Кіраўшчына ў маім жыцці

Сёння Кіраўскі раён адзначае чарговую, 78-ю гадавіну з дня свайго заснавання. Пройдзены час у памерах гістарычнай эпохі не такі значны. Але для жыцця насельніцтва раёна — адметны. Зроблена нямала: практычна на пустым месцы вырас сучасны горад са шматпавярховымі дамамі, патанаючы ў зеляніне дрэў вуліцамі, развітай інфраструктурай. Дынамічна развіваецца і Кіраўскі раён. Тут жывуць і працуюць тысячы шчырых, працавітых, улюбёных у свой край грамадзян.
Да некаторых з іх напярэдадні дня нараджэння раёна мы звярнуліся з пытаннем: “Якое месца ў іх жыцці займае Кіраўшчына?” І вось якія адказы атрымалі:

Валянцін ГЕРАСІМОВІЧ,
ветэран працы, а/г Жылічы:

— Сваё стаўленне да Кіраўшчыны мне хацелася б выказаць словамі знакамітай песні, якуя я крыху пераклаў: “Я этим районом взращен и храним, и провиниться перед ним не дай мне Бог…».
Усё маё жыццё прайшло на гэтай зямлі — тут я нарадзіўся, закончыў школу, Жыліцкі тэхнікум, а пасля вучобы ў Беларускай сельгасакадэміі вярнуўся на Кіраўшчыну працаваць.
Станаўленне раёна праходзіла практычна на маіх вачах. Памятаю, як складана было ў пасляваенныя гады, колькі намаганняў было прыкладзена для таго, каб жыццё стала лепшым. І, канешне ж, немагчыма параўнаць сучасны раён з тым, якім ён быў, напрыклад, у 60-я гады: не было дарог, не хапала транспарту, школ і дзіцячых садкоў.
Калі ўзначальваў раён, значную ўвагу надавалі добраўпарадкаванню вуліц, было заасфальтавана шмат дарог. А будаўніцтва дзіцячага садка №3 і сёння лічу адным з правільных рашэнняў, было знята вострае пытанне з забеспячэннем юных кіраўчан месцамі ў дашкольных установах.
Радуе мяне, як сельскага жыхара, стварэнне аграгарадкоў. Гэта дало нашым вёскам новы жыццёвы імпульс. Лічу, што не трэба прыпыняцца ў гэтым накірунку, а і далей ствараць умовы для таго, каб у моладзі было жаданне жыць і працаваць на зямлі.
Мяне, як карэннага жыхара раёна, вельмі радуе, што, дзякуючы дапамозе дзяржавы, вядзецца маштабная рэканструкцыя Жыліцкага палацава-паркавага ансамбля, які з’яўляецца жамчужынай нашага краю.
Прыемна, што наш раён у мінулым годзе атрымаў 1-е месца ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў”. Ды і ўвогуле, усё часцей прадстаўнікі раёна сваёй самаадданай і руплівай працай услаўляюць Кіраўшчыну.
Я ганаруся, што нарадзіўся, вырас, працаваў і зараз жыву на гэтай слаўнай зямлі — Кіраўшчыне. Хочацца, каб і надалей паляпшаўся дабрабыт нашага народа, моладзь была адукаванай і патрыятычна настроенай, а раён славіўся новымі дасягненнямі!
Аляксандр Жураўскі,
інспектар дpяржпажнагляду РАНС:

— Я нарадзіўся і вырас у Кіраўску. Памятаю, як у дзяцінстве з аднакласнікамі прыходзілі са школы, пераапраналіся і на вуліцу гуляць хутчэй беглі, усе закуточкі ведалі.
Пасля заканчэння СШ № 1 паступіў у Гомельскі інжынерны інстытут МНС. Потым быў накіраваны па размеркаванні ў Пухавіцкі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях інспектарам дзяржпажнагляду. Але вельмі сумаваў па роднай зямлі, душа мая, як гаворыцца, імкнулася туды, дзе я нарадзіўся і вырас, да знаёмых месцаў, сяброў, блізкіх. Таму як толькі ў Кіраўскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях з’явілася вакантная пасада інспектара,перавёўся сюды. І вось ужо больш года працую ў родным горадзе. І з таго часу ні разу аб гэтым не пашкадаваў. Родныя сцены заўсёды дапамагаюць. Ды і людзі тут ветлівыя, спагадлівыя, добразычлівыя. Ніколі не пакінуць у бядзе, заўсёды зразумеюць. За той час, што я ведаю гэты горад, магу сказаць, што Кіраўск вельмі змяніўся ў лепшы бок. Гэта праяўляецца не толькі ў знешнім абліччы, якое становіцца ўсё больш прывабным, тут таксама паспяхова развіваюцца ўсе галіны эканомікі сацыяльнай сферы. І я ўпэўнены, што мой родны горад з кожным годам будзе станавіцца ўсё больш прыгожым і камфортным для пражывання. У большасці сваёй мае сябры дзяцінства раз’ехаліся ў буйныя гарады, але ёсць і тыя, хто застаўся тут, тыя, для каго шчасце жыць на роднай зямлі даражэй і бліжэй «агнёў вялікага горада».
Рыгор Куцілкін, ветэран
Вялікай Айчыннай вайны:

— Усё дзяцінства маё прайшло непадалёк ад берагоў Волгі, у горадзе Самара. Але потым лёс мяне звязаў з Беларуссю, а дакладней — з Кіраўшчынай, куды ў 1954 годзе я быў накіраваны працаваць дырэктарам гарадскіх электрычных сетак. Разам са мной у Кіраўск пераехалі жонка і дзеці. На працягу 26 гадоў узначальваў электрычныя сеткі раёна. Хоць, па праўдзе, на пачатку маёй работы сетак гэтых тут фактычна і не было. Адзінае, што давала напружанне, гэта лакамабіль на льнозаводзе, дзе стаяў адзін трансфарматар, ад якога асвятляліся бліжэйшыя домікі. Паступова на маіх вачах электрыфікаваўся ўвесь горад, затым былі пабудаваны падстанцыі ў Жылічах, Любонічах, Добасне, узведзена Чыгірынская ГЭС.
Прыгадваю выпадак, які адбыўся праз некаторы час пасля майго прыезду ў Кіраўск.Год дакладна не памятаю, але здарыўся ў Беларусі наймацнейшы павадак. Чыгірынскай ГЭС яшчэ не было, а адзіная электралінія, ад якой сілкаваліся Кіраўскі і Клічаўскі раёны, ішла праз раку Бярэзіна. І павадкам яе разбурыла. Я звярнуўся тады за дапамогай да вайскоўцаў у Бабруйскі гарнізон. Як цяпер памятаю, — танкі, якія плавалі па вадзе… А лінію мы аднавілі!
Зразумела, калі параўноўваць Кіраўск «тады» і «цяпер», то гэта, як гаворыцца, “неба і зямля”. Замест сучасных гандлёвых кропак стаяў драўляны домік, дзе прадавалі ў асноўным хлеб, соль, цукар. Усе будынкі былі драўлянымі: і райвыканкам, і Дом культуры. Першы цагляны двухпавярховы дом быў пабудаваны недалёк ад цяперашняга магазіна «Селянін».
Паступова Кіраўск рос і развіваўся, і цяпер ужо нават і не верыцца, што калісьці літаральна ў двухстах метрах ад свайго дома па вуліцы Валадарскага хадзіў на балота страляць качак…
Іна ІВАНІЦКАЯ, загадчык аддзела ЗАГС райвыканкама:
— Кіраўшчына — гэта самы прыгожы куток на зямлі, мая малая радзіма. Тут я нарадзілася, закончыла школу, стварыла сям’ю і выхавала сына, тут і працую. Перамены, якія адбываюцца ў апошнія гады, не могуць не радаваць. Горад прыгажэе на вачах, становіцца больш утульным і кветнеючым, новае аблічча набываюць вуліцы і будынкі.
У прыватнасці, праведзена рэканструкцыя памяшканняў будынка ЗАГСа, якія пасля рамонту набылі па-сапраўднаму шыкоўны выгляд. Хочацца, каб парог ЗАГСа перакрочвала як мага больш шчаслівых пар, каб з кожным годам павялічвалася колькасць маленькіх жыхароў раёна.
Дарэчы, на працягу апошніх некалькіх год у нас назіраецца павелічэнне колькасці нованароджаных, лічу гэта добрай прыкметай таго, што раён будзе жыць і развівацца!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.