“Маршал” першай школы

У мінулым годзе абкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праводзіўся конкурс творчых работ “Раскажы аб ветэране”. У намінацыі “педагогі” першае месца на раённым этапе конкурсу, а потым і ў вобласці заняла работа намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце СШ№1 Алены Каваленка, прысвечаная ўраджэнцу Кіраўшчыны, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, былому завучу СШ№1 І.М.Дашкевічу. Друкуем творчую работу ў скарочаным варыянце.
Як і ва ўсялякай іншай, у нашай прафесіі ёсць выпадковыя людзі, ёсць працаўнікі, а ёсць Настаўнікі ад Бога. Такім быў і Іван Мікалаевіч Дашкевіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце СШ№1.
На жаль, як гэта часта бывае, мы не цэнім таго, што побач з намі жывуць і працуюць цікавыя людзі. Спадзеючыся на сваю памяць, не фіксуем іх успаміны, не запісваем выказванні, не збіраем парады, методыкі.
Вось і атрымалася так, што калі пайшоў з жыцця гэты цудоўны чалавек, вялікі педагог, разам з ім пайшоў і яго свет. А засталіся скупыя біяграфічныя звесткі, успаміны людзей, якія яго ведалі, асабістыя ўражанні. Праўда, калі дадаць да ўсяго гэтага яго вучняў, іх энергію, дасягненні і жыццёвыя прынцыпы, то ўтворыцца свет, у якім камфортна жыць, працаваць і гадаваць дзяцей.
Нарадзіўся І.М.Дашкевіч 9 лютага 1921 года ў в.Валосавічы. Дзяцінства, як і ва ўсіх рабят таго часу, было насычана працай: дапамагаў бацькам расціць хлеб, пасвіў жывёлу. Сям’я была мнага-дзетнай, аднак выгадаваліся толькі двое: ён і сястра.
Імкненне да ведаў прывяло юнака пасля заканчэння 4 класаў Валосавіцкай пачатковай школы ў Мышкавіцкую сямігодку, а потым — Кіраўскую СШ, якую ён закончыў у 1938 годзе, стаўшы адным з дзевяці першых яе выпускнікоў.
Працягваючы сваю адукацыю, Іван Дашкевіч паступае ў Гомельскі дзяржаўны інстытут імя Чкалава. У 1941 годзе ўстанова была эвакуіравана ў г.Горкі (Ніжні Ноўгарад). Таму заканчвае ён ужо Горкаўскі педінстытут па спецыяльнасці руская мова і літаратура і адразу ж прызываецца ў армію, атрымлівае накіраванне на работу ў якасці выкладчыка Кастрамскога вышэйшага артылерыйскага вучылішча. Аднак перспектыва работы ў тыле не прываблівае. Ён піша рапарт за рапартам і ў 1943 годзе атрымлівае станоўчы адказ: яго накіроўваюць на Ленінградскі фронт.
Служыць давялося ў 129-м артылерыйскім палку, які знаходзіўся на Арыенбаўмскім “пятачку”, вёў контрбатарэйныя баі. Задача была пастаўлена дакладна: знішчыць гарматы, якія абстрэльвалі Ленінград. Пасля зняцця блакады разам са сваім палком вызваляў ад фашысцкіх захопнікаў рэспублікі Прыбалтыкі.
З баявымі ўзнагародамі — ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём “За абарону Ленінграда”, “За перамогу над Германіяй”, “За зняцце блакады Ленінграда” — Іван Мікалаевіч пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родны раён і стаў працаваць настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Паўлавіцкай СШ.
А, пачынаючы з 1950 года, трыццаць тры гады свайго жыцця ён прысвячае СШ№1.
Шо ж гэта быў за чалавек, завуч самай вялікай у раёне школы?
Сярэдняга росту, каранасты, хуткі, з кучаравымі валасамі і дакладнымі рысамі твару, на якім запамінальнымі — сапраўднымі, мужчынскімі — былі вочы: пранізлівыя, усё чытаючыя і разумеючыя, добрыя, са схаванай іскрынкай гумару. Як сярод вучняў, так і ў педагагічным калектыве дысцыпліну і парадак ён усталёўваў імгненна адным толькі позіркам. Словы былі не патрэбныя, нават здаваліся лішнімі пад сілай яго ўважлівых вачэй, строгіх і добрых адначасова.
Не памятаю, каб ён крычаў ці нават павышаў голас. Гаварыў заўсёды спакойна, але вельмі пераканаўча, умела карыстаючыся зменай інтанацыі і пауўзамі. І часта яго маўчанне было больш дзейсным, чым чыісьці павучанні. Нават нашы адчайныя “двоечнікі” і парушальнікі дысцыпліны, калі траплялі да Івана Мікалаевіча, моцна чырванелі, губляліся, маўкліва схілялі галовы.
Ён быў тонкім псіхолагам і цудоўным стратэгам. Перш, чым зрабіць даручэнне, усё ўзважваў, улічваючы здольнасці, вопыт і характар чалавека. Іван Мікалаевіч кіраваў калектывам школы, нібы палкаводзец сваім войскам. Па сіле ўплыву на людзей, ступені даверу і павагі, думаю, яго можна параўнаць з маршалам Жукавым.
Часта, калі ішлі ўрокі, можна было чуць спакойныя і упэўненыя крокі па школьным калідоры. Гэта Іван Мікалаевіч рабіў свой традыцыйны абход. Такая прагулка дазваляла яму быць у курсе таго, што адбывалася ў школе, назіраць за ходам урокаў. Прыпыняючыся каля дзвярэй класа, ён прыслухоўваўся, іншы раз усміхаўся, задаволена ківаў галавою, іншы раз хмурыўся, заходзіў ці толькі прыадчыняў дзверы ў класны пакой — гэтага было дастаткова, каб тут усталяваліся цішыня і рабочая атмасфера. Настаўнік з такога класа потым запрашаўся на гутарку, але будавалася яна часцей за ўсё на мудрых парадах, а не на папроках і ўшчуваннях.
Асаблівага захаплення і павагі заслугоўвае той факт, што кожнага вучня школы (а іх у класе было да 40 чалавек, у паралелі — 80) завуч ведаў не толькі па імені і прозвішчы, але мог і ахарактарызаваць. А ўсё таму, што яго цікавіла ўсё: вучоба, праца, захапленні дзяцей, кола сяброў, становішча ў сям’і. Што б ні наладжвалася ў школе — урачыстае мерапрыемства з нагоды знамянальнай падзеі, спартыўныя спаборніцтвы, конкурс ці вечарына — Іван Мікалаевіч заўсёды знаходзіў магчымасць папрысут-нічаць. Абавязковым вынікам візіту была адзнака работы і слушная парада, калі такая патрабавалася.
Быў у нашага завуча адзін характэрны жэст: ён любіў сціскаць далоні нібы для сяброўскага прывітання, і інтэнсіўна паціраць рукі. Гэта азначала, што Іван Мікалаевіч знаходзіцца ў добрым настроі і гатовы абмяркоўваць штосьці прыемнае. Нават урок пачынаў з гэтага жэста: вельмі любіў сваю настаўніцкую справу.
Не кожны настаўнік здольны сумленна сказаць свайму вучню, што чагосьці не ведае. Прыгадваю выпадак, які адбыўся падчас выпускнога экзамена. Мы пісалі сачыненне, і я выбрала свабодную тэму. Работа ладзілася, і даволі хутка я стала перапісваць сачыненне начыста. Тут да мяне падыйшоў Іван Мікалаевіч, стаў чытаць напісанае. Раптам крыху захваляваўся, прапанаваў мне выйсці, крыху адпачыць. Калі я вярнулася, ён аддаў мне сшытак і сказаў, што ўсё тут правільна. Як высветлілася, сумненні ў яго выклікаў адзін дакументальны факт, прыведзены ў рабоце. Завуч вельмі проста, з вясёлай іроніяй да сябе сказаў: “А я і не ведаў гэтага, схадзіў у школьную бібліятэку — усё пацвердзілася!”. Зараз, калі я сама настаўнік, сумленна кажу вучням, калі ў чымсьці сумняваюся, прашу даць час на ўдакладненне матэрыялу і стараюся даваць толькі правераныя факты. Гэтаму я навучылася ў Майстра.
У Івана Мікалаевіча вучыліся і яго калегі-настаўнікі, і шматлікія вучні. Для іх ён быў своеасаблівым эталонам. Калі скласці разам прафесіяналізм гэтага педагога, любоў да дзяцей, талент страцега, адданасць і самаахвярнасць у служэнні абранай справе, то атрымаецца тое, што дазваляла яму кіраваць адным з самых зладжаных і дружных калектываў. Магчыма, фундамент, закладзены І.М.Дашкевічам, трымае СШ№1 на дастойных пазіцыях і па сённяшні дзень. І гэта невыпадкова: трэцяя частка педкалектыву — выпускнікі школы, многія — яго вучні або вучні тых, каго вучыў. Так, працоўных вышынь дасягае калектыў, але магчымым гэта становіцца толькі пры правільна зададзеным напрамку і мудрым кіраванні. Як бой выйграе палкаводзец, так і сутнасць школы вызначае кіраўнік.
Да 1983 года верай і праўдай служыў сваёй школе І.М.Дашкевіч. Яго адданасць справе адзначана медалём “За працоўную навучальную дзейнасць”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, значком “Выдатнік народнай асветы”, граматамі раённага і абласнога значэння. Але самая высокая ўзнагарода – любоў і памяць вучняў і калег, якая жыве і працягваецца імі ў служэнні прафесіі, якой ён прысвяціў жыццё. І хаця яго ўжо няма з намі, мы шчаслівыя, што такі чалавек быў побач. Гэта вялікая ўдача — сустрэць Настаўніка, які вучыць дабрыні, справядлівасці, сумленнасці і адказнасці. Вучыць быць Чалавекам!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.