Цікава, весела, пазнавальна…

…так прайшло ў нашай школе свята, прысвечанае Міжнароднаму дню роднай мовы, якое адзначалася 21 лютага. Гэты дзень быў заснаваны ў лістападзе 1999 года рашэннем 30-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА з мэтай абароны моўнай і культурнай спадчыны.
Праведзенае ў школе свята садзейнічала пашырэнню пазнавальных інтарэсаў вучняў, а таксама папулярызацыі беларускай мовы.
Алесь Гарун пісаў: “Дык шануй, беларус, сваю мову, — гэты скарб нам на вечныя годы, за пашану радзімаму слову ўшануюць нас брацця — народы!”.
Гэтыя словы і сталі лейтматывам мерапрыемства, якое арганізавала і правяла настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Лапянок і вучні 9 — 11 класаў.
Падчас святочнай праграмы гучала меладычная музыка, вучні чыталі вершы аб роднай мове, аб багаццях роднага краю, аб цудоўных краявідах і людзях, якія тут жывуць і працуюць, а таксама гадуюць дзяцей — будучыню нашай краіны. Вікторыя Пяўнёва прачытала верш Янкі Купалы “Песня—звон”, Раман Сачавіца — верш Валянціна Тараса “Дзве мовы”, Дзяніс Лук’янаў вітаў усіх вершам пра мову аўтара Вольгі Куртаніч, а Улад Федчанка — вершам Віктара Шведа “Дзесяць запаведзяў”.
Паэтычныя старонкі пераклікаліся з інтэлектуальнымі заданнямі, падчас якіх вучні дэманстравалі добрыя веды па літаратуры і гісторыі Беларусі.
Дарэчы, падрыхтаванае і цікава праведзенае свята нікога не прымусіла сумаваць і заставацца абыякавым.
Наталля ЛУК’ЯНАВА,
намеснік дырэктара
па вучэбнай рабоце Жыліцкай СШ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.