Каб жыць пад мірным небам…

Сёння святкуе свой 90-гадовы юбілей ветэран Вялікай Айчыннай вайны Васіль Антонавіч Буслаў. Лёс гэтага чалавека падобны на жыцці многіх іншых, якім давялося зведаць жахі вайны, падымаць з руін разбураную ворагамі краіну… А свой працоўны шлях ён прысвяціў высакароднай справе выхавання моладзі.
Нарадзіўся Васіль Буслаў у в.Сычкава Бабруйскага раёна ў простай сялянскай сям’і, у якой выхоўвалася шасцёра дзяцей. Яшчэ са школы марыў хлопец, што абавязкова стане ваенным, а прыкладам для яго быў старэйшы брат, які на той час вучыўся ў Тамбоўскім ваенным вучылішчы. Але пачалася Вялікая Айчынная вайна…
— Наш узрост яшчэ не прызываўся, — успамінае Васіль Антонавіч, — мы засталіся на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Разам з аднавяскоўцамі часта даводзілася пад дуламі аўтаматаў хадзіць на прымусовыя работы: займаліся нарыхтоўкай дроў, на чыгуначнай станцыі наразалі шпалы і грузілі іх у вагоны.
Аднойчы ад сваіх сяброў Васіль даведаўся, што ў клічаўскіх лясах дзейнічае партызанскі атрад, а хлопцу вельмі хацелася дапамагаць свайму народу ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Таму, калі ўдалося звязацца з партызанамі, яны сталі перадаваць у атрад розныя дадзеныя аб немцах.
— У 1942 годзе гітлераўскія акупанты вельмі лютавалі, — працягвае свой расказ ветэран, — сталі вывозіць моладзь у Германію. Таму мы з сёстрамі вырашылі пайсці ў партызанскі атрад, але, на жаль, адну з сясцёр схапілі і вывезлі на Нямеччыну. З другой сястрой мы апынуліся ў партызанскім атрадзе №277 пад камандаваннем Ігната Ізоха. Жылі ў зямлянках, у кожнай з якіх знаходзілася каля 30 чалавек.
Васіль Буслаў у партызанскім атрадзе быў у групе падрыўнікоў.
— У асноўным хадзілі на чыгунку Бабруйск—Асіповічы, дзе ўзрывалі варожыя цягнікі.
Пазней Васіля Антонавіча назначылі камандзірам мінамётнага аддзялення. Разам з таварышамі часта даводзілася рабіць засады, пасля сутычак з немцамі запас зброі ў палку папаўняўся новымі трафеямі.
— Аднойчы, — расказвае далей Васіль Антонавіч, — давялося нам выйсці на баявое заданне на чыгунку, разам з намі ўдзел у аперацыі прымала і група кіраўскіх хлопцаў. І вось калі мы ўжо амаль дайшлі да Асіповіч, з’явіліся фашысты, завязаўся бой. Ворагі паспрабавалі ўзяць нас у кальцо, але мы змаглі выйсці з акружэння і пераправіцца цераз Беразіну, а кіраўскую групу ўзялі ў палон і потым усіх расстралялі…
28 чэрвеня 1944 года партызанскі атрад злучыўся з часцямі Чырвонай Арміі 323-й Бранскай стралковай дывізіі, разам вызвалялі Мінск, Гродна, іншыя населеныя пункты. У баях за вызваленне Польшчы Васіль Антонавіч амаль не загінуў. Іх было ў групе трое, першым загінуў маладзенькі лейтэнант, у наступнае імгненне побач рухнуў на зямлю другі з іх групы, Васіль жа спачатку нічога не зразумеў, апрытомнеў ён ужо ў шпіталі.
Пасля выпіскі Васіль Буслаў трапіў у 418-ы полк сувязі, затым у 109-ы асобны Ваўкавыскі Чырвонасцяжны ордэна Аляксандра Неўскага полк сувязі. На вызваленай ад фашыстаў зямлі байцы гэтага палка займаліся рамонтам і ўстаноўкай мастоў, кабельных ліній. Памятае Васіль Антонавіч, як аднойчы давялося ехаць на цягніку амаль два тыдні, каб адрамантаваць мост у Днепрапятроўску.
Перамогу Васіль Антонавіч сустрэў у Мінску, з гэтай нагоды ён атрымаў 9-дзённы водпуск, падчас якога змог паехаць дадому, каб сустрэцца са сваімі бацькамі, братам і сёстрамі.
Дэмабілізаваўся Васіль Буслаў 28 лютага 1947 года. Яго баявы шлях адзначаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 1-й ступені, медалём “За адвагу” і інш.
Сваю мірную стваральную працу пачаў Васіль Антонавіч у якасці начальніка піянерскага лагера, які размяшчаўся ў Бабруйскім раёне. Затым была вучоба на курсах рэвізораў у Мінску, потым у Маскоўскім інстытуце гандлю імя Пляханава, дзе скончыў два курсы. У 1948 годзе яго накіроўваюць на работу ў Кіраўск. Сюды ён прыехаў разам з жонкай, Валянцінай Іванаўнай, якую запрасілі на работу ў СШ№1 настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. З гэтага моманту жыццё Буславых цесна звязана з Кіраўшчынай.
Значны адрэзак працоўнага шляху Васіля Антонавіча быў прысвечаны выкладчыцкай рабоце. Спачатку быў настаўнікам у Міхалёўскай школе Бабруйскага раёна, калі перавёўся ў наш раён, то вы-кладаў у Капусцінскай школе, а затым у СШ№1. У 1952 годзе ён паступае на завочнае аддзяленне ў Гомельскі педінстытут імя Чкалава на гістарычны факультэт. У 1960 годзе Васіль Буслаў становіцца дырэктарам Кіраўскай вячэрняй школы рабочай моладзі. Гэтай рабоце ён прысвяціў 25 год свайго жыцця. Васіль Антонавіч і зараз, перабіраючы фотаздымкі тых гадоў, памятае прозвішчы сваіх вучняў, асабліва тых, хто скончыў вячэрнюю школу з медалямі.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак В.А.Буслаў амаль 9 год узначальваў раённую грамадскую арганізацыю “Беларускае таварыства інвалідаў”. Працоўны шлях Васіля Антонавіча адзначаны медалём “За доблестную працу”, шматлікімі граматамі і дыпломамі.
Ёсць у сям’і Буславых усе падставы ганарыцца сваімі дзецьмі і ўнукамі. Выраслі яны людзьмі адказнымі і працавітымі. Дачка пайшла па шляху бацькоў, выкладае ў гімназіі замежную мову, сын стаў інжынерам. Адно толькі засмучае, што дзеці далёка жывуць ад роднага дома: Уладзімір — у Севастопалі, а Вера — у г.Троіцкім, што пад Масквой. Але яны часта тэлефануюць бацькам і, па магчымасці, наведваюцца. Вось і сёлета ўся вялікая і дружная сям’я Буславых плануе сустрэцца за святочным сталом, каб павіншаваць сваіх самых дарагіх людзей: 2 лютага адзначыла дзень нараджэння Валянціна Іванаўна, а сёння — юбілей у Васіля Антонавіча.
Зычым ім здароўя, доўгіх гадоў жыцця, ба-дзёрасці і сямейнай пяшчоты!
Гутарыла
Людміла СЯМЁНАВА.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.