“Зямля ў нас адна, давайце яе берагчы!”

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 15 студзеня правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі, якая адбылася ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 350 журналістаў з 285 СМІ. Рэгіёны прадстаўлялі каля 200 журналістаў са 184 СМІ, у тым ліку з раёнаў Магілёўскай вобласці. На прэс-канферэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі замежных мас-медыя з сямі краін.
Размова Кіраўніка дзяржавы з журналістамі доўжылася каля пяці гадзін. Прэзідэнт адказаў больш чым на 60 пытанняў, якія датычыліся эканамічнага і сацыяльнага развіцця Беларусі на сучасным этапе, знешняй палітыкі, узаемаадносін з Расіяй, Захадам, іншымі краінамі і рэгіёнамі свету. Прадстаўнікі СМІ таксама цікавіліся інтэграцыйнымі працэсамі на постсавецкай прасторы і ўдзелам у іх Беларусі. Традыцыйна прагучалі і некаторыя асабістыя пытанні.
Як адзначыў Прэзідэнт, амаль год таму на аналагічнай прэс-канферэнцыі вялася размова аб будучыні Беларусі, журналісты задавалі розныя, у тым ліку вострыя пытанні. «Я называў умовы, пры якіх мы зможам забяспечыць сацыяльна-эканамічную стабільнасць у Беларусі, захаваць незалежнасць нашай дзяржавы. Лёгкага жыцця, калі памятаеце, не абяцаў, але і змрочнымі перспектывамі таксама не запалохваў, — сказаў Кіраўнік дзяржавы. — Мінуў 2012 год. Сёння мы ўжо можам рабіць нейкія высновы, што ж са сказанага збылося, а што (па тых ці іншых прычынах) не».
«Тады я выказаў упэўненасць, што ў цэлым мы з новымі выклікамі часу справімся. І цяпер канстатую, што гэта так і адбылося. Гэта рэальны факт. Мы дасягнулі няхай невялікага, але стабільнага росту эканомікі, забяспечылі павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Можа, не ўсё задуманае ўдалося ажыццявіць, не ўсе запланаваныя вышыні мы ўзялі. Мінулы год быў вельмі складаны, нам трэба было разабрацца з фінансавымі непарадкамі і той неразбярыхай, якія нам дасталіся ад 2011 года. Больш-менш мы з гэтай праблемай спра-віліся. У гэтым была галоўная мэта», —сказаў Прэзідэнт.
«Вядома, заўсёды хочацца большага. Але для нас, беларусаў, ёсць толькі адзін спосаб дабіцца гэтага самага большага — лепш працаваць. Аб гэтым я таксама, дарэчы, гаварыў», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы спрацавалі ў цэлым па году лепш, чым у мінулым годзе, і дасягнулі сур’ёзных якасных зрухаў. Што асабліва важна — нарасцілі экспарт, атрымалі станоўчае знешнегандлёвае сальда, практычна ўпершыню ў такім аб’ёме за ўсю нашу гісторыю. Нават нягледзячы на тое, што сусветная кан’юнктура цэн была не нам на карысць», — канстатаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы абверг домыслы аб магчымай адстаўцы ўрада.
Прэзідэнт лічыць, што ў краіне ставяцца рэалістычныя задачы ў эканоміцы.
У валютнай сферы Беларусі будзе захавана свабоднае рыначнае курсаўтварэнне. «У былыя часы мы неяк спрабавалі ўтрымліваць беларускі рубель. Да чаго гэта прывяло, вы ведаеце. Таму Нацыянальнаму банку і новаму ўраду была пастаўлена жалезная задача — ні ў якім выпадку нічога штучна не стрымліваць, таму што гэта бокам вылезе!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што размовы аб падзенні нацыянальнай валюты не адпавядаюць рэчаіснасці — «апакаліпсіс», які прадказвалі беларускаму рублю ў мінулым годзе і пачатку гэтага, не здарыцца.
Н а прэс-канферэнцыі былі закрануты і пытанні мадэрнізацыі, і прыцягнення інвестыцый. «Калі паўстае пытанне замежных інвестыцый, трэба разбірацца: што за інвестыцыі, хто іх прапануе», — лічыць Прэзідэнт.
«Вось мне прапанавалі, дапусцім, $13 млрд. інвестыцый. Хоць заўтра! Значная сума? Гэта наогул вырашэнне ўсіх праблем для нашай дзяржавы. Іншае пытанне: а што гэта за інвестыцыі? А мы хочам у вас за гэту суму купіць «Беларуськалій». Я кажу з парога: да пабачэння! Наш «Беларуськалій» каштуе $30-32 млрд., гэта агучаная лічба. Вось вам і інвестыцыі!» — прывёў прыклад Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за бясцэнак грамадская маёмасць прададзена не будзе. «Не трэба нам такія інвестыцыі, — заявіў Прэзідэнт. — У мяне інтарэс беларускага народа на першым плане».
У той жа час ён дадаў, што чакае ад замежных інвестараў сумленнай работы ў Беларусі.
Мадэрнізацыі ў Беларусі цяпер надаецца агульнадзяржаўнае значэнне: «Пытанне не стаіць: трэба ці не трэба. Гэта пытанне жыцця. У нас няма выбару. Узмацняецца канкурэнцыя. Нашы асноўныя рынкі па экспарту — Расія і Еўрасаюз на месцы не стаяць. Яны багацейшыя, мацнейшыя. Такі наш лёс — калі не мадэрнізуемся, мы ад іх адстанем, а значыць, не прададзім наш тавар. Ён будзе проста неканкурэнтаздольны. Таму мадэрнізацыі быць”.
М ногія пытанні датычыліся ўзаемаадносін Беларусі з рознымі краінамі і рэгіёнамі, у тым ліку з Захадам. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у ЕС няма жадання весці дыялог з Беларуссю: «Калі вы хочаце з намі наладзіць адносіны і бачыце, што ў нас штосьці не так, мы таксама ў вас бачым нямала недахопаў, ну, дык вы садзіцеся за стол перагавораў і давайце будзем гэтыя праблемы абмяркоўваць. Але вы ж не хочаце гэтага рабіць. Значыць, вам не трэба гэта нармалізацыя».
Прэзідэнт закрануў і пытанне адносін Беларусі з бліжэйшымі суседзямі з захаду. У прыватнасці, размова зайшла аб увядзенні малога прыгранічнага руху з Польшчай і Літвой: «Мы і з Польшчай, і з Літвой прымем рашэнні, як дагаворымся. Пакуль я не ведаю, калі. Гэта не ад нас залежыць. Пэўныя праблемы ёсць, яны нас насцярожваюць, і як толькі мы атрымаем пэўныя гарантыі ад іх і будзем бачыць з іх боку дружалюбную палітыку, мы прымем гэтыя рашэнні».
Што датычыцца будучага старшынства Літвы ў ЕС і ўплыву гэтага факта на адносіны з Беларуссю, Прэзідэнт адзначыў: «Разлічваю (на старшынства Літвы) настолькі, наколькі Літва сама-стойная ў Еўрапейскім саюзе. Калі яна старшынствуе, гэта не значыць, што яна будзе там вяршыць справы. Я асабліва тут не маю нейкіх надзей».
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб такой аб’ектыўнай акалічнасці, як суседства Літвы і Беларусі: «Суседзяў не выбіраюць. Гасподзь прадвызначыў, і ім трэба жыць у дружбе».
К іраўнік дзяржавы падрабязна расказаў аб удзеле Беларусі ў розных інтэграцыйных утварэннях, у тым ліку СНД, дзе Беларусь прыняла старшынства. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што разлічвае на падтрымку беларускіх ініцыятыў з боку ўсіх дзяржаў Садружнасці.
Старшынства Беларусі пройдзе пад дэвізам «Інтэграцыя на карысць чалавека: умацаванне добрасуседства, развіццё экалагічнага супрацоўніцтва, садзейнічанне павышэнню даступнасці экалагічных «зялёных» тэхналогій, пашырэнне дыялогу культур».
Ён адзначыў, што СНД з’яўляецца добрай пляцоўкай для перагавораў і ўзгаднення пазіцый.
У той жа час, на думку Аляксандра Лукашэнкі, у СНД зроблена значна менш, чым у Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі: «Я ужо не кажу пра Саюзнае будаўніцтва з Ра-сіяй. СНД гэтага ніколі не пераадолее… Трэба спакойна да гэтага ставіцца».
У час старшынства Беларусі ў СНД Прэзідэнт таксама мае намер абмеркаваць з кіраўніцтвам Грузіі магчымасць яе вяртання ў Садружнасць у тым ці іншым фармаце.
Адносна еўразійскай інтэграцыі, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Беларусь, Казахстан і Расія пакуль не гатовы да больш радыкальных крокаў у гэтым напрамку, чым тыя, якія ўжо зроблены. «Можа, Расіі хацелася б больш хуткіх нейкіх крокаў, можа, больш радыкальных, але ні Казахстан, ні Беларусь на гэта не пойдуць ні з сяго ні з таго», — сказаў Прэзідэнт.
Г аворачы аб Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў працэсе развіцця еўразійскай інтэграцыі яшчэ не хутка бу-дзе дасягнуты ўзровень супрацоўніцтва, аналагічны таму, які існуе ў гэтым саюзе: «Магу сказаць, што АЭП, СГА і іншыя — гэта пакуль што ўрэзаныя ў эканамічных адносінах саюзы. Нам у АЭП да 2015 года, пакуль з’явіцца гэты эканамічны саюз, як мы яго будзем называць, яшчэ трэба прайсці вельмі доўгую дарогу. І калі мы яе пройдзем, то ў эканоміцы Еўразійскага эканамічнага саюза не дасягнём таго ўзроўню супрацоўніцтва, якое існуе ў нас у Саюзнай дзяржаве».
У Саюзнай дзяржаве па многіх напрамках, такіх як правы чалавека, ваенная сфера, супрацоўніцтва паміж знешнепалітычнымі ведамствамі, створаны цэласныя сістэмы, як у адзінай дзяржаве. З такім падыходам, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у тым ліку салідарны і Прэзідэнт Расіі, што ён пацвердзіў на нядаўняй двухбаковай сустрэчы.
Разам з тым, часам паміж Беларуссю і Расіяй узнікаюць і некаторыя спрэчныя пытанні, па якіх, тым не менш, бакі знаходзяць рашэнне.
Адзін з журналістаў у сваім пытанні адзначыў, што вельмі актыўна апошнім часам абмяркоўваецца тэма пастаўкі нафтапрадуктаў, якую ў тым ліку каменціраваў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў наяўнасць прынцыповых дамоўленасцей з Расіяй па балансу паставак нафты. «Мы сапраўды дамовіліся. Расіі трэба перапрацоўваць нафту, яна будзе перапрацоўваць на нашых НПЗ. Чым больш, напэўна, тым лепш. Тым больш што ў нас мадэрнізаваныя заводы. Ім патрэбны высокаактанавыя бензіны, ракетнае паліва, якія мы робім вельмі якасна. Яны зацікаўлены, каб мы пастаўлялі іх у тым ліку і ў Расійскую Федэрацыю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
С ярод прыярытэтаў Кіраўнік дзяржавы таксама назваў развіццё гандлёва-эканамічных адносін Беларусі з краінамі Лацінскай Амерыкі, Азіі і Афрыкі.
“Там, дзе нас прымаюць, туды трэба ісці, мы там патрэбны. Я пабываў у Венесуэле, Бразіліі і іншых краінах і пераканаўся, што ў нас ёсць шмат груп тавараў, якія карыстаюцца там вельмі вялікім попытам. Мы прынялі рашэнне, што нашым апорным пунктам у Паўднёвай Амерыцы будзе Венесуэла, і адтуль мы будзем працаваць і на Эквадор, і на Кубу, і на краіны Цэнтральнай Амерыкі. У бліжэйшы час разлічваем дасягнуць, прынамсі, $5 млрд. тавараабароту з гэтым кантынентам. Гэта стане добрай прыбаўкай у вырашэнні нашай асноўнай праблемы — экспарту, паколькі нам патрэбна валюта», — адзначыў Прэзідэнт.
Каменціруючы ўзаемадзеянне Беларусі з азіяцкімі краінамі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь даўно хацела наладзіць добрыя адносіны з гэтым рэгіёнам. Асабліва Прэзідэнт адзначыў адносіны з Кітаем і Індыяй.
Прэзідэнт канстатаваў, што белару-ска-кітайскія сувязі з гэтым вельмі інтэнсіўна развіваюцца. «Мы ствараем там сумесныя вытворчасці, Кітайская Народная Рэспубліка адкрывае тут новыя прадпрыемствы, гэтаму мы ўсялякім чынам садзейнічаем і будзем садзей-нічаць», — падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць добрых асабістых адносін з цяперашнім Генеральным сакратаром ЦК Кампартыі Кітая Сі Цзіньпінам. У цэлым адносіны Беларусі і Кітая будуюцца на адкрытасці, адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
В’етнам, паводле слоў Прэзідэнта, гэта яшчэ адна краіна ў Азіі, з якой у Беларусі склаліся дружалюбныя, амаль брацкія адносіны: «Гэта краіна, якая бурна развіваецца. Яны нам дапамагаюць супрацоўнічаць з Лаосам, Камбоджай, М’янмай».
«У мінулым годзе паспяхова прайшлі візіты беларускай урадавай дэлегацыі ў Бангладэш, Індыю, краіны Цэнтральнай Азіі. Цяпер рыхтуецца маштабны візіт на вышэйшым узроўні ў Інданезію і Сінгапур. Мы ўсё больш і больш спрабуем асвойваць гэтыя рынкі», — заявіў Прэзідэнт.
Крыху складаней, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ідзе супрацоўніцтва з афрыканскім кантынентам. «Аднак пастаўлена задача новаму міністру замежных спраў знайсці тры-чатыры магутныя дзяржавы ў Афрыцы, як Венесуэла ў Лацінскай Амерыцы, якія маюць у нас патрэбу. Мы пачнём з малога, замацоў-ваючыся на рынках гэтых дзяржаў і працуючы з іх тэрыторый на суседнія краіны”, — сказаў Прэзідэнт.
А дказаў Прэзідэнт і на вялікі блок пытанняў адносна развіцця сацыяльнай сферы.
Кіраўнік дзяржавы паабяцаў, што заработная плата настаўнікаў, якая са-праўды незаслужана нізкая, будзе павышана.
Але пры гэтым, заўважыў Прэзідэнт, на яго прапанову значна павысіць зарплату за кошт скрачэння колькасці настаўнікаў і павелічэння ставак да 20 гадзін у тыдзень не было адказу ні ад міністра адукацыі, ні ад педагагічнай грамадскасці. Прэзідэнт адзначыў, што «да гэтага ўсё роўна трэба будзе ісці, таму што ёсць вялікія праблемы пенсіённага ўзросту, гэта трэба заўсёды памятаць і эканоміць, скарачаць, стымуляваць, каб людзі працавалі больш, для таго каб нармальна жыць». Таму, напэўна, не абысціся і без некаторых непапулярных мер.
Прэзідэнта папрасілі выказацца наконт адтоку з Беларусі рабочай сілы і складанасці гэтай праблемы. «Напэўна, тут усё ж такі больш «пакутуюць» сродкі масавай інфармацыі як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Тое, што ідзе сёння ператок (туды едуць, да нас прыязджаюць) людзей — гэта нармальна, гэта не спыніш. І я не збіраюся тут ствараць нейкія перашкоды».
Прэзідэнт нагадаў, што нядаўна было шмат хваляванняў у сувязі з тым, што з Беларусі выязджалі будаўнікі. Сёння, паводле яго слоў, склалася адваротная сітуацыя, і будаўнікі вяртаюцца ў Беларусь, дзе будуецца шмат цікавых і дарагіх аб’ектаў.
П рэзідэнту задалі яшчэ адно актуальнае для насельніцтва пытанне адносна ўвядзення дыферэнцыраваных тарыфаў на электраэнергію. «Пэўную колькасць электрычнасці расходуеш — плаці па адной цане, расходуеш больш — плаці больш, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ну чаму вы, у каго маленькі халадзільнічак стаіць у кутку на кухні і расходуе зусім мала энергіі, павінны быць пастаўлены ў роўныя ўмовы з тымі, у каго тры халадзільнікі і адзін маразільнік?»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння насельніцтва ў Беларусі аплачвае каля 20 працэнтаў прадастаўленых паслуг па ЖКГ. Ён падкрэсліў, што ў мінулым годзе ў адрас ЖКГ было «выплачана датацый на надзвычай вялікую суму». Прэзідэнт лічыць, што паціху ад гэтага трэба адыходзіць, што павінна адбыцца з ростам заработнай платы ў насельніцтва.
Ж урналісты пацікавіліся ў Прэзідэнта і яго стаўленнем да вадзіцеляў, якія садзяцца за руль у нецвярозым выглядзе.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выступае за ўзмацненне адказнасці п’яных вадзіцеляў. «Я — частка таго грамадства, якое лічыць, што да такіх вадзіцеляў трэба прымаць вельмі сур’ёзныя меры. Гэта адназначна», — канстатаваў ён. На думку Кіраўніка дзяржавы, такія дзеянні павінны карацца самым жорсткім чынам. «Я ўпэўнены, калі ты ў п’яным выглядзе збіў чалавека, то ніколі ў жыцці не павінен сесці за руль аўтамабіля і павінен быць пазбаўлены той прылады, якой учынена забойства», — сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што гэта яго асабістае бачанне сітуацыі, таму не абавязкова ў Беларусі будуць прыняты такія меры.
Разам з тым, ён звярнуў увагу на тое, што існуе таксама іншы бок пытання аб бяспецы на дарозе. «Паглядзіце на гэтых пешаходаў: ну зразумела, калі едзе Прэзідэнт, трасу рыхтуюць, і што вы думаеце? Скорасць картэжа высокая, але нават тады прэ пешаход праз кальцавую дарогу, пералазіць цераз агароджу, раздзяляльную паласу», — прывёў адзін з прыкладаў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, няякасную падрыхтоўку вадзіцеляў вядуць і аўташколы.
Прычынай з’яўлення на аўтадарогах вялікай колькасці нізкапрафесіянальных вадзіцеляў Прэзідэнт у тым ліку называе рост колькасці аўтамабіляў у краіне.
Н а заканчэнне сустрэчы Прэзідэнт адзначыў, што коранем сваёй палітыкі лічыць сумленнасць і шчырасць.
«Сустракаючыся з вамі сам-насам, я стараюся шчыра адказваць на пытанні. Корань маёй палітыкі — гэта сумленнасць, шчырасць у забеспячэнні спакойнага жыцця людзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
На яго думку, хоць спакойнае жыццё — сумнае, можна пазайздросціць тым, у каго такое жыццё. Павінна быць як мага менш выпадкаў, калі штосьці ўзрываецца, калі бацька, адвозячы ў школу сваё дзіця, пазбаўляе жыцця іншага, міліцыянер замест таго, каб прымяніць зброю супраць злачынца, закрывае сабой таварыша, атрымлівае кулю ў грудзі.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі шмат нядобразычліўцаў, што «ляскаюць зубамі», якія будуць апладзіраваць, калі будзе разлад у краіне. А разлад азначае неадкладную гібель дзяржавы.
Разам з тым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, падтрыманне міру і спакою — не значыць не бачыць дрэннае. Трэба крытыкаваць, і канструктыўная, карэктная крытыка ёсць у прэсе.
Падводзячы вынікі прэс-канферэнцыі, ён падкрэсліў важнасць сустрэч з журналістамі, асабліва з прадстаўнікамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, паколькі рэгіянальная прэса карыстаецца вялікім даверам у мясцовых жыхароў. «Усе павінны бачыць і чуць Прэзідэнта», — сказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Не трэба нам адзін на аднаго наязджаць, не трэба нам біцца адзін з адным, у нас хапае процістаяння, у нас ёсць супраць каго стаяць, і мы гэта павінны рабіць разам. Зямля ў нас адна, давайце яе берагчы», — рэзюмаваў Прэзідэнт.
Наталля ХАДАКОВА,
матэрыялы БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.