З творчым падыходам

На базе СШ №1 прайшоў раённы этап рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці «Энергамарафон».
Падзяліцца шэрагам напрацовак па энергазберажэнні, як ва ўстановах адукацыі, так і ў сябе дома, сабраліся вучні і педагогі дзевяці навучальных ўстаноў раёна. Мэтай конкурсу ставілася фарміраванне беражлівага і эканомнага стаўлення да энергарэсурсаў і навакольнага асяроддзя, выяўленне і распаўсюджванне перадавога вопыту работы педагогаў па арганізацыі адукацыйнага працэсу ў галіне энергазберажэння.
Праводзіўся конкурс па шасці намінацыях: лепшы вучнёўскі праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні; лепшая агітбрыгада і відэаролік па энергазберажэнні, лепшы практычны цэнтр (музей) і лепшы педагог па арганізацыі работы па выхаванні ў вучняў культуры энергазберажэння; лепшая ўстанова адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў галіне энергазберажэння.
Педагогі Чыгірынскай СШ, СШ№1 і Мышкавіцкай СШ Галіна Садоўская, Алена Акуліч, Сяргей Акуліч і Наталля Русак прадставілі сістэму работы энергазберагаючага накірунку ў сваіх установах адукацыі. На конкурс яны падрыхтавалі дыдактычныя матэрыялы, відэаролік, распрацоўкі вучэбных заняткаў па інтарэсах, факультатыўных заняткаў, тэматычных выхаваўчых мерапрыемстваў, у якіх была адлюстравана актыўная пазіцыя педагога пры фарміраванні навыкаў энергазберажэння вучняў.
У Мышкавіцкай СШ распрацаваны памяткі для беражлівых «Энергаберагоша», «Водаберагоша», «Цеплаберагоша». Сямікласнік Артур Махлаеў падрыхтаваў плакат, дзе на малюнках паказаў як трэба беражліва і рацыянальна выкарыстоўваць паліўна-энергетычныя рэсурсы. Варта адзначыць, што знаёмства з распрацаванымі матэрыяламі і прымяненне рэкамендацый на практыцы, дапаможа рэальна зменшыць выдаткі на аплату камунальных паслуг.
Школьныя агітбрыгады Дабаснянскай і Паўлавіцкай сярэдніх школ склалі вершы і песні, у якіх расказалі, як яны ў сваіх дамах і школах імкнуцца эканомна выкарыстоўваць электраэнергію, ваду. Іх выступленне характарызавалі паўната раскрыцця тэмы, артыстызм і дынамічнасць.
Відэаролік па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў прадставіў дзевяцікласнік гімназіі г.Кіраўска Кірыл Дрозд (кіраўнік Уладзімір Касцючэнка). Кірыл паказаў актуальносць зместу, арыгінальнасць ідэі, інфармацыйную і эмацыянальную эфектыўнасць ўздзеяння. Вучні 8 класа Баравіцкай СШ Ірына Казакова і Алёна Чарнова прадставілі праект, у якім апісваецца практычная прапанова па больш эфектыўным выкарыстанні энергарэсурсаў у школе і дома. А таксама лістоўкі па эканоміі электраэнергіі. Калі скарыстацца гэтымі парадамі, можна істотна сэканоміць электраэнергію, а, значыць, і свае грошы.
Сістэму ўзаемазвязаных мер, дзеянняў і мерапрыемстваў у Жыліцкай СШ па выхаванні ў падрастаючага пакалення грамадзянскай пазіцыі і навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў на конкурс прадставіла педагог-арганізатар Галіна Якуш.
Журы, уважліва пагля-дзеўшы ўсе выступленні, вызначыла пераможцаў і прызёраў па намінацыях.
Так, пераможцамі ў намінацыі “Лепшы педагог па арганізацыі работы па выхаванні культуры энергазберажэння ў вучняў” прызнаны і ўзнагароджаны дыпломамі: I ступені — Галіна Садоўская, настаўнік пачатковых класаў Чыгірынскай СШ; III ступені — Алена Акуліч, настаўнік фізікі СШ №1; Наталля Русак, настаўнік фізікі Мышкавіцкай СШ. Заахвочвальным прызам у гэтай намінацыі адзначаны настаўнік інфарматыкі СШ №1 Сяргей Акуліч.
У намінацыі “Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод вучняў устаноў адукацыі” лепшымі прызнаны і ўзнагароджаны дыпломамі: II ступені — Сцяпан Навіцкі, вучань 8 класа Шалаёўскага НПК ДССШ (кіраўнік Анжаліка Варанчукова) і Артур Махлаеў, сямікласнік Мышкавіцкай СШ (кіраўнік Ніна Буглак); III ступені — Ірына Казакова і Алёна Чарнова з Баравіцкай СШ (кіраўнік Кацярына Лазарава).
Пераможцам у намінацыі “Лепшая творчая работа вучняў па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў” (відэаролік) прызнаны і ўзнагароджаны дыпломам II ступені Кірыл Дрозд з гімназіі (кіраўнік Уладзімір Касцючэнка).
У намінацыі “Лепшая творчая работа вучняў па прапагандзе эфектыўнага выкарыстання энергарэсурсаў” (агіт-брыгада) прызнаны пераможцамі і ўзнагароджаны дыпломамі: I ступені — школьная агітбрыгада Паўлавіцкай СШ (кіраўнік Раіса Шкадровіч); II ступені — Дабаснянскай СШ (кіраўнік Таццяна Волкава).
Жыліцкая СШ прызнана пераможцай у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі па стварэнні сістэмы работы ў галіне энергазберажэння”, Галіна Якуш адзначана заахвочвальным прызам.
Святлана КАРАЛЁВА, метадыст
аддзела адукацыі райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.