Здаровае асяроддзе — здаровы статак

Падчас чарговай рабочай паездкі па раёне старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў наведаў жывёлагадоўчыя аб’екты РУП “Жылічы”: малочна-таварныя фермы “Дубавое”, “Жылічы”, “Пархімкавічы” і “Лёўкавічы”. У ходзе размоў з жывёлаводамі кіраўніка раёна цікавілі не толькі вытворчыя пытанні, але і ўзровень заработнай платы, умовы працы і адпачынку, стаўленне кіраўніцтва гаспадаркі да сельгасвытворцаў.
Асаблівая ўвага была звернута на санітарны стан тэрыторый жывёлагадоўчых комплексаў: “Трэба разумець, што парадак на фермах — у першую чаргу, а ўжо потым удасканальванне работы па выкарыстанні сучасных вытворчых тэхналогій,” — падкрэсліў Уладзімір Уладзіміравіч у размове з дырэктарам РУП “Жылічы” Міхаілам Агафонавым.
Пасля агляду ферм сур’ёзных заўваг па ўтрыманні і доглядзе за жывёлай Уладзімірам Піскіжавым выказана не было, аднак ён спыніў увагу на некаторых праблемных вытворчых пытаннях.
У гаспадарцы недастатковымі тэмпамі праводзіцца працэс пакрыцця кароў. Даючы тлумачэнні, Міхаіл Агафонаў адзначыў: праблема заключаецца ў тым, што на дадзены момант у сельгасарганізацыі працуе адзін ветурач: улічваючы шчыльны графік работы, спецыяліст не спраўляецца аператыўна выконваць даручаныя абавязкі. Найбольш востра стаіць пытанне правядзення рэктальных даследаванняў кароў, бо абодва асемянатары не маюць адпаведнай адукацыі і вопыту для гэтага.
У якасці вырашэння праблемы было прапанавана звярнуцца за дапамогай да ветэрынарнай службы раёна. Пры райветстанцыі працуе група па гінекалагічных абследаваннях кароў і цялушак. Яе спецыялісты на платнай аснове выязджаюць у сельгасарганізацыі і праводзяць усе неабходныя працэдуры.
Таксама старшыня райвыканкама прапанаваў Міхаілу Агафонаву перагледзець парадак аплаты работы заатэхнічнага персаналу. У прыватнасці, ён адзначыў, што можна, напрыклад, авансіраваць гэтых спецыялістаў большымі сумамі з тым, каб станоўчай рэзультатыўнасцю сваёй работы яны іх адпрацоўвалі. Для стымулявання імкнення больш зарабіць, а, адпаведна, і дасягнуць большых вытворчых вынікаў можна прапанаваць асемянатарам навучыцца самастойна праводзіць тыя ж рэктальныя даследаванні.
Улічваючы, што работа ў галіне заатэхніі даволі спецыфічная, неабходна даваць магчымасць тым, хто яе выконвае, атрымліваць дастойны заробак. Гэтых спецыялістаў трэба берагчы, падкрэсліў кіраўнік раёна, сур’ёзна матэрыяльна заахвочваць, каб у пошуках больш высокіх заробкаў яны не пакідалі нашы гаспадаркі.
Наступная праблема, якая патрабуе вырашэння — невытворчае выбыццё жывёлы. Так, па выніках работы за мінулы год выбыццё маладняку склала 262 галавы, а гэта 29,5% ад нованароджаных цялят. Па словах намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Івана Грышчанкі, гэты паказчык вышэйшы за сярэднераённы. Уладзімір Піскіжаў даручыў жыліцкім жывёлаводам больш дакладна прапрацоўваць пытанні ўтрымання жывёлы і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў: “Працаваць трэба па прынцыпе: здаровае асяроддзе — здаровы статак. У многіх выпадках належнае ўтрыманне жывёлы — самае слабае звяно. Пры добрых умовах утрымання стан здароўя і прадуктыўнасць статку не будуць выклікаць апаскі. Важна дбайна засцерагаць жывёлу ад уздзеяння небяспечных мікраарганізмаў, а таксама клапатліва даглядаць кожнага цялёнка, кожную карову — чалавечы фактар у жывёлагадоўлі мае адно з асноўных значэнняў”.
Праглядаючы ўліковую дакументацыю, кіраўнік раёна зрабіў вывад, што ў гаспадарцы ёсць рэзервы для павелічэння таварнасці малака за кошт паляпшэння яго якасных паказчыкаў, больш эфектыўнага лячэння дойнага статку.
Са станоўчага боку адзначана работа па прыгатаванні і захаванні збалансаванасці кармоў. Аднак было дададзена, што пры кожным кармленні абавязкова павінны прысутнічаць загадчыкі ферм, каб кантраляваць дакладнасць працэсу кармлення. А таксама трэба набыць мерныя шклянкі для таго, каб кармы раздаваліся дакладна, а не “на вока”.
Развітваючыся з жывёлаводамі РУП “Жылічы”, кіраўнік раёна яшчэ раз спыніў увагу на неабходнасці падтрымання асяроддзя ферм у здаровым стане, а таксама забеспячэнні камфортных умоў для жыццядзейнасці жывёлы: сухія і камфартабельныя боксы для адпачынку, свежае паветра, неабмежаваны доступ да корму і вады.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.