Генатып, утрыманне і кармленне — аснова высокай прадукцыйнасці

Падчас чарговай планавай паездкі па раёне старшыня райвыканкама Уладзімір Піскіжаў наведаў жывёлагадоўчыя аб’екты ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы Леанід Кушавараў, галоўны заатэхнік Людміла Пятруша і ветурач Іван Макаронак расказалі і паказалі, як наладжаны працэс вытворчасці малака і мяса на малочна-таварнай і ферме па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы “Любонічы”, МТФ “Уласавічы”.
У шэрагу іншых пытанняў Уладзіміра Піскіжава цікавіла вядзенне дакументацыі па ўзнаўленні статка. Важнае значэнне, надаваемае сёння галіне жывёлагадоўлі, выклікае неабходнасць укаранення такой сістэмы ўзнаўлення статка, якая б садзейнічала хуткаму стварэнню высокапрадуктыўнай жывёлы, прыстасаванай да эксплуатацыі ва ўмовах сучасных малочна-таварных ферм і комплексаў. І ўвесь гэты працэс павінен быць да дробязей адлюстраваны і задакументаваны, каб была магчымасць прасачыць гісторыю жыццядзейнасці кожнай каровы, прычыны спаду альбо павышэння прадукцыйнасці. Старшыня райвыканкама ўпэўніўся, што на МТФ “Любонічы”, дзе ўтрымліваецца 294 галавы, з іх — 156 кароў дойнага статка, дакладна вядзецца ўлік асемяненняў, расцёлаў, працэсаў далейшай жыццядзейнасці жывёлы, захворванняў, лячэння. Людміла Пятруша расказала, што гэты ўлік — пад яе асабістай адказнасцю, яна заносіць ва ўліковы журнал дадзеныя, у выпадку захворвання рагулі адразу ж інфармуе ветурача, які прымае аператыўныя меры па лячэнні. Дарэчы, пры лячэнні мастытаў тут выкарыстоўваюць антыбіётыкі беларускай вытворчасці, пасля якіх без абмежаванняў малако можа рэалізоўвацца для перапрацоўкі.
— Хоць гэтыя прэпараты даволі дарагія, аднак іх ужыванне дазволіла нам зняць частку праблем, павялічыць таварнасць малака, — адзначыў Іван Макаронак. — Раней пасля лячэння антыбіётыкамі мы вытрымлівалі малако 5 — 7 дзён, зараз адразу праводзім тэсты, калі ўсё ў парадку, дазваляю допуск.
Старшыня райвыканкама рэкамендаваў набыць для гэтай фермы камп’ютар, асвоіць камп’ютарнае суправаджэнне тэналогіі вытворчасці малака. Жывёлаводы згадзіліся са старшынёй у думцы, што гэта дазволіла б мінімізаваць час і сілы, затрачваемыя на апрацоўку дадзеных, аператыўна рабіць дэталёвы аналіз вытворчасці і прымаць меры па ўхіленні недахопаў у рабоце. Кіраўнік раёна параіў пацікавіцца вопытам у СВК “Калгас “Беларусь” і “Чырвоны баец”, дзе гэтая работа пастаўлена на высокі ўзровень. Дарэчы, на МТФ “Уласавічы”, абсталяванай даільнай залай, устаноўлена камп’ютарнае суправаджэнне, зараз падбіраецца адпаведны спецыяліст.
У цэлым па райаграпрамтэхзабеспячэнні, дзе ўтрымліваецца 2571 галава буйной рагатай жывёлы, 750 з якіх складаюць дойны статак, вытворчасць малака ў студзені бягучага года склала 3453 тоны, а гэта 110% да адпаведнага леташняга ўзроўню, пры рэалізацыі 90,4%, што адпаведна на 4% вышэй мінулагодняга паказчыка. Аднак у прайшоўшым месяцы непрадукцыйнае выбыццё маладняку да прыплоду склала 25,9%. Адбылося гэта па прычыне парушэння тэхналогій утрымання і кармлення цялят.
Пры наведванні МТФ “Уласавічы” Уладзімір Піскіжаў пацікавіўся, якім чынам наладжаны догляд і працэс раздойкі навацельных рагуль. Пры правільнай арганізацыі кармлення і догляду на перыяд раздою — першыя 90-100 дзён лактацыі — даводзіцца 40-45% малочнай прадукцыйнасці кароў. Аказалася, што навацельную жывёлу на гэтай ферме дояць два разы. Раней была арганізавана трохразовая дойка, але пры гэтым парушалася тэхналогія раздою, якая патрабуе перапынку паміж дойкамі не менш за 6 гадзін. Па рэкамендацыі Уладзіміра Піскіжава, каб прыбавіць у аб’ёмах малака, жывёлаводы РАПТЗ ужо ў наступны дзень аднавілі 3-разовую дойку навацельных рагуль з выкананнем усіх патрабаванняў тэхналогіі.
Са станоўчага боку была адзначана праведзеная работа па размяшчэнні жывёлы па секцыях згодна тэхналагічных характарыстык, афармленне наглядных інфармацыйных таблічак, карысных для працы спецыялістаў.
Шмат пытанняў узнікла па арганізацыі кармлення буйной рагатай жывёлы. На Уласавіцкай ферме зафіксавана высокая вільготнасць прыгатаванай кормасумесі — прыблізна 75% пры норме не больш за 55 — 60%. А гэта — рызыка ўзнікнення захворванняў органаў стрававання, паніжэнне прадукцыйнасці. Уладзімір Піскіжаў настойліва запатрабаваў увесці ў рацыён кармлення здробненую салому. А на Любоніцкай МТФ, дзе адсутнічае кормараздатчык, — набыць мерныя шклянкі альбо вёдры, каб кожная карова атрымлівала корм згодна патрабуемых менавіта ёй памераў і якасці. Акрамя таго дадзена даручэнне наогул перагледзець сістэму складання рацыёнаў кармлення: зрабіць аналіз якасці наяўнай кармавой базы, зыходзячы з таго, чаго не хапае, збалансаваць кармы і дакладна раздаваць жывёле. Толькі ў гэтым выпадку можна будзе канстатаваць, што ўзялі ад каровы па максімуму. Для балансавання рацыёну кармлення па цукру і мінеральных рэчывах Уладзімір Піскіжаў прапанаваў паспрабаваць выкарыстоўваць полісахарыды. Падзяліцца вопытам можа зноў жа СВК “Калгас “Беларусь”, дзе яны ўжо выкарыстоўваюцца.
Падводзячы вынікі наведвання ферм, старшыня райвыканкама адзначыў:
— На сённяшні дзень ужо не трэба нагадваць аб неабходнасці добраўпарадкавання і належнай санітарнай ачысткі ферм — гэта работа праведзена, заўваг няма. Прааналізаваўшы, над чым жывёлаводы РАПТЗ не дапрацоўваюць і дзе яшчэ знайсці магчымасць для павелічэння вытворчасці малака, трэба адзначыць, што недапрацоўваюць па кармленні. Сусветны вопыт паказвае, што прадукцыйнасць жывёлы абумоўлена генатыпам, умовамі ўтрымання і кармлення. І пры гэтым рост малочнай прадукцыйнасці кароў залежыць менавіта ад паўнацэннага збалансаванага корму. І тэорыяй, і на практыцы даказана, што з дапамогай правільна складзенага рацыёну — набору кармоў, у якім ёсць усе неабходныя арганізму харчовыя рэчывы, магчыма атрымліваць больш малака пры наяўнай кармавой базе, а пры стане жывёлы райаграпрамтэхзабеспячэння, умовах утрымання і адказным стаўленні працаўнікоў, — і пры меншых затратах корму, а, значыць, — і меншых матэрыяльных стратах.
Яўгенія БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.