі на рамонт менавіта дзвюх гарадскіх школ — гэта 3,9 млрд. рублёў. Істотная іх частка будзе выдаткавана для арганізацыі і правядзенняна рамонтых работ у СШ №1. У першую чаргу, для вырашэння самых набалелых пытанняў: замены ваконных блокаў, усіх уваходных дзвярных блокаў — у межах фінансавання плануецца рэалізаваць тыя напрамкі, якія дапамогуць калектыву больш камфортна працаваць, а рабятам — вучыцца.
Старшыня райвыканкама заклікаў педагогаў і ўсіх работнікаў навучальнай установы не быць пабочнымі назіральнікамі падчас правядзення рамонту: будзе патрэбны іх канкрэтны ўдзел, улічваючы сціслыя тэрміны работ — гэта практычна чэрвень, ліпень і да 15 жніўня, а аб’ёмы значныя.
У ходзе размовы адзначалася, што гарадскія школы, дашкольныя ўстановы за апошнія гады атрымалі значную грашовую падтрымку для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, што дазволіла абнавіць мэблю, абсталяванне, цацкі, наглядныя матэрыялы і дапаможнікі.
Прадстаўнікоў педагагічнага калектыву СШ №1 цікавіла, ці будзе папаўняцца школа спортінвентаром. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Галіна Слабоднікава праінфармавала, што ў бягучым годзе на гэтыя мэты будуць выдзелены пэўныя грашовыя сродкі.
Былі таксама абмеркаваны пытанні аплаты працы работнікаў адукацыі.
Па асноўнай тэме Адзінага дня інфармавання “Жыццё і здароўе чалавека — пытанні дзяржаўнай важнасці” цікавыя звесткі прывялі па сваіх накірунках дзейнасці член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач райбальніцы Алена Круцько, начальнік РАУС Аляксандр Шункевіч, пракурор раёна Вячаслаў Паршук, начальнік РАНС Дзмітрый Рошчын. Размова тычылася пытанняў пажарнай і дарожна-транспартнай бяспекі, захавання тэхнікі бяспекі на вытворчасці і беражлівым стаўленні да свайго здароўя ў быту, неабходнасці ўзмацнення барацьбы з п’янствам і алкагалізмам.
З цікаўнасцю паглядзелі ўдзельнікі сустрэчы прапанаваныя ім відэасюжэты аб ходзе работ на будаўнічай пляцоўцы Астравецкай АЭС.
Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы адказалі на пытанні, якія тычыліся добраўпарадкавання горада, медыцынскага абслугоўвання.

Інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Вольгай Гаршковай падчас Адзінага дня інфармавання наведалася ў в.Валосавічы Мышкавіцкага сельсавета. Тут, у памяшканні велабазы ДЮСШ, адбылася сустрэча з мясцовым насельніцтвам.
Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы праінфармавалі прысутных па вызначанай тэматыцы Адзінага дня, былі таксама паказаны відэафільмы аб будаўніцтве беларускай АЭС.
Удзел у размове прыняла член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, галоўны ўрач райбальніцы Алена Круцько. Яна расказала аб асноўных накірунках работы па мадэрнізацыі сістэмы медыцынскага абслугоўвання насельніцтва раёна ў сувязі з рэалізацыяй “пілотнага праекта”, ажыццяўленне якога распачата з 1 студзеня бягучага года. У прыватнасці, Алена Аляксееўна адзначыла, што мяркуецца паэтапнае скарачэнне колькасці ложкаў у стацыянары і ўзмацненне амбулаторна-паліклінічнага звяна. У сувязі з гэтым запланаваны рамонт будынка паліклінікі з тым, каб больш зручна тут было і наведвальнікам, і медработнікам. Для пашырэння плошчаў паліклінікі плануецца задзейнічаць частку двухпавярховага корпуса, дзе зараз размешчаны дзённы стацыянар, дзіцячыя кансультацыя і аддзяленне, аддзяленне хуткай дапамогі. Дзіцячае аддзяленне ў хуткім часе будзе пераведзена на чацвёрты паверх асноўнага лячэбнага корпуса, зараз там вядуцца рамонтныя работы. Палепшацца і ўмовы работы клініка-дыягнастычнай лабараторыі, перш за ўсё, будзе вырашана набалелае пытанне з уладкаваннем туалета.
На трэцім этапе мадэрнізацыі для зручнасці пацыентаў абодва корпусы: і паліклінікі, і будынка, дзе зараз размешчана лабараторыя, злучацца цёплым пераходам.
Далей члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы адказалі на пытанні прысутных. У першую чаргу, іх цікавіла магчымасць удасканалення работы Валосавіцкага ФАПа. У сувязі з вытворчай неабходнасцю год таму работнік гэтай медустановы Святлана Юркавец была пераведзена загадчыцай Мышкавіцкага ФАПа. Для жыхароў Валосавіч арганізаваны прыём фельчарам адзін раз у тыдзень па панядзелках. Як высветлілася падчас размовы з мясцовым насельніцтвам, людзі лічаць гэта недастатковым. Кіраўніцтва райбальніцы падкрэсліла, што не адзначана ніводнага выпадку скаргаў з боку жыхароў Валосавіч на няякасную работу медыкаў, адмаўлення ў аказанні медыцынскай дапамогі, што сведчыць аб належным выкананні фельчарамі Мышкавіцкага ФАПа сваіх функцыянальных абавязкаў. У якасці альтэрнатывы было прапанавана павялічыць тэрмін знаходжання фельчара на Валосавіцкім ФАПе да двух дзён у тыдзень.
Праблемы, ўзнятыя жыхарамі Валосавіч, тычыліся таксама ачысткі вуліц ад снегу, уладкавання калодзежаў, работы мясцовай бібліятэкі. Дарэчы, да чытачоў в.Валосавічы раз у месяц, а пры неабходнасці — і раз ў тыдзень выязджае супрацоўнік Мышкавіцкай сельскай бібліятэкі. Спецыялістам аддзела культуры дадзена даручэнне адсачыць, наколькі запатрабаваны паслугі Валосавіцкай бібліятэкі, і згодна гэтага адрэгуляваць графік работы ўстановы.
Узята пад кантроль і пытанне ачысткі вуліц ад снегу.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.