З Таццяніным днём — Днём студэнта!

Сёння праваслаўныя веруючыя ўспамінаюць аб Святой мучаніцы Таццяне. Гістарычна супала, што менавіта ў гэты дзень у 1755 годзе імператрыца Лізавета Пятроўна падпісала указ “Аб заснаванні Маскоўскага ўніверсітэта”, і Таццянін дзень стаў афіцыйным універсітэцкім святам. Менавіта з тых часін у студэнцкім асяроддзі яно шырока адзначаецца, а мучаніца Таццяна лічыцца заступніцай студэнтаў.
Мы адшукалі кіраўчан-студэнтаў, якія, калі былі вучнямі школ раёна, вылучаліся добрай вучобай, творчымі дасягненнямі і актыўнай жыццёвай пазіцыяй, а зараз займаюцца ў розных навучальных установах краіны. Рабяты падзяліліся сваімі студэнцкімі захапленнямі, дасягненнямі і ўражаннямі.

Аляксандр КАРНІЦКІ, былы вучань СШ№1 г.Кіраўска, зараз займаецца на трэцім курсе БНТУ — на факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі, атрымлівае спецыяльнасць інжынера-энергаменеджэра.
Юнак захапляецца французскай мовай і інтэлектуальнымі гульнямі.
Аб студэнцтве Аляксандр кажа так:
— Студэнцкае жыццё ў многім памяняла мае погляды. Я стаў больш адказна і сур’ёзна ставіцца да многіх рэчаў, навучыўся дакладна планаваць кожны дзень, каб паспець даведацца і зрабіць як мага больш. Пражываю ў студэнцкім інтэрнаце. Разам з сябрамі весялей і да заняткаў рыхтавацца, і захапленнямі займацца. На будучыню не загадваю, аднак ужо зараз задаволены абранай прафесіяй, тым больш, што вучоба мне даецца пакуль што на выдатна.
Святлана МАРОЗ,
былая вучаніца СШ №2 імя К.П.Арлоў-скага, зараз — студэнтка трэцяга курса БДУІіР, факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання.
Падчас вучобы ў школе пастаянна ўдзельнічала ў прадметных алімпіядах па матэматыцы, таму ўжо ў той час выбрала для сябе тэхнічны накірунак будучай прафесіі.
Святлана расказвае:
— Стаўшы студэнткай, актыўна ўдзельнічаю ў спартыўным жыцці ВНУ, асабліва — у спаборніцтвах па валейболе. Захапляюся інтэлектуальнымі гульнямі, фатаграфіяй, аднак асноўныя сілы і час надаю вучобе. Думаю, здача сесій для студэнтаў — самы цікавы час, нягледзячы на тое, што адымае шмат сіл і энергіі. Будучы студэнткай, знайшла шмат новых сяброў, аднадумцаў. Цаню кожны дзень з гэтай захапляльнай і яскравай пары свайго жыцця.
Аляксандр БАБРЫКОВІЧ,
выпускнік Любоніцкай СШ, у 2010 годзе стаў студэнтам прыборабудаўнічага факультэта БНТУ.
Выбар ВНУ быў абумоўлены тым, што юнаку падабаецца вывучаць дакладныя дысцыпліны, а на выбар кафедры паўплывала сур’ёзнае захапленне музыкай, бо, па назіраннях Аляксандра, яна зараз ідзе ў адзін крок з развіццём тэхнікі.
Аляксандр адзначае:
— Акрамя павышэння сваёй адукацыі студэнцтва дае мне і творчае музычнае развіццё. З 2010 года з’яўляюся салістам вакальна-эстраднай студыі “Закаханая Душа”. У 2011-м стаў удзельнікам Міжнароднага студэнцкага фестывалю, які праходзіў у г.Баку; пераможцам міжнароднага конкурсу “Мы разам” (г.Брэст) у намінацыі “эстрадны вакал”. Летась стаў уладальнікам Гран-пры конкурсу “Сузор’е”, які праходзіў на сцэне Белдзяржфілармоніі. Актыўна ўдзельнічаю ў творчым жыцці факультэта і ўніверсітэта. Наперадзе — шмат цікавых задум і планаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.