Заззялі юныя зоркі музычнай прыгажосцю

З конкурсных нумароў мастацкай самадзейнасці, падрыхтаваных вучнямі і педагогамі школ раёна і Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, атрымаўся цудоўны канцэрт “Дацягнуцца да зоркі”, гледачы якога, а гэта бацькі, родныя і сябры, настаўнікі канкурсантаў, атрымалі масу яскравых уражанняў і асалоду ад мілагучных і захапляльных дзіцячых спеваў і танцаў.
Журы конкурсу ацэньвала выступаючых па некалькіх намінацыях — вакальная творчасць: салісты-вакалісты і вакальныя ансамблі; харэаграфічная творчасць. Крытэрыі адзнакі ўтрымлівалі шэраг аспектаў: узровень выканаўчага майстэрства; артыстызм і музычнасць; адпаведнасць рэпертуару ўзросту выканаўца; складанасць рэпертуару і аранжыроўкі; арыгінальнасць нумара, а таксама касцюмы і рэквізіт.
У намінацыі “Харэаграфічная творчасць” было прадстаўлена два нумары. Вышэйшай адзнакі ўдастоена выступленне танцавальнага калектыву “Імпульс” (ЦДАДіМ), яны абышлі рабят з гурта “ДЕЛь”: Даша Дзямешка, Ягор Іваніцкі і Ліза Басацкая (Кіраўская дзіцячая школа мастацтваў).
Салісты-вакалісты выступалі ў розных узроставых намінацыях. Сярод самых маленькіх спевакоў — 6 — 9 год перамагла Паліна Юркавец з песняй “Першакласніца” (гімназія). Выканаўчае майстэрства яе юных сапер-ніц Яўгеніі Маславай і Таццяны Салановіч (Любоніцкая СШ) таксама было ацэнена — шчырымі апладысментамі гледачоў.
Сярод выканаўцаў ва ўзросце 10 — 13 год першае месца прысуджана Таццяне Анісімавай (Дабаснянская СШ), якая заўзята выканала песню “Ямеля”. Асаблівай сімпатыі гледачоў заслужыла выступленне Ганны Мурашка (гімназія), якая выканала кампазіцыю “Кропелькі дажджу”. У гэтай жа намінацыі выступалі Марыя і Таццяна Садоўнікавы (гімназія), Аляксандра Жыгарава, Таццяна Мелех і Ніна Макаранка (Любоніцкая СШ).
Высокі ўзровень падрыхтоўкі да конкурсу паказалі выканаўцы ва ўзросце 14 — 18 год. Першае месца заваявала Алена Рыняк (Паўлавіцкая СШ) з песняй “Каханне пад сонцам”, гран-пры конкурсу — у Аліны Стэльмаковай (СШ№1), заахвочвальным дыпломам адзначана Настасся Кашубская (Любоніцкая СШ). У гэтай жа намінацыі выступалі Вікторыя Ільінчык (Любоніцкая СШ) і Наталля Кандрацьева (гімназія).
У намінацыі “Вакальныя ансамблі” было прадстаўлена 11 нумароў. Дыплом I ступені журы конкурсу прысудзіла двум калектывам: старэйшай групе студыі “Калейдаскоп” (ЦДАДіМ) і гурту “Маленькія зоркі” (СШ№1). Прыз сімпатый гледачоў атрымалі самыя юныя ўдзельнікі канцэртна-конкурснай праграмы — малодшая група вакальнага аб’яднання “Шанц” (ЦДАДіМ), якая разам са сваім кіраўніком Аленай Мікалаевай выканала песню “Чыжык-Пыжык”. У гэтай жа намінацыі парадавалі творчасцю дуэты Тані Анісімавай і Тэоны Бебурыя (Дабаснянская СШ), Ірыны Лукановіч і Аліны Манько (гімназія), Данііла Папова і Надзеі Шчэрбіч (СШ№1), Эльвіры Рудаўскай і Дашы Шапоткінай (гімназія); вакальныя гурты “Калейдаскоп” і “Шанц” (ЦДАДіМ); трыо “Вішанькі” (СШ№1), вакальны ансамбль Мышкавіцкай СШ.
Старшыня журы конкурсу, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Траццякова адзначыла, што ў кожнага нумара, прадстаўленага на канцэрце, ёсць будучыня: хтосьці будзе пакараць вышыні занальных, абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, іншым жа будзе прадастаўлена магчымасць выступаць на раённых культурна-масавых мерапрыемствах.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота Сяргея БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.